Адвечная песня Радзіме

II Міжнародны фестываль пейзажа ўрачыста адкрыўся ўчора ў мастацкай галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Мастацкі форум прысвечаны Віталю Цвірку, народнаму мастаку Беларусі.

Пейзажны жанр — адзін з самых старажытных, традыцыйных і разам з тым дэмакратычных, папулярных у выяўленчым мастацтве. Гэтая адвечная песня прызнання ў любові да Радзімы, прыгажосці роднай прыроды з даўніх часоў гучыць у жывапісе, пластыцы, графічных і дэкаратыўных творах мастакоў. Як расказаў карэспандэнту “Народнай газеты” загадчык галерэйна-выставачнага комплексу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Міжнароднай гільдыі жывапісцаў Фёдар Ястраб, фестываль ставіць мэтай раскрыць новыя перспектывы пейзажнага жанру, яго вялікі патэнцыял, здольнасць пастаянна абнаўляцца, акрэсліць сённяшні стан пейзажу і яго месца ў творчасці сучасных мастакоў.
— Існуе меркаванне, што пейзаж — даволі невыразны жанр жывапісу, пазбаўлены аўтарскага “Я”. Катэгарычна не згодны. Гэта мастак ці яго твор могуць быць невыразнымі, жанр — не можа, — падкрэслівае Фёдар Ястраб. — У Нацыянальнай бібліятэцы ўвазе наведвальнікаў прадстаўлена каля дзвюх соцен пейзажаў, выкананых у розных тэхніках: акварэль, алей, акрыл, батык, фота, графіка, калаж; розных стыляў і кірункаў — ад акадэмічнага да абстрактнага. Пейзаж дае надзвычайную прастору для эксперыментаў, і ў сучасным мастацтве існуюць розныя да яго падыходы — ад так званага “пейзажу душы” (настраёвай, абстрактнай карціны) да выкананага ў класічнай пластыцы.
Дарэчы, сімвалічна, што фестываль носіць імя Віталя Цвіркі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, жывапісца, які аднолькава выдатна валодаў тэхнікай малюнка, акварэлі, алейнага жывапісу. Суразмоўца ўпэўнены: супастаўленне, часам даволі нечаканае, розных твораў розных аўтараў у адной экспазіцыі паглыбляе і ўзбагачае веданне і ра-зуменне агульнай карціны мастацтва.
Уласна кажучы, падобны форум пейзажу ў нашай краіне праводзіцца ўжо не ў другі, а ў трэці раз. Упершыню фестываль пейзажа адбыўся ў Беларусі тры гады назад — тады ён яшчэ не быў міжнародным, удзел у ім бралі толькі беларускія мастакі. Ён быў арганізаваны дзякуючы намаганням Міжнароднай гільдыі жывапісцаў і праходзіў у Музеі сучаснага мастацтва. Значна пашырыў геаграфію фестываль восенню мінулага года — тады ён і атрымаў статус міжнароднага: свае работы ў галерэі Нацыянальнай бібліятэкі прадставілі пейзажысты з 12 краін свету. У гэтым годзе побач з выдатнымі беларускімі творцамі — Гаўрылам Вашчанкам, Леанідам Шчамялёвым, Анатолем Бараноўскім, Уладзімірам Кожухам, Фёдарам Ястрабам — у фестывалі пейзажа прымаюць удзел мастакі з Расіі, Украіны, Нарвегіі, Арменіі, Літвы, Сербіі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter