Аднойчы і назаўжды

Дакументальная аповесць “Мужык” вядомага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага стала адной з першых ластавак Года кнігі і была прэзентавана на XIX Мінскай міжнароднай выставе.

Кніга пра знакамітага беларускага аграрніка, нашага сучасніка Аляксея Сцяпанавіча Скакуна — калгаснага старшыню, дэпутата, вучонага. Не выдуманая, а напісаная ў цесным супрацоўніцтве з самім героем.

Яшчэ да афіцыйнага выхаду ў свет на старонках “БН” друкавалася апошняя глава кнігі “Палетак блакітнага космасу”. Увогуле аповесць складаецца з сямі палеткаў. Як кажа сам аўтар, сямёрка тут — магічная лічба: гэта перыяды жыцця героя.

Сёння мы прапануем чытачу магчымасць азнаёміцца з тымі старонкамі аповесці, дзе аўтар раскрывае сакрэты плённай працы свайго героя ў СВК “Астрамечава” Брэсцкага раёна.

Кніга Уладзіміра Ліпскага вынік грунтоўнага даследавання. На працягу трох гадоў пісьменнік знаёміўся з людзьмі, якіх спаткаў на сваім шляху яго герой. Ствараў цэлае дрэва радавода Скакуна, нават жыў у “Астрамечава”. Кніга сапраўды можа стаць  падручнікам  для  новых  “мужыкоў” стагоддзя, якія будуць вырошчваць хлеб, атрымліваць мяса і малако на нашай зямлі, рабіць яе яшчэ больш прыгожай.

Сёння ж Аляксей Сцяпанавіч стаў правобразам многіх  руплівых аграрнікаў, праца якіх заслугоўвае павагі не меншай, чым палёт у космас. Увогуле, шмат людзей на Беларусі, адданых сельскагаспадарчай справе, імёны якіх вельмі вядомыя, але пра іх пакуль не напісаны кнігі. Спадзяёмся, что і да іх знойдуць шлях беларускія пісьменнікі!

Рэдакцыя «БН»

Ацэнка бабы Ганны

«Астрамечава» — гэта сямнаццаць вёсак: Агароднікі, Астрамечава, Вялікія Шчытнікі, Кашылава, Кустынь, Лышчыцы, Люта, Малыя Зводы, Малыя Сухарэвічы, Малыя Шчытнікі, Марозавічы, Новыя Лышчыцы, Пагубяцічы, Рудавец, Сегянеўшчына, Цюпрыкі, Яцкавічы.

Калі пазіраю на карту сельскага кааператыва, яна з кожным разам ўсё больш выразней нагадвае абрысы нашай Беларусі. Скакунова рэспубліка — за дваццаць чатыры кіламетры ад Брэста, за сем кіламетраў ад чыгуначнай станцыі «Лышчыцы» ды рукой падаць — ад мяжы з Польшчай.

Сталіца вясковага раю — вёска Астрамечава. Гэта паселішча вядома з 1570 года. Кажуць, тут быў маёнтак Астрамеч. Так звалі каралеўскага кухара. Кароль яго надта шанаваў, нават ганарыўся ім. За вернае служэнне кухар Астрамеч атрымаў ад свайго ўладара зямлю і хату. Калі тут утварылася вёска, то яна і займела назву Астрамечава. Гаспадароў у ёй за пяць стагоддзяў было нямерана, незлічона.

Цяпер тут кожны сам сабе гаспадар. А іх кіраўнік — Аляксей Сцяпанавіч Скакун.

У Лышчыцкім сельсавеце мне далі спіс жыхароў усіх сямнаццаці вёсак «Астрамечава». Сярод 2028 насельнікаў ёсць гаспадары хат, катэджаў, дворышчаў з самымі рознымі прозвішчамі. І мне здаецца, яны, як ніводзін архіўны дакумент, захоўваюць у сабе і памяць, і гісторыю, і партрэт мясцовых людзей, іх побыт і характар, які яны атрымалі ў спадчыну ад сваіх продкаў.

Задумаемся: у вёсках сельскагаспадарчага кааператыва жывуць Гаруны і Мазалі, Каралёвы і Султанавы, Белавусы і Белаглазавы, Быстровы і Крываногавы, Налівайкі і Шклянкі, Галубковы і Лебедзевы, Уюновы і Карпавы, Зайцавы і Мядзведзюкі, Зярновы і Капусціны, Буракі і Гарбузы. Ёсць нават радаводы са знакамітымі прозвішчамі — Клімук, Крылоў, Лысенка, Чайкоўскі, Шышкін. Прапісаны тут і мае аднафамільцы — Ліпскія.

І кожны з іх, веру, мог бы сказаць нешта сваё пра Аляксея Сцяпанавіча Скакуна. Зайсці ва ўсе хаты ды выслухаць ветлівых гаспадароў у мяне няма ні сіл, ні часу. А вось у адну з іх у вёсцы Лышчыцы я напрасіўся ў госці.

Чыста падмецены двор. Прыбраны агарод. На вінаградніку яшчэ вісяць сінія гронкі ягад. Ціха парыпваюць уваходныя дзверы, як бы запрашаюць: «Заходзьце ласкава, нашы ўсе дома».

У хаце пенсіянераў Курылюкоў першай вітае сваім цяплом раскошная печ. На пліце сквірчыць патэльня з бульбай і скваркамі. Загучаў напеўны, музычны голас гаспадыні Ганны Рыгораўны. Як бы смычок дачыркнуўся да струнаў, палілася мелодыя слоў:

— От і харашэ, што зайшлі. Я дам вам інтэрв’ю ад душы. Мне і думаць не нада. Усё е ў галаве. Вой, як я вам ўсё раскажу, дак вы і ў кніжку не ўмесціце, — Ганна Рыгораўна ўсадзіла мяне на зэдлік каля абедзенага стала, сама прысела, а мужу Барысу загадала, каб падаставаў з буфета талеркі, відэльцы. — Я ж, мой харошы, яшчэ помню, як у нашага дзеда была свая зямля. Яго марыканцам звалі. У Амерыку ездзіў грошы зарабляць. Ага, вярнуўся адтулека і купіў зямлі. Панам ужо стаў. Гумавікі з ног не здымаў, усё канавы капаў, нізіны асушваў. Жонка Дар’я казала: «Грышка, на чорта нам ета зямля, свету белага не бачым». Во як, мой харошы, панавалі...

Баба Ганна не прытрымлівалася ні рэгламенту, ні строгай храналогіі падзей. То прыгадвала мінулае, то пачынала хваліць сённяшнюю жытку пры Скакуне. Гаварыла і майстравала на стале пачастунак. А муж Барыс выконваў ролю пасыльнога. Ён маўкліва і цярпліва тупаў то да пліты, то да шафы, то ў сенцы. І час ад часу паддакваў, дзе трэба: «Ага... Правільна... Так было...»

Калі прыгубілі па каліву вінца за Скакуна-малайца, баба Ганна прадоўжыла свой аповед:

— Врут людзі, што цяпер плоха жыць. Хай бы той, хто так кажа, пажыў у вайну, пасля вайны. У нас жа тады дэлікатэсам былі буракі. З іх і чай заварвалі, і кампоты варылі, кашы і супы, блінцы і салаты. Адзін наш лышчынец хваліўся: «От булка белая з малаком смачная» — «А ты яе еў?» — «Бацька расказваў, што дзед бачыў, як пан Рачынскі еў. Дык от смачна!» Ага, хвалілася рабая свіння, што аб панскі плот чухалася. Вой-вой, цяпер во!.. — Ганна Рыгораўна кінула вокам на стол. — Частуйцеся, я падрэжу каўбаскі, варэння  пакаштуем  з  булкай  новага ўраджаю. Не паверыце, я ж во такім караваем прывячала нашага Прэзідэнта, калі ён прылятаў у Астрамечава. «Як жывяце?» — пытае. Кажу яму: «Няма чаго грашыць, добра жыць. Рабіце нашу Беларусь на чуда ўсім людзям!..» Дык мо не паверыце, Александр Рыгоравіч падарыў мне металічныя тры рублі. Мо срэбраныя? Ляжаць, не цямнеюць...

Гаспадыня паказала мне дарагі падарунак і пачала даваць ацэнку Аляксею Сцяпанавічу Скакуну:

— Я пра яго ўсю праўду раскажу. Калгас у Лышчыцах утварылі толькі пасля вызвалення ад немцаў. Мы ж да вайны пад палякамі былі. Дык не паверыце, на прадсядацеляў нам не шанцавала. Год-два крутнецца каторы і збягае, або выганяюць яго. А вот Аляксей Сцяпанавіч Скакун наш аканчацельны прадсядацель. Хадзяін! Дачакаліся, слава Богу!.. Мы во з Барысам на ферме рабілі. Не паверыце, дзвесце восемдзясят цёлак адкармлівалі. І ўсё ўручную. Работы — поўныя рукі. Сена дай, падсціл пакладзі, напаі, гной прыбяры. Былі і такія, што ад жывёл кралі камбікармы, але не мы. Раз едзем дамоў, Аляксей Сцяпанавіч насустрач. Прыпыніліся. Ён пазірае на наш воз, а я яму: «Мо вы, прадсядацель, хочаце нас праверыць?» — «Ага, хацеў бы...» Загадваю мужу: «Барыс, злазь!..» Мы ж ніколі злодзеямі не былі, але, міленькі, мо не паверыце, два тыдні правяраў нас. Прычапіўся, як цень, але, слава Богу, пераканаўся, што чэсна робім, што нам інцярэсна прывагу ў цёлак атрымаць. От з тае пары мы і сябруем. Я магу Аляксею Сцяпанавічу пазваніць у кабінет, калі захачу, але ніколі не трывожу, у яго і так галава баліць за ўсіх нас. А ёсць жа, прасціце за маю прастату, і злодзеі, і п’яніцы. Ім не вельмі па вантробах строгі кіраўнік. Дык, любенькі, што раз утварылі? Калодзеж старшыні залілі нейкай гадасцю. Во як было...

Ганна Рыгораўна выдае новыя просьбы свайму Барысу. Той нясе на стол слоік самаробнага кампоту, наразае новыя лусты хлеба. І робіць гэта акуратна, каб ніводная крошка не звалілася на падлогу. А ў гэты час баба Ганна як бы ўключае новую касету аповеду:

— Мы ж пры Скакуне і хату перабудавалі, пры ім і грошы ў нас паявіліся. Парадак усюды зрабіў. Вёскі прыхарошыў. Дысцыпліну ўвёў. Во ета галоўка! Во ета і ёсць мужык-хадзяін! Па мне, дык ета такі чалавек, хто любіць зямлю. Ён жа і нас усіх па-новаму навучыў любіць зямлю. Во, Барысу, ніхто не загадвае, за касу і пайшоў абкашваць вуліцу, прыдарожнае пустазелле. Кругом жа асфальт. Сорамна, калі быльнёг на яго лезе. Усюды кветкі высаджваем. Любата! Жывем як паны. Калгас зерне, сена дае, толькі трымай жыўнасць. Цяпер, міленькі, усё ў магазіне іе, што хочаш бяры... Барыс, налі па каліву куплёнага віна. За правільнага, адкрытага чалавека Аляксея Сцяпанавіча Скакуна! Хай яму добра ікнецца. Па радзіву усё кажуць пра крызіс у свеце, а мы во з дзедам яго не заўважаем. Бульба, хлеб, каўбаса — ёсць. Пенсію даюць. Калі сумна, тэлевізар уключаем, вясёлыя канцэрты слухаем. Толькі не любім, як голых паказваюць. Прыехалі аднойчы ўнучкі з горада. Адзелі купальнікі, выйшлі загараць. Бацька мой яшчэ жыў, убачыў іх, мяне падзывае: «Аня, ты палядзі, якая распуста. Пазорна так хадзіць на вёсцы, хай адзенуцца». Яго мараль была такая: баба ў штанах і баба паўголая — мужыку нягодная. Прасіў: «Пакайся, калі саграшыў, і табе будзе прадоўжаны век». От, міленькі, як вучылі нас бацькі, дык мы людзьмі совеснымі і дажываем сваё. З Барысам шэсцьдзясят гадоў разам жывем, і ўсё ў Лышчыцах. Ён, як служыў у арміі, дык я чатыры гады яго чэсна чакала. А цяпер нават па цілівізару хваляць нявернасць, спяваюць пад смешачкі гледачоў:

Ох, ох, не ведаю, як у вас,

А ў нас так водзіцца.

Дзве нядзелькі пажывёт,

А тыды — разводзіцца...

Ганна Рыгораўна гасцінна прымушае «ўкалупнуць свайго сала» і тлумачыць:

— Цяпер-то пост, рыбу можна есці, а я замест яе сала насмажыла з цыбулькай... Бярыце салацік, усё ў ім з свайго агарода, без хіміі. Бульба рассыпчатая. Курка лячэбная. Чыстыя прадукты!.. Сваімі рукамі з Барысам здабылі... Жыць можна. Гэта ж не тое, што даўней. У аднаго нашага вяскоўца Пеці пытаюцца: «Ці наеты сёння?» А ён адказвае: «Дай кавалак хлеба, дык тады скажу, ці наеты».

Наша размова міжволі зноў паварочваецца да «Астрамечава» і Скакуна, а гэта, адчуў, любімая тэма, штодзённая малітва пенсіянераў Курылюкоў.

— Так і запішыце, мой міленькі, Скакун — зорны чалавек, — просіць Ганна Рыгораўна, а Барыс Сцяпанавіч падкіўвае галавой. — Ён і сем’янін харошы, не гэткі, як у той прыпеўцы, што я вам казала. Ён і кіраўнік дабрэнны, бо любіць зямлю. І да людзей па-чалавечы ставіцца, дык і яго шануюць. Парадак усюды навёў, аж сэрца хоча спяваць. Я ж, мой харошы, у фальклорным ансамблі спяваю. На ўсіх дажынках Аляксею Сцяпанавічу сама выплятаю з каласкоў вянок і навешваю на яго. Усе разам прывячаем велічальнай песняй. О так во!..

Баба Ганна, расчырванелая ці то ад печы, ці то ад гарачай бяседы, а мо ад каліва віна, баявая і гаманкая па сваёй натуры, раптам зацягнула на поўны голас тую песню, якую жнеі спяваюць свайму старшыні ў полі:

У нашага гаспадара

Галава кучарава.

Ён кудрамі патрасе

І нам мёду прынясе...

У хаце Курылюкоў выстаўлялі ацэнку Аляксею Сцяпанавічу Скакуну за яго клопаты па навядзенні элементарнага парадку на зямлі, за яго першы НЭП. І ацэнка, як бачым, — найвышэйшая. Яе выставіла сама баба Ганна. О так во!..

Санаторый для кароў

У запісных кніжках Аляксея Скакуна, як з руды, «вымыў» залацінку старажытнай мудрасці. Дзе ён яе пачуў, вычытаў і занатаваў — невядома. Ды гэта і не вельмі істотна. А павучальнасць афарызма вось у чым: «Таму, хто не ведае, у якую гавань плыць, няма спадарожнага ветру».

Аляксей Скакун аднойчы і назаўжды выбраў сваёй гаванню беларускую зямлю, матку нашу, якая ўсіх нас корміць і поіць, якой чым кланяемся ніжэй, тым да хлеба бліжэй. А ў той прыстані хрышчонай ён, гаспадар абраны і прызнаны, правільна вызначыў найважнейшыя месцы для сваіх стратэгічных «крэйсераў». Дык вунь чаму камандзіру сельскай эскадры ў «Астрамечаве» заўсёды спадарожнічае вецер.

Пад надзьмутымі ветразямі стаяць у той гавані элегантныя караблі-фермы, сапраўдныя фабрыкі малака. Спачатку іх у кааператыве было адзінаццаць, цяпер — усяго шэсць. Але якіх!

У архіўных справаздачах калгаса «Памяць Ільіча» за першую пасляваенную пяцігодку захаваўся ўрачысты рапарт: за год астрамечаўскія даяркі атрымалі ад сваіх рагуль ажно трыццаць тон малака. Цяпер жа, у снежні 2010 года, на фермах СВК «Астрамечава» кожны дзень маюць па сорак тон малака. Уяўляеце, зімовым днём, калі завейна і зялёная паша накрыта снежнай коўдрай, астрамечаўскія буронкі радуюць усіх сваімі рэкорднымі надоямі. А скакуноўцы цешацца: жывёлы — у цёплых кароўніках, кармоў удоваль, малако — гатунку «экстра».

Сядзяць праўленцы на ранішняй нарадзе, якая заўсёды ў апалове восьмай, і гудзяць, як бухматыя чмялі, перабіраюць лічбы, працэнты, называюць нечыя прозвішчы. Мужыкі задаволеныя сваімі набыткамі, а мне, свежаму навічку, карціць ведаць пра іх клопаты, падрабязней.

— Пра што гаворым? — перапытвае маю цікаўнасць намеснік Скакуна па вытворчасці Віктар Герасімавіч Козіч. — А во мяркуем пра перспектыву.

Пакой дыспетчарскай на першым паверсе раптам затросся такім рогатам, што, думаецца, людзі ва ўсім будынку праўлення чуюць яго. Я ў разгубленасці, нічога не разумею, а Козіч пачынае баіць жарт пра «перспектыву»:

— Гэта ж, кажуць, даўней у лышчыцкім калгасе адной зімой, каровам не было чаго есці. Хочаш малака — падаі быка. І вырашылі каровы пайсці ў лес, пашукаць пад снегам якога-небудзь корму. Клічуць сабаку Шарыка, каб павартаваў іх там ад ваўкоў. А Шарык адказвае: «Не, буронкі, ідзіце адны ў лес, у мяне перспектыва ёсць». — «Якая?» — «Я раніцай чуў, як у кабінеце старшыні калгаса казалі: «Кароў няма чым карміць, самім няма чаго есці, у перспектыве — будзем смактаць шарыкаву лапу».

Астрамечаўскія мужыкі разам са Скакуном зноў апетытна смяюцца. А мне забаўна бачыць іх прыкольнымі, усцешанымі. Яны раным-рана весяляцца, ды чаму ж ім не гудзець, калі ў іхняй хатачцы парадачак ідзець. На нарадзе галоўны заатэхнік Мікалай Міхальчык спакойным голасам аб’явіў:

— Учора зноў атрымалі сорак тон малака. Уся прадукцыя здадзена вытворцам сортам «экстра»…

Каб зразумець гэты будзённы, астрамечаўскі рапарт, трэба вярнуцца ў маленства Аляксея Скакуна. Вось ён з дзедам Васілём абкошвае каля крынічкі кусты, і яны нясуць сваёй карове-карміцельцы ношачкі свежай травы. Вось ён з сябрам пасвіць статак кароў, ганяецца за імі, каб не залезлі ў чый агарод, каб не зазыкавалі дамоў. Вось ён ідзе на бацькаву ферму і бачыць, як даяркі дояць худых, галодных кароў і вёдрамі носяць малако ў бітоны. Ён дапамагае віламі ачысціць калгасны хлеў ад гною, падае буронкам на сняданак сечку з саломы і буракоў. Каровы рыкаюць, як бы плачуць з-за свайго лёсу, як бы ведаюць , павінны не толькі з’есці вылучаны ім паёк, але і даць болей малака.

Дастоеўская бабуля Хрысціна, былая даярка, перад тым, як прыгадаць сваю працу на ферме, перахрысцілася:

— Госпад праведны, кароў падымала — ночы не спала. Дзяцей не так глядзела, як калгасны статак. Але ні я, ні каровы не зрабіліся сталінскімі стаханаўкамі…

Словы «мама» і «му-у-у» Алёша Скакун прамовіў амаль адначасова. Пасля мамінага малачка іх Зорка першай частавала хлопчыка сваім сырадоем. Яна, як і мама, ласкава пазірала на дзяцей, цёпла дыхала. Ды карову ў двары Скакуноў і называлі мамкай. Яна дапамагала і малым узмацніцца, і старым не страціць сілы.

Ва ўсіх сваіх далейшых сельскіх пасадах Аляксей Скакун вылучаў галоўную надзею — жывёлагадоўлю. А ў ёй — атрыманне малака, самага жывільнага, гаючага напою на белым свеце. Праблемаў тут заўсёды хапала, ды Аляксей Сцяпанавіч браў ношу па сабе, каб не падаць пры хадзьбе.

Рашэнне прыняў адназначнае — рэфарміраваць малочныя фермы. Але як, за якія сродкі, па якім метадзе? І вырашыў Скакун праскакаць са сваімі спецыялістамі па змежных краінах, падшліфаваць свой аграрны курс.

У Германіі пабывалі на малочным аб’яднанні «Рынмільх-Фербунд». Што за дзіва? Удойнасць кароў у дзесяць тысяч кілаграмаў — звычайная норма. Адна даярка абслугоўвае 250 кароў. Няўжо астрамечаўскім маладзіцам такое не пад сілу?

«Трэба нам аднойчы прачнуцца і засаромецца, і абазліцца на саміх сябе, — вырашыў Аляксей Сцяпанавіч. — Трэба з дапамогай разумных прынцыпаў выйсці на эфектыўны аграрны шлях. Трэба рашуча адмовіцца ад заскарузлай савецка-калгаснай практыкі, калі сямёра стаяць на стозе, а адзін падае ім сена, калі садзяцца есці — пацеюць, а як пачынаюць працаваць — мёрзнуць…»

Па вяртанні з няметчыны Аляксей Сцяпанавіч аббіў парогі высокіх кабінетаў, узяў на гаспадарку вялікія крэдыты, што аж пазайздросціў яму сусед, старшыня калгаса «Савецкая Беларусь» Уладзімір Бядуля. Але Скакун супакойваў усіх сваёй рашучасцю: «Паверце астрамечаўцам, і яны дакажуць, што не горшыя гаспадары за немцаў».

Так на малочна-таварных фермах у Астрамечаве, Лышчыцах, Марозавічах, Вялікіх Зводах, Яцкавічах з’явіліся сучасныя даільныя комплексы «Вестфалія», «Паралель», «Ёлачка». Сенсацыя: дзве тысячы сто кароў пачалі даіць усяго трынаццаць даярак!

З паездак у Злучаныя Штаты Амерыкі і Данію астрамечаўскі рэфарматар прывёз новыя ідэі. Усе ведалі, калі Скакун загарэўся нечым новым, — не патушыш венікам, не астудзіш лёдам, не супыніш аніякім святлафорам. Яго палымяная прамова на сходзе спецыялістаў сталася факелам, які асвяціў дарогу далейшым рэформам на фермах.

— Давайце ўлічым, што карове патрэбна ў хлеве не проста стойла, а кубічная прастора. З гэтай мэтай мусім праводзіць капітальную рэканструкцыю будынкаў, — тлумачыў Аляксей Сцяпанавіч. — Кароў нельга трымаць на ланцугу. Ім трэба такія ўмовы жылля, каб адчувалі спакой і ўтульнасць. Створым для іх «шведскі стол» з вітаміннымі кармамі. Паела ўдоваль, адпачыла на залацістай саломе і — на дойку….

Той-сёй называў Скакуна казачнікам. Не ўлічвалі, што ён ядавіты да работы, як мураш упарты.

Прапусцім у гісторыю яго бяссонныя ночы, у якія ён спаў як пан на хамуце, яго незлічоныя паклоны ў кабінеты чыноўнікаў і банкіраў, яго нястомную муштру сваёй каманды і зробім экскурсію на цяперашнюю Лышчыцкую ферму.

Яшчэ здаля бачны светлы будынак, як бы карабель пад ветразямі. Вакол — зялёныя прасторы пасеваў, пад дабротнымі дахамі катэджы. А тут, за лёгкай агароджай, па словах Аляксея Сцяпанавіча, — жывая фабрыка малака, санаторый для кароў. Перад фермай — самаробная альтанка, з густам аформленая мясцовымі майстрамі. Каля яе — лаўкі для адпачынку. На адной з іх «сядзіць» крыху задуменны, але ў добрым гуморы тутэйшы жывёлавод. Яго драўляную выяву «звялі» самадзейныя рэзчыкі па дрэве. Кажуць, загадчык фермы сядзіць і думае, як павялічыць надоі.

Каля фермы — кветнікі. Заходзім у прасторны корпус, і зусім няма адчування, што ты апынуўся ў хляве са спецыфічным пахам для такога памяшкання. Чыста, утульна, аб’ёмна. Пасярэдзіне кароўніка, быццам «вуліца», на якой і ёсць «шведскі стол» для чорна-пярэстых буронак. Тэхніка пастаўляе ім корм. Падыходзь і ласуйся, як кажуць, ад пуза, колькі захочацца. Але ж сама карова лішняга не возьме, а які ёй патрэбен рацыён, пра гэта добра ведаюць спецыялісты.

Каровы спакойна паводзяць сябе — прывыклі да экскурсантаў. Адны адпачываюць на сухой саламянай пярыне, другія даядаюць сваю норму, а трэція проста дзівяцца, хто ж сёння завітаў да іх на экскурсію.

У кожнай каровы свой бокс, нібыта свая аднапакаёўка. Яна не прывязаная ланцугом, як гэта было шмат гадоў у старых фермах. Таму і адчуванне, што жывёла тут — гаспадар, ёй увага і павага, а ўзамен — малако.

Два разы ў суткі, у шэсць раніцы і ў шэсць вечара, кароў запрашаюць у даільную залу. Кожная ведае там сваё месца, а калі забудзецца, ёй падкажа асабісты камп’ютар-ашыйнік. Даяркі (па-цяперашняму — аператары машыннага даення) Галіна Зданевіч і Вольга Данілюк аднаразовымі сурвэткамі кожнай карове апрацуюць вымя, падключаць да яго даільны апарат. Далейшы працэс бярэ пад кантроль камп’ютар. Ён устаноўлены за шкляной перагародкай.

Уявіце: у даільнай зале гучыць спакойная, класічная музыка. Пад яе мелодыю каровы аддаюць малако ў халадзільную камеру. У гэты час камп’ютар фіксуе да грама рэкорды кожнай буронкі. Іх прадукцыю тут жа даставіць у Брэст супермалакавоз. А галоўны заатэхнік Мікалай Міхальчык, як нешта звычайнае, аб’явіць на ранішняй лятучцы праўленцам:

— За мінулыя суткі на фермах атрымана сорак дзве тоны малака.

Даяркі з гэтай нагоды складваюць свае прыпеўкі, пажаданні. Маляўнічую насценную газету, з такімі творамі ўбачыў на Астрамечаўскай ферме. Яе аўтар Мальвіна Наўцэвіч напісала:

Будзьце жывы і здаровы,

Жадаюць нам малочныя каровы.

І кахайце, і любіце,

Жыццю радавацца спяшыце.

Каб кожная буронка

Прывяла па два цялёнкі,

А малочная рака

Размывала берага!

Даруем вясковай паэтэсе хібы верша, але ён падслуханы ў сэрца, напісаны шчыра, з душэўным зычаннем, каб малочная рака СВК ніколі не мялела, а, наадварот, падмывала берагі, павялічвала рэчышча. Для гэтага тут ёсць усё. А галоўнае — ёсць гаспадар Аляксей Сцяпанавіч Скакун, які за навінкай гатоў ляцець на край свету, для якога «Астрамечава» і ёсць яго жыццё. Усім падабаецца яго мужыцкі прынцып: калі хваляць, не ганарыся, бо дарога да поспеху далёкая; калі лаюць, не сярдуй — памылак у кожнага шмат, і помні — сябар не той, хто мёдам мажа, а той, хто праўду кажа.

Сказаць праўду пра малочную эканоміку прашу знакамітую на ўсю Беларусь даярку, Героя Сацыялістычнай Працы Лідзію Дзмітрыеўну Брызга. Яна ў свой час часта бывала ў маскоўскім Крамлі, на з’ездах КПСС, у мінскім Доме Урада, дзе засядалі народныя дэпутаты.

Ад астрамечаўскай адміністрацыі да яе шыкоўнага катэджа — усяго некалькі сотняў метраў. Я адольваю іх з учашчоным тахканнем сэрца. Сказалі, што Лідзія Дзмітрыеўна хварэе, нікога не прымае, але мяне ўважыла. Зараз убачу чалавека-легенду!

Дзверы расчыняюць дочкі гаспадыні Ірына і Лена. Абедзьве працуюць у СВК «Астрамечава» — ветурач на ферме і начальнік аддзела кадраў. Праводзяць у прасторны пакой.

У мяккім крэсле сядзіць мажная, стомленая жыццём і таблеткамі жанчына. Побач — кіёчак, яе памочнік пры хатняй хадзьбе. Вітаемся. Пакуль шукаю патрэбныя словы, Лідзія Дзмітрыеўна сама распачынае гаворку, ціхім, даверлівым голасам апавядае:

— Вельмі хвалю, што вы ўзяліся пісаць пра Скакуна. Пра яго плоха не скажу. Хадзяін! Чалавек дзела. Паболей бы такіх мужыкоў!..

Лідзія Дзмітрыеўна, бачу, збіраецца яшчэ аб нечым прызнацца, словы ёй даюцца цяжка, і я цярпліва чакаю.

— Аляксей Сцяпанавіч мяне сюды заманіў. Я ж у калгасе імя Жданава рабіла. Мама там была даяркай, бацька ў вайну загінуў, дык я, лічыце, на ферме і вырасла. Дапамагала маме, а тады і замяніла яе. Як надаіла па пяць тысяч літраў на карову, Героя далі…

— А як жа Аляксею Сцяпанавічу ўдалося вас да сябе пераманіць?

— Хэ, тады ж і ў яго на фермах не было, як цяпер, даільных залаў, аўтаматыкі. А яму хацелася, каб я паказала, як трэба ставіць рэкорды ў звычайных умовах. З мужам Мікалаем узяліся даіць, даглядаць ажно сто кароў на ферме ў вёсцы Рудавец. Вой-вой, прыдуць карэспандэнты браць інтэрв’ю, а я ім кажу: «Дзетачкі, пачакайце, нам з мужам трэба во ету гару буракоў, амаль тры тоны, раздаць жывёле. Вечарам пайду да іх з вёдрамі, каб малаком аддзячылі…»

Лідзія Дзмітрыеўна скупа ўсміхнулася, а пасля зноў пасур’ёзнела:

— Добра напішыце пра Скакуна. Ён вельмі харашэнны чалавек. Умее ўпраўляць! Не абідчывы. Бывала, прыедзе на ферму, я нажалуюся. Выслухае і абавязкова выканае мае просьбы… Напішыце, што на цяперашніх фермах салома на падсціл лепшая за тую, якой мы кармілі худобу. Не, пра Скакуна нічога плахога не скажу. Ён — наш астрамечаўскі Герой! Так і напішыце ў кнізе…

Лідзія Дзмітрыеўна Брызга крышку памаўчала і сказала апошняе:

— Скакун — дальнавідны хадзяін. Ён жа не толькі мяне сюды пераманіў. Цяпер у яго прцуюць мае дочкі, іх зяці, унук. Сястра мая тут рабіла, яе дзеці засталіся ў Астрамечаве…

Нашу размову ўважліва слухаў белы кот Барс. Раптам ён падняўся, выгнуў спіну, зірнуў на мяне, і я зразумеў: далей мучыць роспытамі гаспадыню не варта. Мы развіталіся з надзеяй, што я зайду ў гэты дом яшчэ раз, але толькі з кнігай «Мужык».

Уладарыў шыкоўны зімовы дзень. Дрэвы стаялі ў срэбных каронах, у іскрыстых кафтанах. Вока цешылі бялюткія палеткі. Адпачывае зямля, але не спіць. Яна зацяжарана рунню, травамі. Неба шэрае, але не цісне, не прыніжае, не прыгінае астрамечаўцаў да зямлі, наадварот, заманьвае ўвысь.

На плошчы, каля праўлення, сустракаю Аляксея Сцяпанавіча Скакуна. Адчуваю, машына і гаспадар ацяжалелі ад дзённых клопатаў. Расказваю пра сваю сустрэчу з Брызгай. Вочы старшыні бліснулі дзіцячай радасцю:

— Во ёй што трэба было паказаць, — Аляксей Сцяпанавіч дастае з кішэні раённую газету «Заря над Бугом», а ў ёй амаль на ўсю старонку — адны лічбы. — Вы толькі зірніце: нашы 2295 кароў далі за адзінаццаць месяцаў па 7113 кілаграмаў малака. І яно амаль усё гатунку «экстра»…

Скакун з лічбамі на плошчы, яго вясёлыя вочы, усмешка і снежная пульхная покрыўка наўкол, — усё гэта асела ў маёй душы і памяці, як мастацкае палатно, як класічная музыка, як кранальная песня. Мой тадышні рамантызм перапыніў Аляксей Сцяпанавіч нечаканай прапановай:

— А ці не кінуць нам пару разоў у дурня?

— Не супраць, але хіба можна ў вас выйграць?

— Гэта як пашанцуе…

І тут да мяне, свядома і ясна, дайшла сялянская мудрасць Скакуна: паваляць дурня можа толькі той, хто зарабіў на гэта права.

Кампанейскія бычкі

У бацькоўскай хаце Скакуна ў Дастоеве аднойчы пачуў жарт на грузінскі манер, але з мясцовай мудрасцю:

— Пінскі князь аб’явіў, што аддае замуж сваю дачку. Той стане мужам, хто на кані-скакуне пераскочыць бездань і на грудзях дачкі шабляй рассячэ яблык. Але пры гэтым нельга дачыркнуцца лязом да дзявоцкага цела. Шмат знайшлося ахвотнікаў стаць зяцем князя. Мноства галоў паляцела далоў, бо кавалеры не выконвалі ўмову. І вось адзін смяльчак маланкай пераляцеў бездань, рассек яблык на грудзях князёўны і не параніў яе. Але і ён пазбавіўся галавы. «За што?» — цікавіліся ўсе. А за кампанію!

Калі я першы раз трапіў на жывёлагадоўчы комплекс ў Астрамечаве, чамусьці ў вушах гучаў менавіта гэты жарт. У адкормачніках за кампанію стаялі нагуленыя, сытыя, дураслівыя бычкі. Яны прыкмецілі мяне, свежага чалавека, і кожны па-свойму пачаў праяўляць сваю цікаўнасць. Адны надрыўна рыкалі, другія прасоўвалі з загародкі рагатую галаву і паказвалі свае шырокія языкі, трэція проста пазіралі і, відаць, ацэньвалі мэту майго візіту, чацвёртыя апетытна ўпляталі корм, стараючыся выканаць дырэктыву праўлення — за суткі набраць кілаграм і сто грамаў новай вагі.

Не, вы толькі ўявіце сабе мясную эканоміку гэтай жывой фабрыкі: гадзіннік накручвае дваццаць чатыры абароты, і кожны (!) з васьмі тысяч бычкоў, дадае кілаграм і сто грамаў да сваёй вагі. Бычкі за кампанію, адзін перад другім, тлусцеюць, нарошчваюць мяса, і ўсе, хто набярэ шэсцьсот кілаграмаў, дружна паедуць на мясакамбінат. Кампанейскія бычкі дый толькі!

У мясцовым архіве за 1982 год сустрэў апісанне ўрачыстасці з нагоды датэрміновага адкрыцця буйнога комплексу па адкорме бычкоў у Астрамечаве. Было гэта ў ліпені, а Скакун, нагадаю, прыступіў тут да працы ў сакавіку. Значыць, ён прыйшоў не на гатовы комплекс, як лічаць некаторыя, а ў самы адказны момант завяршэння аб’ёмнага дзяржаўнага аб’екта. Яго ўзводзілі чатырнаццаць будаўнічых арганізацый Беларусі.

Было ўсё: мітынг і прамовы, прывітанне ажно ад ЦК КПСС і чырвоная стужка, якую перарэзалі намеснік старшыні Савета Міністраў БССР Міхаіл Кавалёў і другі сакратар Брэсцкага абкама партыі Уладзімір Грыгор’еў. Старшыні калгаса-камбіната «Памяць Ільіча» Аляксею Скакуну будаўнікі ўручылі сімвалічны ключ. Прамову Скакуна запомнілі многія, бо яна была кароткай і канкрэтнай:

— Вы датэрмінова пабудавалі, мы — датэрмінова асвоім!

Гэты абавязак патрабаваў не парушаць тэхналогію адкорму жывёлы, правільна бычкоў сартыраваць па вазе, росту, масці, даваць высокакаларыйныя кармы. І ўжо праз год калектыў мясной фабрыкі далажыў: ёсць па 720 грамаў штосутачнай прывагі!

Яшчэ праз год скакуноўцы атрымалі вельмі высокую па тым часе ўзнагароду — пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР. Упершыню чысты даход склаў — 2 мільёны 725 тысяч рублёў. Сума прыстойная.

Гэту падзею Аляксей Сцяпанавіч  вырашыў адзначыць па-свойму. Сабраў трыццаць пяць лепшых даярак, жывёлаводаў, механізатараў і павёз на экскурсію ў Еўропу. Пабывалі ў Празе, Браціславе, Высокіх Татрах, наведалі сельскія гаспадаркі, падобныя на астрамечаўскую. Натхнёныя, але задумлівыя вярнуліся дамоў. Яшчэ раз усвядомілі: непрыстойна лічыць чужыя грошы, лепш пабіць свае вошы, трэба самім каваць сваю долю, калі працаваць не любіш — чалавекам не будзеш.

У асаблівым роздуме быў старшыня Скакун. Поспехі комплексу, пакуль ён новы і не мае канкурэнтаў, радуюць, але ж, калі толькі цешыцца імі, то вельмі нечакана можна напаткаць расчараванне. Прыгадалася бацькава прымаўка пра каня. Як ён цягне, валачэ, то лічыцца, што і дурань вязе, а як стоміцца і прыстане, то і разумны дурнем стане.

Трэба ператварыць комплекс па вытворчасці мяса ў прамысловы канвеер, як на трактарным заводзе, там ўсё пачынаецца з металічнай рамы, рухаецца яна, абрастае патрэбнымі дэталямі і на выхадзе — атрымлівай, вёска, трактар! Так і на астрамечаўскім жывым патоку, — разважаў Скакун, — усё да дробязі павінна быць збалансаваным. Паступілі цяляты ў памяшканні для першага перыяду вырошчвання, трэба ўсё зрабіць так, каб роўна праз 186 дзён перавесці іх з «дзіцячага сада» ў памяшканні для другога перыяду. Адтуль праз 343 дні з нагуленым мясам адправіць у падарожжа да спажыўцоў — атрымлівай, чалавек, астрамечаўскі ласунак!

Спрытна казка баецца, ды не хутка справа робіцца. На гэту прымаўку ў Аляксея Сцяпанавіча свая адгаворка:

— Ці можа слон нажыць грыжу?

— Можа, калі адзін возьмецца ўздымаць сельскую гаспадарку.

Вось чаму Скакун да любой вяршыні скача не адзін, а са сваім войскам, са сваёй надзейнай камандай, кемлівай і апантанай. Дзе трэба, тузае за лейцы, наструньвае іх, а калі спатрэбіцца — прымяняе пугу альбо пернік. У вопытнага вершніка сотні варыянтаў, як узняцца на Алімп.

Старажылы помняць, як каля жывёлагадоўчага комплексу стаялі і паблісквалі на ўсё наваколле сваімі купаламі дваццаць чатыры сянажныя вежы. Бетонна-блочныя «цыгары» ўваходзілі ў праект будаўнічага аб’екта. Яны па тым часе былі моднымі ў перадавікоў-аграрнікаў. У іх пад надзейнай герметызацыяй захоўваўся сянаж. Адтуль ён лентачным транспарцёрам падаваўся ў кармацэх, змешваўся з канцэнтратамі і ішоў у будынкі да бычкоў-другачкоў па пнеўматычных лініях, а да клетак-стойлаў — скрабковым транспарцёрам.

Дзе ўсё гэта падзелася?

Разбурылі скакуноўцы-рэфарматары. Падлічылі, што такая ёмістая, растратная сістэма эканамічна не спрыяе атрыманню таннай ялавічыны. Сянажныя вежы амерыканскага паходжання сталі цяжкімі гірамі для комплексу. Там, за акіянам, даўно адмовіліся ад іх, а нам усучылі «навінку». Знешне прывабныя вежы і тэарэтычна як бы выгадныя, на практыцы па сутнасці падарвалі эканоміку калгаса.

Астрамечаўцы вельмі хутка разабраліся, што бессэнсоўна ў вежы закідваць сянаж на вышыню 33 метры, а пасля, замерзлы корм, выкалупваць адтуль. Расход чалавечай і электрычнай энергіі быў такі, як у народнай прымаўцы, — аўчынка вырабу не вартая.

Пліты сянажных вежаў пайшлі на добраўпарадкаванне вуліц у вёсках, на будоўлю дамоў, а сянаж пачалі закладваць у доўгія, ажно на паўсотню метраў, паліэтыленавыя мяхі-каўбасы ды ў земляныя траншэі. Рэканстукцыя праходзіла пад лозунгам Скакуна: «Усё зрабіць пад самую сучасную тэхналогію!»

Адну з навінак Аляксей Сцяпанавіч прывёз з Маскоўскай вобласці. Там ён убачыў цуд-кормараздатчык, які змайстравалі мясцовыя віртуозы. Старанна перамаляваў, сфатаграфаваў незвычайны механізм. А дома тэрмінова сабраў інжынераў, механікаў, слесараў:

— Пра такі раздатчык кармоў можна толькі марыць, — сказаў Аляксей Сцяпанавіч і паставіў пытанне рубам. — Няўжо нашы рукі і галовы горшыя, чым у людзей?!

Галоўны інжынер Уладзімір Уладзіміравіч Аскірка запэўніў старшыню:

— Зробім свой агрэгат!

І вельмі хутка на комплексе з’явіўся самаробны астрамечаўскі раздатчык кармоў. Яму далі касмічную назву «Буран». Каб зразумець яго рэвалюцыйнасць, варта толькі ведаць, што з прыходам гэтай тэхнікі ў памяшканні для адкорму жывёлы сталі непатрэбнымі сорак транспарцёраў, кожны даўжынёй па 160 метраў. Уяўляеце, амаль шэсць з паловай кіламетраў транспарцёрнай стужкі круцілася, рухалася ад рання да вечара, каб падаць бычкам кармы. Палову транспарцёраў у год рамантавалі, асобныя мянялі. Цяпер гэту складаную працу выконваюць тры самаробныя «Бураны». Дзіва дый толькі!

Скакуноўская рэканструкцыя комплексу зменшыла расходы электраэнергіі ў пятнаццаць разоў. Пяць чалавек абслугоўваюць 2,5 тысячы бычкоў. Знізіліся затраты на рамонт абсталявання, а ў выніку — павысілася сутачная прывага жывёлы. За год тут атрымліваюць звыш 4,5 тысячы тон мяса.

Канешне, каб мы складалі чыноўніцкую справаздачу, то пакарысталіся б сотнямі параўнальных лічбаў, якія пацвердзілі б выгаду тэхналагічных змен на мясной фабрыцы. Але ж мы ствараем партрэт адчайнага аграрніка, заступніка буйных калектыўных гаспадарак Аляксея Сцяпанавіча Скакуна. На прыкладзе рашучай рэканстукцыі комплексу якраз і праявіўся яго характар.

Гэта засведчана ў дзяржаўнай тэлеграме з нагоды яго юбілею: «Мы ведаем Вас, глыбокапаважаны Аляксей Сцяпанавіч, як самаахвярнага, таленавітага арганізатара вытворчасці. Вашы талент, творчае гарэнне, уменне арганізаваць людзей бачны ў Вашых добрых справах — шырокім укараненні ў практыку прагрэсіўных тэхналогій, высокіх паказчыках гаспадарання, у перайначаных вёсках. Ваша праца адзначана многімі высокімі ўзнагародамі, ганаровымі званнямі. Але наперадзе ў Вас вялікае і плённае жыццё. Няхай множацца Вашы добрыя справы на карысць і радасць людзям!»

А калегі і сябры па працы склалі свайму старшыні паэтычнае віншаванне:

Очень нужно для счастья

здоровье,

Очень нужно для дома тепло.

Мы желаем, чтоб в Ваш

день рожденья

Ну душе у Вас было светло.

Мне здаецца, на душы Аляксея Сцяпанавіча святло не толькі ў дзень імянінаў. Яно сагравае яго і ў будні, і ва ўсе дні зямных турбот. Ён сам запаліў тое сонейка ў сабе, энергіі якога хапае і яму, і тым, хто вакол яго. Але падпускае на той агеньчык далёка не кожнага сустрэчнага-папярэчнага.

Шмат разоў ён падвозіў мяне да комплексу, у якім гадуюцца бычкі. Воддаль ад Астрамечава, ужо бачны здаля, цэлы гарадок для жывёлы. Даўно мне карцела пабываць там. Але Скакун не спяшаўся завесці туды. Усё наўкол калясіў. То ў кафэ жывёлаводаў завядзе і спецыяльна прыпыніцца каля лозунгаў «Без хлеба няма абеду», «Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы». То прапануе наведаць лазню з басейнам для жывёлаводаў ды «пакаштаваць» сялянскага парку. То захоча, каб я пабыў у пакоі адпачынку комплексу, дзе тэлевізар, більярд, шахматы. А то проста запросіць пасядзець каля прахадной комплексу, у цяні кашлатых дрэў, каля гарбатага мосціка цераз штучнае азярцо, пад наглядам птушак і звяркоў, вырабленых з дрэва мясцовымі майстрамі.

І калі я ўжо ўнутрана быў гатовы да наведвання комплексу, Скакун даручыў упраўляючаму Яўгену Шыбуну правесці для мяне экскурсію. Мы апранулі на сябе зялёныя аднаразовыя накідкі і праз прахадную прайшлі на фабрыку жывога мяса. Раней на такіх фермах працавалі, груба кажучы, адны «скотнікі», даглядчыкі жывёлы. Цяпе

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter