Адышоў з жыцця Лявон Шакавец

Памёр галоўны рэдактар газеты беларусаў Латвіі “Прамень” — ураджэнец Беларусі, грамадзянін Латвіі, журналіст, член праўлення Беларускага таварыства “Прамень” і Саюза беларусаў Латвіі
24 кастрычніка не стала Лявона Шакаўца. Памёр галоўны рэдактар газеты беларусаў Латвіі “Прамень” — ураджэнец Беларусі, грамадзянін Латвіі, журналіст, член праўлення Беларускага таварыства “Прамень” і Саюза беларусаў Латвіі.

Ён нарадзіўся 8 жніўня 1935 года ў вёсцы Хаўхоліца Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, закончыў Беларускі дзяржуніверсітэт (1965), з 1967-га працаваў на розных пасадах у газеце “Советская Латвия”. Лявон Шакавец актыўна займаўся культурна-грамадскай дзейнасцю. Удзельнічаў у імпрэзах, абрадавых святах, якія ладзіць суполка “Прамень”, спяваў у ансамблі “Надзея”. Выступаў з артыкуламі на старонках газеты “Прамень”, прымаў актыўны ўдзел у выставах “СМІ ў Беларусі”. За плённую працу па развіцці беларускага друку ў Латвіі ў 2004 годзе ён быў ушанаваны Ганаровым знакам “Выдатнік друку Беларусі”, Ганаровай граматай Савета міністраў Беларусі — у 2005 годзе, памятным медалём Урада горада Масквы ў гонар 100-годдзя Міхаіла Шолахава — у 2006 годзе, а таксама медалём Францыска Скарыны.

У 1994 годзе Лявон Шакавец быў вылучаны на пасаду галоўнага рэдактара газеты “Прамень”. Выданне актыўна спрыяе самаідэнтыфікацыі беларусаў, іх паяднанню на карысць пашырэння беларускай культуры, паглыбленню ведаў пра Беларусь, традыцыі беларусаў. Газета “Прамень” стала, як казаў сам Лявон Рыгоравіч, “люстэркам жыцця беларускай дыяспары Латвіі”. Імя Лявона Шакаўца і яго плённая праца на карысць Бацькаўшчыны застануцца ў гісторыі беларускага руху ў Латвіі.

Выказваем шчырыя спачуванні ў сувязі з велізарнай стратай родным і блізкім Лявона Рыгоравіча, яго сябрам з Беларускага таварыства “Прамень” горада Рыгі, Саюза беларусаў Латвіі — усім, хто ведаў гэтага цудоўнага чалавека. Светлая яму памяць.

Праўленне Саюза беларусаў Латвіі

Голас Радзімы № 41 (3497), чацвер, 3 лістапада, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter