Адзіная...

“Бацька прысвячаў маці любоўныя вершы і казаў, што яна вартая дзесяці тысяч іншых жанчын”, — успамінае сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч

“Бацька прысвячаў маці любоўныя вершы і казаў, што яна вартая дзесяці тысяч іншых жанчын”, — успамінае сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч

Жонкі вялікіх людзей, маці іх нашчадкаў, захавальніцы сямейнага ачага, хутаючыся ў цяпло якога стваралі іх знакамітыя мужы, — што мы ведаем пра лёс гэтых жанчын?

Пра іх мары, радасці і смутак, няздзейсненыя надзеі і таемныя жаданні? Яны нібы знікаюць, распускаюцца ў больш яркай, моцнай асобе таго, хто аднойчы і назаўсёды стаў для іх сэнсам жыцця. І калі іх імёны становяцца вядомымі школьнікам, значыць, яны альбо набылі сабе сумнеўную славу Наталлі Ганчаровай (Пушкінай), альбо сталі актывісткамі-грамадзянкамі, падобна жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч.

“Быть женщиной — великий шаг, сводить с ума — геройство!” — пісаў Пастарнак. Але большасць мужчын называюць геройствам зусім не фатальную здольнасць прадстаўніц прыгожага полу кружыць галовы сваім кавалерам. Па-сапраўднаму каштоўна іншае — мастацтва чараўніцы быць не толькі музай ці палюбоўніцай, але яшчэ і сябрам, дарадцам, самым блізкім і родным чалавекам, з якім шчасце не толькі засынаць, але і прачынацца, гадаваць дзяцей, дзяліцца набалелым і радавацца кожнаму новаму дню, праведзенаму разам.
Менавіта такой жанчынай для нашага вялікага пісьменніка Якуба Коласа стала яго жонка, Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч, у дзявоцтве Камінская.

— Мае бацькі пазнаёміліся ў 1912 годзе, калі Колас чытаў лекцыі ў прыходскім вучылішчы Пінска, куды прыехала маладая настаўніца, ураджэнка Ашмянаў, Маруся Камінская, — успамінае сын класіка, доктар тэхнічных навук, майстар спорту БССР па спартыўнай стральбе Міхась Канстанцінавіч. — У Коласа да таго часу ўжо выйшаў першы зборнік вершаў “Песні жальбы”. Як адзін з ініцыятараў склікання нелегальнага настаўніцкага з’езду ён адсядзеў тры гады ў мінскай турме, такім чынам, быў загартаваным трыццацігадовым чалавекам. Але ва ўсім, што датычыцца стасункаў з жанчынамі, заставаўся нясмелым, сарамлівым, рамантычным. Мама адрознівалася больш настойлівым, прабіўным характарам. Калі нешта для сябе вырашала, была непахісная. Потым, праз шмат гадоў, смеючыся, распавядала, як на яе глядзеў лектар Міцкевіч. Яна і вочы апускала долу, і чырванела, але варта было толькі ўзняць галаву, зноў бачыла на сабе яго погляд. Мама была вельмі мілавідная, з вялізнымі вачыма. Сярод яе продкаў — немцы, бабку звалі Генрыета Луіза Гогенлоэ... Колас год не наважваўся зрабіць маме прапанову. Кранальна праводзіў дадому... і на гэтым справа сканчвалася. Вось Маруся і вырашыла, што далікатнасць далікатнасцю, але прыйшоў час браць справу ў свае рукі. Аднойчы ў час ужо традыцыйнай вячэрняй прагулкі задала, як той казаў, пытанне ў лоб: “Кастусь, можа, мы ажэнімся?” І атрымала згоду. Распісаліся, сталі жыць разам. І за трыццаць два гады шлюбу сур’ёзна не пасварыліся. Спрачацца маглі, але не больш. Вось так яно бывала, у тыя часы...

— Марыя Дзмітрыеўна ў Канстанціна Міхайлавіча — першае каханне?

— Была да яе адна паненка, якой ён прысвяціў некалькі вершаў, звалі яе Ядвіся. Але пра яе мала што вядома... Маме бацька таксама пісаў вершы. У яго была такая запісная кніжачка, якую Марыя Дзмітрыеўна аднойчы знайшла і строгім голасам спытала: “Кастусь, што гэта?” Колас засаромеўся, пачаў апраўдвацца: “Дык гэта ж я табе, Маруся, прысвяціў...” Яна ў адказ: “Гэта я ведаю. Ты мне скажы, чаму тут няма ніводнага верша, які б ты напісаў пасля нашага шлюбу?” Незвычайна мудрая жанчына, мама разумела, што творчаму чалавеку неабходныя любоўныя перажыванні, душэўныя ўздымы, расчараванні. І ў бацькі здараліся захапленні. Ён сам потым распавядаў нам, ужо дарослым сынам. Улюбляўся, як улюбляліся паэты галантнага стагоддзя, калі само гэта паняцце “захапленне” азначала значна большае, чым проста некалькі праведзеных разам начэй. Але ніколі жонцы не здраджваў. Увогуле ў яго было стаўленне да жанчыны як да Мадонны. Не так даўно да мяне прыстала адна маладая журналістка, маўляў, давайце напішам аб Коласе з пазіцыі сэксу. Я не ханжа, але ад пачутага стала непрыемна. У бацькі ніколі не было такіх прымітыўных поглядаў на адносіны паміж закаханымі. І маму ён кахаў па-сапраўднаму.

Ім, магчыма, спачатку было няпроста прывыкнуць адзін да аднаго. Дзевяць гадоў розніцы ва ўзросце, ён — негаманлівы, сарамлівы, яе ніхто ніколі не вучыў ніякай хатняй працы. Але — каханне, каханне... Дзеля бацькі мама была гатовая на ўсё. Колькі яны ўсяго перажылі — і жабрацкае існаванне ў вёсках Курскай вобласці ў перыяд Першай сусветнай вайны, калі Колас дэмабілізаваўся з войска па стане здароўя, і складаныя, супярэчлівыя, грозныя трыццатыя гады, калі аднаго за адным расстрэльвалі добрых знаёмых нашай сям’і, і жыццё ў эвакуацыі ў час Вялікай Айчыннай, вестка пра гібель сына Юркі... Але заўсёды і ўсюды маці для бацькі стварала ўсе ўмовы. Калі Колас працаваў, у доме стаяла таямнічая цішыня. Яна разумела, што не пісаць муж не зможа. І дапамагала яму як магла — прымудрылася ствараць утульнасць нават у маленечкім пакойчыку, які ў 1920 годзе маладая сям’я з чатырох чалавек дзяліла яшчэ і з хворай бабуляй, чый ложак стаяў за шырмай і адкуль дзень і ноч чуліся стогны... Навучылася выдатна гатаваць. Прычым для бацькі, у якога была язва страўніка яшчэ з часоў службы ў царскай арміі, прадукты гатаваліся асобна. Усё вываранае ці на пары, прыём ежы ледзь не па гадзінах. І да 1939 года мама свайго дамаглася: язва ў Коласа зацягнулася.

— Якой Марыя Дзмітрыеўна была ў побыце? Строгай, ласкавай, смяшлівай? Як яе ўспрымалі шматлікія сябры вашага бацькі?

— Яе вельмі паважалі. Асабліва Янка Купала. Яго жонка, Уладзіслава Францаўна, была жанчынай даволі жорсткай, актыўнай, энергічнай. Не хацела дзяцей. Купала вельмі перажываў з гэтай нагоды. І сыноў Коласа любіў, як сваіх. Аб Марыі Дзмітрыеўне адзываўся з вялікім пачуццём. Яна ж, нягледзячы на тое, што ўсё жыццё прысвяціла сям’і, ніколі не была замкнёнай. Любіла нашы “капуснікі”, калі ў дом прыходзілі Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Міхась Лынькоў і іншыя знакамітасці. Часта спявала рамансы, у яе быў выдатны слых.  Добра ведала не толькі беларускую, але і рускую літаратуру. Зачытвалася Пушкіным, Шолахавым, Гогалем. А бацька, да прыкладу, многія байкі Крылова дэкламаваў на памяць... Яшчэ мама ўмела ладзіць з моладдзю. Да яе цягнуліся нашы з братамі сябры, сваякі, малодшыя за яе на многія дзясяткі гадоў. Шмат каму яна дапамагала, кагосьці вывела ў жыццё. Гэта быў парыў чыстай душы, і яна заўсёды да яго прыслухоўвалася. Неяк у Ташкент да Коласа, які знаходзіўся ў эвакуацыі, зазірнуў Пятрусь Броўка. У зашмальцаванай, дзіравай форме. І калі яны вырашылі выйсці ў горад, Марыя Дзмітрыеўна катэгарычна загадала Петрусю апрануць нешта з рэчаў мужа. А сама за гэты час, пакуль яны адсутнічалі, памыла ўсю адзежу госця, зашыла і нават адпрасавала. Броўка тады ёй руку пацалаваў...

Але пры ўсёй шырыні яе душы ў хаце яна падтрымлівала строгі парадак. А 11-й гадзіне вечара — дзверы на засаўку. Неяк не заведзена было абмяркоўваць з ёю свае падлеткавыя сардэчныя праблемы. Не таму, што яна саромелася гаварыць на такія тэмы. Проста галоўным для сыноў, з яе пункту гледжання, было атрымаць годную адукацыю. А астатняе прыйдзе само... Так і здарылася з часам.

— Дзеці навучыліся ў бацькоў шанаваць сямейнае шчасце?

— Анягож! Яны былі для нас прыкладам ва ўсім. Калі адзначалі 25-годдзе з дня іх вяселля, брат Юрка падняў чарку за бацькоў і сказаў, што за чвэрць стагоддзя ніхто ні разу не пачуў, як яны сварацца. Я запомніў тыя словы. І цяпер, калі даводзіцца падымаць тосты за шчасце маладых — ці то дзеці, унукі, проста знаёмыя або сябры, — заўсёды кажу: жадаю вам пражыць так, каб ніхто і ніколі не чуў, як вы сварыцеся...

Мама памерла, калі ёй было ўсяго пяцьдзясят чатыры. Запаленне лёгкіх, абсцэс, а лекары былі ўпэўненыя, што ў яе рак... На дварэ стаяла вясна 1945 года. Так атрымалася, што за час вайны наша сям’я асірацела двойчы. Спачатку Юрка, апошні ліст з фронту ад якога прыйшоў незадоўга да наступлення немцаў на Маскву, потым мама. Бацька вельмі цяжка перажываў страту. Яна была для яго ўсім. У двары дома, дзе мы жылі, Кастусь пасадзіў чатыры дубы, назваўшы іх па імёнах мужчынскай паловы членаў сям’і — Даніла, Юрка, Міхась, Колас. І адну бярозку Марусю — у памяць пра маму. Потым да самай сваёй смерці ён паўтараў: “Яна адзіная. На дзесяць тысяч іншых жанчын...”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter