Адным днём зробленае. Рэчы штодзённыя (абыдзённыя) — такую назву атрымалі рэчы, якія ўдзельнічалі ў рытуальных дзеяннях і выконвалі функцыю аховы ад хвароб, нячыстай сілы, стыхійных бедстваў.

Галоўнай умовай іх вырабу быў пэўны часовы прамежак: ад усходу да захаду, ад захаду да ўсходу, радзей — на працягу сутак. Завершанасць усяго працэсу вырабу рэчы ў тэрмін “аднаго сонца” надзяляла гэту рэч магічнай і звышнатуральнай сілай.

  • Да “абыдзённых” рэчаў адносілі перш за ўсё палатно (холст, ручнік, пояс, кашулю). Каб саткаць палатно, з якога потым будуць зроблены рытуальныя рэчы, па папярэдняй дамоўленасці ў пэўнай хаце збіраліся жанчыны. Звычайна ў гэтым абрадзе ўдзельнічалі толькі “чыстыя” жанчыны: удовы, цнатлівыя дзяўчыны ці зусім сталыя жанчыны, якія спынілі сваё інтымнае жыццё. Яны ж прыносілі шэрсць, лён. Талака ў такой справе таксама была адной з умоў стварэння “абыдзённай рэчы”.
  • Абыдзённае палатно магло стаць ахвяраваннем для царквы. Для таго каб перасцерагчы сябе і сваякоў ад эпідэміі, жанчыны на світанні “апаясвалі” царкву абыдзённым палатном. Пасля гэтага яго пакідалі ў храме для яго патрэб ці аддавалі вандроўнікам, нямоглым, бедным, якія збіраліся вакол храма.
  • З той жа нагоды абыдзённае палатно рэзалі на невялікія часткі і вешалі на варотах па ўсёй вёсцы.
    На прыдарожны крыж каля вёскі вешалі “абыдзённікі” — абыдзённыя ручнікі.
  • Часам абыдзённае палатно ткалі для таго, каб перасцерагчы ад эпідэміі і свойскую жывёлу. Для гэтага яе праганялі ці праводзілі па абыдзённаму палатну, ручніку. Пасля гэтага абыдзённае палатно, якое “прыняло” на сябе хваробы, закопвалі ці спальвалі.
  • Абыдзённыя рэчы сталі надзейным абярэгам дзіцяці, якое нарадзілася ў сям’і, у якой не гадаваліся дзеці.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter