Адвечная песня гліны

Пра ганчарскія традыцыі вёскі Гарадная, што на Століншчыне, цяпер добра ведаюць у Швецыі

Пра ганчарскія традыцыі вёскі Гарадная, што на Століншчыне, цяпер добра ведаюць у Швецыі

Адкуль толькі ні прыязджаюць у гэты палескі куточак госці! Вось і летась на традыцыйны пленэр ганчароў завіталі шведкі Моніка Ёхансан і Элізабэт Холгрын, якія шмат гадоў цікавяцца керамікай. Пабачанае настолькі ўразіла, што, вярнуўшыся дадому, яны ўзяліся за падрыхтоўку выставы, якая прайшла з вялікім поспехам.  А зусім нядаўна ў Гюстаўбергу ўладзілі прысвечаны гараднянскім майстрам семінар.

З вякоў мінулых

Тоіцца паміж былых пустак і балот Століншчыны вёска Гарадная. Між тым на геаграфічных картах Сярэднявечча Гарадная паказана як крэпасць. Першы ўспамін у гістарычных пісьмовых крыніцах пра вёску датуецца 1448 годам — гэта населены пункт, што ўваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, вядомы расійскі даследчык Дзмітрый Ліхачоў лічыў, што ў “Слове аб палку Ігаравым” пад назвай “Гародня” маецца на ўвазе якраз столінская Гарадная, а не цяперашняе Гродна. Тое магло быць праўдай, бо ў ваколіцах Гарадной ёсць узвышша з назвай Замчышча, а “замчышча”, як вядома, — месца, дзе быў замак або крэпасць.

Але з тых сівых часоў і да сёння галоўны гонар Гарадной — яе ганчары. Вырабы гараднянцаў прадавалі ў Пінску, Тураве, Бярэсці, Кіеве і нават у Варшаве ды Кракаве. Па некаторых звестках, у 1579 годзе кароль Стэфан Баторый надаў сваёй граматай Гарадной магдэбургскае права. Гэта азначала, што гарадняне пазбаўляліся ад феадальных павіннасцяў, мелі права выбіраць апарат мясцовага самакіравання, ствараць рамесныя саюзы — цэхі.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Гарадная адышла да Расійскай імперыі. Аўтаматычна ўсе прывілеі былі скасаваныя на карысць панаваўшага тады ў Расіі прыгоннага права. Але ўпартыя і годныя палешукі дайшлі да сталіцы імперыі, Пецярбурга, і адстаялі свае правы, хоць і ў расійскай інтэрпрэтацыі: у пачатку дзевятнаццатага стагоддзя жыхароў Гарадной вызвалілі ад прыгоннай павіннасці і надалі ім статус дзяржаўных сялян. Тады ў Гарадной налічвалі трыста ганчароў. Сёння засталося толькі дзесяць, пяцёра, як і стагоддзі таму, працуюць з глінай.

“Мамзель” побач з “палякам”

Дзясятак гадоў таму з мэтай захаваць ганчарныя традыцыі гэтай зямлі ў Гарадной адкрылі Цэнтр ганчарства. Тут працуе адзіны ў Беларусі музей-майстэрня і школа ганчарства, у якой зараз навучаюцца працы з глінай каля дваццаці падлеткаў. Кіруе цэнтрам Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец.

Галоўнае ў гараднянскай зямлі — яе гліна. У гараднянскіх нетрах утрымліваецца высакаякасная, цяжкаплаўкая каалінавая гліна.  Вырабы, што лепяць з гараднянскай гліны, не баяцца ні спёкі, ні холаду. Вельмі моцныя. 

Мы паступова пазбаўляемся былых савецкіх стэрэатыпаў, быццам да бальшавікоў нашыя сяляне былі недасведчанымі, дурнымі ды забітымі, чытай, грому баяліся. Мы ўжо згадвалі пра магдэбургскае права для гараднянцаў. Цяпер скажам, што прывілеі ўлады ВКЛ давалі не за абы-што. Можна падумаць, што сялянскі ганчар нічога акрамя прымітыўнага гаршка ці гладыша не мог зляпіць. Здабыткі музея ганчарства даказваюць: не так усё проста. Пройдземся ж з экскурсаводам каля паліц з разнастайным посудам.

Вось “слой”. Мабыць, ад яго потым пойдзе сучаснае беларускае слова “слоік” (па-руску — “банка”). У гэтым жа слоі захоўвалі сала, яйкі, ільняное семя, муку і мёд. А вось вялізная “макотра” — літраў на восем каструля з двума вушкамі. Посуд паменей — “адынец”, “злівач”, “сямак”, “гладышак”. Калі пастарацца і ўспомніць матчыну, менавіта матчыну мову, то няцяжка здагадацца, для чаго які гаршчок быў прызначаны ў беларускім побыце. Вось пузаты, ганарлівы “паляк” можа ўмясціць больш як пуд жыта. А зусім побач танкасценны элегантны гаршчочак з назвай “мамзель”. У ім за польскім часам падавалі ў рэстаранах печаныя стравы, простыя ж людзі варылі кашу. У гэтага гаршчочка таксама свая гісторыя. Распавядаюць, падчас вайны з Напалеонам нейкі француз пабачыў, як ганчар лепіць з белай гліны вытанчаны гаршчочак. І не змог стрымаць пачуццяў: о, гэта ж сапраўдная мадэмуазель! Так просты гаршчочак займеў “французскую” назву.

...Нейкае гіпнатычнае ўражанне з’яўляецца, калі назіраеш, як працуе лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” кіраўнік гуртка Аўрам Басавец. Ледзь чутна шорхае ганчарнае кола, колькі хвілін — і вось з бязформеннага камяка гліны выпростваецца пад пальцамі майстра выгібісты глечык. Адным рухам да бачка пасудзіны прыладжваецца вушка. І вось тонкай струною майстар аддзяляе глечык ад круга. Цяпер ён месціцца на пятра — спецыяльную паліцу амаль пад столлю. Калі выраб абсохне, яго пакрываюць палівай. Што гэта? На жорнах мелюць сумесь олава ды свінца і атрыманай кашкай звонку пакрываюць посуд. Потым у двухкамерным горне абпальваюць. Спрадвек ганчарамі былі выключна мужчыны. Жанкам давяралі хіба што гліну капаць.

Бусел у госці да скапы

Сёлета ў другі раз ганчары Гарадной прымалі ўдзел у Міжнародным фестывалі ганчарства, што пяты раз праводзіўся ў горадзе Скапін Разанскай вобласці Расіі. Назву ён атрымаў ад птушкі скапы, што водзіцца ў гэтай мясцовасці. Там гараднянцы сустрэлі земляка з Брэста, які прывёз на фестываль сваю калекцыю “Гараднянскія матывы”.

На прэзентацыі Гарадной сярод экспанатаў з гліны каралём выглядаў той самы шаснаццацілітровы “паляк”, якому споўнілася сто гадоў. Вялікае ўражанне на прысутных зрабіў дакументальны фільм беларускіх кінематаграфістаў, зняты ў Гарадной. Асабліва запомніўся эпізод, дзе зняты Мацвей Пячонка, — ганчар з адной левай рукой. Дарэчы, на фестывалі высветлілася, што старэйшы ганчар Скапіна, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расіі Аляксандр Іванавіч Ражко родам з Пружаншчыны. Такім чынам, братэрства нашых ганчароў і нашых народаў набыло сімвалічную афарбоўку.

Таму і не дзіўна, што на ўрачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю ў Скапіне была падпісана дамова аб братэрскіх стасунках паміж гарадамі Столін і Скапін. Так, тое што не заўсёды ўдаецца палітыкам і бізнесменам, як кажуць, “на раз” робяць рамеснікі-майстры, ганчары, “людзі зямлі і полымя”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter