Адвечная маладосць творчасці

Старэйшаму літаратурнаму выданню Беларусі часопісу “Маладосць” спаўняецца 55 гадоўБольш за паўстагоддзя часопіс “Маладосць” быў кузняй літаратурных кадраў рэспублікі. З “Маладосцю” расло, сталела, выпрацоўвала літаратурны густ не адно пакаленне беларусаў. Першы нумар часопіса выйшаў у сярэдзіне красавіка 1953 года. Планавалася, што “Маладосць” упершыню пабачыць свет у сакавіку, але раптоўна памёр Сталін, і падрыхтаваны да друку нумар давялося тэрмінова перапрацоўваць. Паўстагоддзя таму “Маладосць” адрознівалася ад сучаснай і па памеры, і па фармату, і па зместу: больш нагадвала тагачасны “Огонек” і змяшчала не толькі паэтычныя і празаічныя творы, але і міжнародныя навіны, мела нават спартыўную рубрыку. Ішоў час, часопіс пасталеў, знайшоў свой уласны шлях. І ў рэшце рэшт на доўгія гады стаў у нашай культуры з’явай, значэнне якой цяжка пераацаніць. Напярэдадні юбілею ў гасцях у “НГ” — галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і многіх іншых прэмій Раіса БАРАВІКОВА.

— За 55 год у гісторыі “Маладосці” былі ўздымы і штылі. Як вы лічыце, зараз у часопіса перыяд узлёту? З якімі дасягненнямі прыйшла “Маладосць” да юбілею?
— Думаю, тое, што “Маладосць” жыве больш за палову стагоддзя, ужо само па сабе значнае дасягненне. Асабліва ў наш час, калі новыя выданні з’яўляюцца пастаянна і знікаюць у лепшым выпадку за некалькі гадоў, а то і месяцаў. Наш час парадзіў слова “праект” — усе займаюцца новымі праектамі, усе працуюць над праектамі... Дык вось, “Маладосць” — гэта не праект. “Маладосць” — нешта пастаяннае, тое, што немагчыма адарваць ад нашай літаратуры, увогуле ад нашай краіны. 55 гадоў — гэта вялікі кавалак чалавечага жыцця, значны адрэзак гісторыі дзяржавы. Так павялося, што з першых гадоў існавання часопіса ў яго не было недахопу ў аўтарах — у ім хацелі друкавацца. Але друкавалася заўсёды толькі самае лепшае, што было ў беларускай літаратуры. На старонках “Маладосці” ўпершыню пабачылі свет амаль усе творы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Галоўнымі рэдактарамі “Маладосці” былі Аляксей Кулакоўскі, Пімен Панчанка, Генадзь Бураўкін, Генрых Далідовіч. Працавалі ў часопісе Янка Брыль, Уладзімір Дамашэвіч, Янка Сіпакоў, Леанід Дайнэка, Мікола Гіль, Міхась Стральцоў, Мікола Аўрамчык, Васіль Зуёнак, Анатоль Грачаннікаў, Алесь Асіпенка, Алесь Жук. “Маладосць” адкрыла не адно пакаленне маладых пісьменнікаў і паэтаў, што цяпер сталі залатым фондам нашай літаратуры. Гэта Алесь Разанаў і Яўгенія Янішчыц, Уладзімір Някляеў і Юрка Голуб, Віктар Шніп і Людміла Рублеўская, Мікола Мятліцкі і Алесь Бадак...
І сёння часопіс працягвае быць шляхам у вялікую літаратуру для таленавітай моладзі. Сярод апошніх нашых адкрыццяў — маладая, таленавітая і ўжо вядомая паэтка Вікторыя Трэнас.
— У сваім вядомым вершы Пімен Панчанка сказаў: мы — край паэтаў. На ніве паэзіі (ды і прозы) спрабуюць свае сілы людзі, што абралі ў жыцці іншы прафесійны шлях. Напэўна, да вас такія літаратурныя спробы дасылаюцца пастаянна. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Гэта вельмі складанае пытанне. З аднаго боку, добра, што чалавек, нават далёкі ад літаратурнай творчасці, імкнецца выразіць праз мастацкае слова свае пачуцці. Але павінна існаваць нейкая планка, што вызначае ўзровень літаратуры, яе якасць. У наш час, на жаль, адбылася некаторая дэвальвацыя мастацкага слова і ўвогуле творчага працэсу. У чым прычына, сказаць цяжка. Мне думаецца, справа ў тым, што выдаць тоненькую кніжачку паэзіі сёння каштуе досыць танна. Вось саматужныя аўтары і выдаюць уласныя кнігі за свае грошы, а потым з гордасцю называюць сябе “паэтамі”. Але трэба разумець, што паэзія — гэта не толькі вершаваны тэкст. Гэта творчасць, сплаў пачуцця, духу і таленту...  Дарэчы, адну з задач нашага выдання мы бачым у захаванні гэтай высокай планкі, што вызначае якасць нацыянальнай літаратуры. Рэдакцыя імкнецца знаходзіць маладыя таленты і дапамагаць ім расці ў літаратуры, ствараць усё больш дасканалыя творы. Бо над сваім Богам дадзеным талентам літаратар павінен многа і пастаянна працаваць. Інакш талент у чалавеку можа загінуць. Гэта як у спорце: не трэніруешся — страчваеш форму. Таму “Маладосць” пастаянна падтрымлівае сувязь з літаб’яднаннямі моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі і штогод прысвячае па некалькі нумароў кожнаму з рэгіёнаў. Дарэчы, гэта вельмі плённая практыка: так, у многім дзякуючы ўвазе “Маладосці” ў апошнія гады актывізавалася творчае жыццё на Берасцейшчыне, з’явілася шмат новых імёнаў, напрыклад, вельмі таленавітая маладая паэтка Ярына Дашына, першая кніга якой ужо выйшла ў нашай выдавецкай установе. Ды і ўвогуле, у апошнія гады “Маладосць” актыўна друкуе дзесяткі маладых і таленавітых. Гэта паэты Ірына Бельская і Таццяна Будовіч, Зміцер Вішнёў і Вольга Гапеева, Усевалад Гарачка і Аксана Данільчык, празаікі Зараслава Камінская і Алеся Лапіцкая, Андрэй Латыголец і Ігар Пракоф’еў...
— Некалі “Маладосць” шукалі нават у Маскве, каб прачытаць Быкава і Караткевіча. Прычым расійскага чытача не бянтэжыла нават тое, што часопіс на беларускай мове. Зараз, кажуць, тоўстыя літаратурныя часопісы ва ўсіх краінах свету не запатрабаваны. З чым гэта звязана?
— Ды не, у свеце гэта ўжо ўчарашні дзень. Сапраўды, была такая паўза, калі свет захапіўся электронікай, а зараз якраз усе зноў звяртаюцца да кнігі і тоўстых літаратурных альманахаў. У Швецыі, у Германіі, у іншых краінах Еўропы. Але навошта за прыкладам так далёка хадзіць — паглядзіце, колькі існуе літаратурных прэмій у той жа Расіі. Падобныя моманты былі ў гісторыі чалавецтва не раз. Анна Ахматава апісвае заняпад цікавасці да кнігі ў адным са сваіх празаічных эцюдаў, але пазней, нагадаем, у свеце адбываецца грандыёзны кніжны бум сярэдзіны мінулага стагоддзя. Хоць і тады існавалі “высокія тэхналогіі” — прыходзіла ў жыццё тэлебачанне, мацнела кінаіндустрыя... Цікавасць да літаратуры развіваецца па спіралі, і паступова наша грамадства зноў да яе вернецца.
Наш час парадзіў такое паняцце — “раскрутка”. Зараз лічыцца, што аўтара трэба раскруціць: хай ён будзе самага вялікага таленту, але калі ён не раскручаны, яго геніяльны твор застанецца незаўважаным чытачом. Аднак і гэта пройдзе, як ўжо бывала. У пачатку мінулага стагоддзя, напрыклад, пісьменнікі таксама рабілі сабе “пиар” неверагоднымі дзівацтвамі (прыгадаем тых жа футурыстаў)... На самай справе раскруціць пісьменніка можа толькі яго талент. Пройдзе пяць—дзесяць гадоў, і грамадства зноў гэта зразумее. Я не бачу нейкага напружанага становішча ў сучаснай беларускай літаратуры. Ёсць таленавітыя аўтары, ствараюцца таленавітыя творы.  Прыйдзе час, і яны будуць запатрабаваны. А пакуль што іх трэба захаваць для будучых чытачоў. Для гэтага і існуюць літаратурныя часопісы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter