Аднойчы і назаўжды

Сёння ж Аляксей Сцяпанавіч стаў правобразам многіх руплівых аграрнікаў, праца якіх заслугоўвае павагі не меншай, чым палёт у космас.

Працяг. Пачатак  у нумары за 1 сакавіка.

У прыхожай маёнтка Вабішчэвічаў я не ўстрымаўся ад вясковага дзіва. Кафляная падлога прыемна цяпліла падэшвы.

— У нас такі кайф і на кухні, і ў ваннай, і ў туалетным пакоі, — як   пра   нешта    звычайнае, абыдзеннае сказаў Фёдар Рыгоравіч і павёў вандраваць па хаце.

Мы пабывалі на прасторнай кухні, абстаўленай усімі неабходнымі прадметамі для сучаснай гаспадыні. На першым паверсе наведалі сталоўку, зазірнулі ў дзве адпачывальні. У зале затрымаліся каля шафы з посудам і бібліятэкай, уключылі адзін з навейшых плоскіх тэлевізараў.

Шырокая лесвіца вывела нас на другі паверх. Там — спальня гасцявая, камінны пакой, більярдная. Мне хацелася даклікацца да нябёсаў, сабраць у гэту астрамечаўскую хату сваіх былых шоўкаўцаў, каб яны параўналі рай у вечнасці і рай зямны. Хай бы ўбачылі, як цяпер жывуць тут вяскоўцы, ледзь не мыюць курам ногі перад седалам.

— У нас яшчэ ёсць сучасны хлеў, гараж, склеп. Маем пятнаццаць сотак зямлі. Гадуем свінні, трымаем курэй, — быццам між іншым прызнаўся Фёдар Рыгоравіч, калі мы вярталіся ў сталоўку.

На стале было ўсё, чым багата зямля, але мяне найбольш зацікавалі сямейныя здымкі. На іх — малады, вясёлы Скакун з перавязаным накрыж ручніком.

— Аляксей Сцяпанавіч, наш старшыня, сватам гуляў у нас на вяселлі, — патлумачыла гаспадыня Раіса Канстанцінаўна.

— Пры ім наша вяселле сталася першым, — дадаў яе муж. — Мы першымі ў Астрамечаве атрымалі ключы ад кватэры. І адбылося гэта 28 жніўня 1983 года...

Фёдар і Рая пад’ехалі тады к новаму дому на ўпрыгожаным фаэтоне, запрэжаным параю коней. У ганаровым  эскорце — юныя коннікі на калгасных скакунах са спартыўнай школы. Аляксей Сцяпанавіч Скакун, як і належыць свату, сустрэў маладых сваіх падарункам. Уручыў ім ключы ад дома з чатырох пакояў на двух узроўнях. А мясцовыя кавалі — сімвалічны, на сем кілаграмаў ключ ад шчасця. Вось так распачалі сямейнае жыццё загадчык майстэрні Фёдар Вабішчэвіч і яго маладая жонка Раіса.

Цяпер у іхняй першай хаце жыве са сваёй сям’ёй дачка Таццяна. А Фёдар Рыгоравіч і яго жонка Раіса Канстанцінаўна справілі наваселле ў новым катэджы. Заўважым і падзівімся, якія прафесіі-пасады займела сучасная вясковая сям’я ў СВК «Астрамечава»: Фёдар — упраўляючы вытворчага участка «Зводы», Раіса — інжынер-мікрабіёлаг, іх дачка Таццяна — інжынер па стандартызацыі і метралогіі. А іх сын Іван — аспірант БНТУ ў Мінску.

Сапраўды, сям’я Вабішчэвічаў трымае ў сваіх руках ключ ад раю. Ім дапамог яго раздабыць шчодры ключнік Аляксей Сцяпанавіч Скакун. А калі ўлічыць, што на рахунку будаўнічай індустрыі кааператыва звыш дваццаці буйных грамадскіх памяшканняў і гаспадарчых аб’ектаў, больш за трыста катэджаў, дзіцячыя сады, школы, Палац культуры, Дом шлюбаў, магазіны, то можна ўявіць, колькі ашчасліўленых сялянаў жыве ў тутэйшых вёсках. Вельмі ж па душы ім паэтычныя радкі Якуба Коласа: «Мой родны кут, як ты мне мілы...»

Астрамечаўскі вальс

Аляксей Сцяпанавіч Скакун рана навучыўся пакланяцца зямлі, як святыні, і яна быццам вуснамі самога Ісуса, з блаславення Айца Нябеснага, падказвае яму ў патрэбны час адзіна правільныя рашэнні. Так было, лічыць ён, і з вытворчым садам як асобнай эканамічнай адзінкай кааператыва.

Калі стварылі гаспадарку з чатырох розных калгасаў, у кожным з іх меўся свой сад. Але яны былі невялікімі па плошчы і абслугоўвалі ў асноўным старшынь ды іх акружэнне. І вырашыў Скакун карэнным чынам змяніць статус тых садоў. А для пачатку загадаў выкарчаваць іх і падабраць зямлю для садовага раю.

Наслухаўся ён тады пра сябе самых розных плётак:

— Бач ты, на грош справы — на рубель прыправы. Хоча, каб зямля стала голай, як галава ў чорта лысага.

— Хіба ён садзіў тыя дрэвы, вось і не шкада вырываць.

— Мо шалёная муха яго ўкусіла за вуха? Навошта крыўдзіць яблыні, якія яшчэ родзяць і жыць просяць?..

Нехта нават чыркануў ананімку самаму галоўнаму камуністу вобласці Яфрэму Сакалову. У ёй гаварылася пра самадурства маладога старшыні калгаса Скакуна. Яго выклікалі «на кавёр» у Брэст.

Аляксей Сцяпанавіч прыехаў да першага сакратара абкама партыі з тоўстай папкай разлікаў аб перспектыўным плане развіцця прамысловага садаводства ў гаспадарцы. Яго эмацыянальная прамова была і пераканаўчай, і пераможнай:

— Мы не можам, таварышы, далей займацца кустарным, аматарскім садаводствам. Сад — гэта навука, якая патрабуе глыбокіх ведаў. Каб атрымаць плод, якім можна карыстацца ад Спаса да Спаса, трэба ведаць, як мінімум, дзе і як пасадзіць яблыню, якога сорту, як пазбавіць яе ад нашэсця шкоднікаў і як пасля захаваць яблык ва ўсёй красе, як гэта ўмеюць рабіць нашы суседзі палякі.

— А што, астрамечаўскі рэвалюцыянер Скакун правільна гаворыць, — агучыў сваю думку Яфрэм Яўсеевіч. — Ёсць прапанова даць яму волю паставіць свой эксперымент. Бізуна яму ўкапнуць мы заўсёды паспеем...

Атрымаўшы высокую падтрымку, Аляксей Сцяпанавіч кінуўся ажыўляць садовы праект. Голаму, як казаў яго дзед Васіль, сабрацца — толькі падперазацца. Ён даўно быў гатовы да новых клопатаў.

За вёскай Кашылава, па правы бок ад шашы на Брэст, выдзелілі трыста гектараў зямлі. Скакуновы ганцы раз’ехаліся ва ўсе канцы Беларусі, Расіі, Украіны, дзе ўжо квітнела дзяржаўнае садаводства. Сам Аляксей Сцяпанавіч наведаў польскі Інстытут садаводства і кветкаводства ў Скеравіцах. Адтуль прывёз дамову на закупку такіх сартоў яблынь, пра якія астрамечаўскія аматары і не чулі, — «айдарэд», «пінова», «глосцер», «джона-голд». Атрымлівалася быццам у мясцовай прымаўцы: «Каціўся яблык вакол агарода, хто яго падняў, той і ваявода».

І вось урэшце прафесійны нюх кіраўніка вывеў Аляксея Сцяпанавіча да заатэхніка фермы ў Астрамечаве Надзеі Сцяпанаўны Крывалевіч. Яму стала вядома, што яна па спецыяльнасці — аграном, і хацела б свае здольнасці раскрыць у гэтым накірунку. Больш таго, муж яе Сяргей — таксама аграном, а робіць брыгадзірам паляводчай брыгады. Вырашыў старшыня надаць гэтай пары галубкоў новыя крылы, свежае дыханне, малады азарт. Паехаў на паклон да іх.

Мы ідзем па садовым царстве, і ўпраўляючая не без гонару кажа:

— Я гатова тут дняваць і начаваць. Кожнае ранне лячу сюды, як на свята. І так ужо шаснаццаць гадоў. Паглядзіце наўкол, нас акружаюць класічныя сарты яблынь, як у Канадзе, Амерыцы, Англіі, Галандыі, Чэхіі. Усіх нас вучыць Аляксей Сцяпанавіч: «Умейце зразумець, што мы не горшыя гаспадары на зямлі, чым у хвалёным замежжы. Дык давайце і вынікі адпаведныя!» Мы і стараемся...

Мовай лічбаў гэта старанне вызначаецца ў пяць тысяч тон садавіны ў год. Уяўляеце: кавалькаду машын, загружаных жоўта-зялёна-чырвонымі яблыкамі, даўжынёй у некалькі дзясяткаў кіламетраў. І гэта ўсё астрамечаўскія дары!

З упраўляючай падыходзім да арыгінальных садовых альтанак. Тут прыладкаваны нават нейкія музейныя калёсы, побач «жыве» драўляны бусел. Лаўкі, сталы, дахі — усё выраблена з мастацкім густам. Ёсць разеткі і самавары. Рабочыя саду, механізатары маюць усе ўмовы для адпачынку.

— Наш Аляксей Сцяпанавіч дазваляе нават згуляць тут вяселле, калі маладыя пажадаюць. Лепшага кафэ і не прыдумаеш. Застолле на святочнай прыродзе. Яблыні наўкол пахнуць свежасцю, а прыгажосць, як вокам кінуць, проста райская. І тосты нараджаюцца ўзнёслыя, — Надзея Сцяпанаўна папраўляе чарнявую касу, сціпла ўсміхаецца. — А ў нас, садаводаў, свой, нязменны тост: «Каб не было паршы і каб здохлі ўсе мышы». Па дванаццаць разоў апырскваем садовыя дрэвы і баімся мышэй, каб не завяліся ў карнявішчах.

З Аляксеем Сцяпанавічам я праязджаў міма саду ў розныя поры года. Едзем зімой, пачынаецца доўгая, белая агароджа, а за ёй — снежны дыван з іскрыстымі кронамі дрэў. Прыгажосць неапісальная!

Едзем вясной — трыста гектараў зямлі ў белай, шалёнай квецені. З душы Аляксея Сцяпанавіча заўсёды вырываецца адна і тая ж фраза:

— Можна ў гэта царства прадаваць турыстам пуцёўкі!

Едзем летам, прыпыніць машыну, паходзіць ад дрэва да дрэва і парадуецца: наліваюцца плады, набіраюцца сілы і жыццёвых сокаў. Будуць у астрамечаўцаў свае вітаміны на ўсю зіму!

Едзем восенню — сад зацяжараны, вось-вось абродзіцца.

Аляксей Сцяпанавіч выхоплівае з машыны фотаапарат, і яго ў гэты час нельга нічым турбаваць. Ён увекавечвае чырвоныя знічкі на яблынях, атаўсцелыя, сакавітыя грушы. Плады адзін у адзін — наліўныя, чыстыя, апетытныя. Іх — пяць тысяч тон!

І ў гэты час, здаецца, над усім садам, над усёй навакольнай прасторай гучыць «Астрамечаўскі вальс» на словы паэта Уладзіміра Сітухі:

Остромечеву свыше намечено,

Предначертано яркой судьбой,

В нашем крае певучем и песенном

Увлекать и вести за собой...

Бульбяная ўверцюра

Выходжу з астрамечаўскай гасцініцы, а сонца ўжо высока ўзабралася на неба. Аж сорам ахапіў маю душу: “Не, браток, у вёсцы так доўга спаць — неадпушчальны грэх”. Супакойваю сябе: “Але ж вінаватыя пеўні, чаго не разбудзілі?” Яны заўсёды служылі жывым гадзіннікам селяніну. Кукарэкалі і лопалі крыламі досвіткам, калі яшчэ толькі само сонца мелася прачнуцца. Гэта мне вядома з шоўкаўскага маленства. А тут, у Астрамечаве, бач, пеўні на ўсім гатовенькім затлусцелі, голас страцілі.

Іду па вуліцы міма бібліятэкі, чытальня яшчэ на замку. Плошча пустая, без машын. І тут, я аж аслупянеў ад нечаканасці: на ўсё наваколле заспяваў галасісты певень! Прыпыніўся, не паверыў вушам сваім. І раптам у звонкай цішыні нейчы запозненны спявак зноў зацягнуў сваю рапсодыю. Мелодыя неслася ад чырвоных катэджаў, якія стаяць уздоўж школы.

Пачаў разгадваць: чаму певень так позна падае голас, мо яго хто напалохаў, а мо пачуў, як я бразгацеў дзвярыма ў гасцініцы і вырашыў панасміхацца нада мной, а мо клікаў на сняданак сваіх каханак? Іду, разважаю і раптам лаўлю сябе на лоўкай думцы, што запозненныя спевы астрамечаўскага пеўня нагадалі мне пра крыху “заспаную” кандыдацкую дысертацыю Аляксея Скакуна.

Было яму ўжо сорак гадоў, калі ён адшукаў у сваіх дамашніх архівах важкую папку з назвай “Бульба”. Яе завёў яшчэ ў Іванаве, як узначальваў там раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі. Трымаў у сакрэце і папку, і саму задумку напісаць калі-небудзь навуковую працу. Тая папка аднойчы нагадала Аляксею Сцяпанавічу тэатральнае ружжо. Калі яно ёсць у інтэр’еры спектакля і вісіць на сцяне, то рана ці позна ім пакарыстаецца герой п’есы.

Што прымусіла Скакуна пакласці перад сабой на рабочы стол сабраныя матэрыялы пра бульбу?

Яго сельскую гаспадарку пачалі ўсё часцей наведваць вучоныя з розных навуковых інстытутаў. Прасілі дапамагчы правесці нейкі дослед у полі, на ферме. Астрамечаўскі вопыт гаспадарання вельмі смакавалі ўсялякія шукальнікі эфектаў і навізны. Больш таго, заўважыў Аляксей Сцяпанавіч, да навуковага берагу, як рыба на нераст, пачалі прыбівацца кабінетныя чыноўнікі. Аграрная навука станавілася чыста тэарэтычнай, асфальтнай. Горка і крыўдна было ўсё гэта бачыць, адчуваць.

І вырашыў Скакун даказаць, што мужык, гаспадар зямлі, яе араты і сейбіт, таксама мае права сказаць сваё слова ў навуцы. А галоўнае, можа гэта зрабіць доказна, ёмка, абгрунтавана, бо свае вопыты праводзіць штодзённа. Хацелася яшчэ таму-сяму падцерці нос ды нагадаць, што мазгі ў селяніна не ў кішках, як многія разумнікі лічаць, а там, дзе паклаў іх сам Бог.

З такім настроем паехаў старшыня праўлення калгаса-камбіната “Памяць Ільіча” Аляксей Скакун у Беларускі навукова-даследны інстытут эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. Там працаваў вопытны і спагадлівы старшы навуковы супрацоўнік Барыс Міронавіч Шапіра. Ён прыветна, як даўняга знаёмага, сустрэў Скакуна:

— О, Аляксей Сцяпанавіч! Мо з гатовай кандыдацкай да нас?

— Ды вось думаю…

— Доўга думаеце, Аляксей Сцяпанавіч, — прыпыніў субяседніка Шапіра і пачаў яго крыху сарамаціць. — Калі вы яшчэ працавалі ў Іванаве, я бываў у вас і казаў, што вы, як курка-квактуха, ужо тады выседжвалі кандыдацкую па бульбе. Дзе кураняты?

Той дзень, тая сустрэча з Шапірам і вызначылі лёс Скакуна — вучонага мужыка. Барыс Міронавіч пагадзіўся быць навуковым кіраўніком у астрамечаўскага старшыні. Вызначылі і тэму кандыдацкай. Яна гучала актуальна: “Эканамічныя і арганізацыйныя рэзервы павышэння эфектыўнасці вытворчасці бульбы”. Вырашылі рабіць навуковыя аналізы і вывады на прыкладах гаспадарання ў калгасах Брэсцкай вобласці.

І папрасіўся Аляксей Сцяпанавіч у сваіх праўленцаў у адпачынак, у якім даўно не бываў. Прапанаваў жонцы Валянціне паехаць з ім. Ведаў, яна сваёй маўклівай спагадай, сваім глыбокім разуменнем усяго таго, што хвалявала яго, падможа разабрацца ў віры навуковых думак! Так яны, Скакуны, апынуліся ў санаторыі “Аксакаўшчына” пад Мінскам.

Векавыя сосны зазіралі ў пакой астрамечаўцаў. У ціхае надвор’е чуваць быў неўгамонны вадапад каля плаціны. Адпачываючыя яшчэ з ранку займалі месцы на возерным пляжы. Пасля сняданку хто на працэдуры кіраваў, хто ў грыбы, а Аляксей Сцяпанавіч прысаджваўся за пісьмовы стол. Там яго чакалі патрэбныя паперы, графікі, схемы, фотаздымкі. Пачыналася даследчая праца. Валянціна Іванаўна, як і дома, заўсёды побач, гатовая на любую падмогу: паперы перапісаць, аналітычную табліцу перамаляваць, кавы зварыць.

Дысертант Скакун як бы і не навічок у вызначанай тэме, але цяпер перад ім быў не калгасны палетак, а чыстая белае папяровае поле. Яго мусіў ён засеяць словамі-думкамі пра тое, як найэфектыўней вырасціць бульбу.

Першая глава ўвабрала ў сябе тэму — “Развіццё бульбаводства ў Беларусі і яго эканамічная эфектыўнасць”. Тут усё раскладвалася як на далоні. Аляксей Сцяпанавіч добра ведаў, якую важнасць мела гэта земляная царыца на сотках у яго бацькі Сцяпана, у дзеда Васіля. Дык перанось тыя сялянскія клопаты на абсягі ўсяе Беларусі, укладзі ў яе вырошчванне тую ж руплівасць, якую мужыкі аддавалі бульбе на сваіх агародах, і атрымаеш выкананне Прадуктовай праграмы краіны, якую вызначыў “чарговы гістарычны” з’езд КПСС. Тады яшчэ стаяў той час, калі ўсё і ўсюды вызначалася розумам і рашэннямі Камуністычнай партыі. На яе цытаты, а як жа інакш, спасылаўся і даследчык Скакун.

Другую главу навуковы кіраўнік Барыс Міронавіч Шапіра прапанаваў назваць “Арганізацыя працы на вытворчасці бульбы”. Тут Аляксей Сцяпанавіч адчуваў сябе, як рыба ў вадзе. Ён жа сам, будучы начальнікам раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі, арганізоўваў іванаўскіх бульбаводаў на прагрэсіўныя метады працы, ствараў спецыялізаваныя звенні механізатараў, якія адказвалі за ўраджай бульбы ад яе пасадакі да ўборкі і захавання.

Аляксей Сцяпанавіч меў пад рукамі шматгадовы практычны вопыт і гаспадарак Іванаўскага раёна, і свайго калгаса-камбіната “Памяць Ільіча”, і калгасаў з Пінскага, Камянецкага, Любанскага раёнаў. Патрабавалася толькі аналітычна, па-навуковаму падагуліць сабраныя звесткі. І мужык Скакун старанна, у муках здабываў сваю мудрую філасофію.

У трэцюю главу дысертацыі былі ўкладзены думкі пра ўдасканаленне працы ў бульбаводстве. Тут Аляксей Сцяпанавіч падводзіў вынікі сваіх даследаванняў і назіранняў. Асаблівую ўвагу звярнуў на тое, што затраты на гектар пасадкі значна большыя, чым выхад гатовай прадукцыі. Дысертант шукаў навукова абгрунтаванага рашэння задачы. Улічваў усё: кошт насення і ўгнаення, заработную плату і расход паліва, тэрміны пасадкі, праполкі, уборкі. Вывад атрымліваўся нязменны: трэба павышаць якасць працы. Яна павінна быць рытмічнай, сінхроннай, бесперабойнай, як у гадзіннікавым механізме. Навейшая тэхніка і сучасны, адукаваны мужык — вось тыя “калёсікі і вінцікі”, якія і ўтвараюць спецыяльныя звенні бульбаводаў.

Аляксей Сцяпанавіч прызнаўся, што пры напісанні кандыдацкай прыгадалася ўся дзедава, бацькава сялянская навука. Як ніколі чуйна адгукнулася ў яго душы іх мужыцкая мудрасць, знаходлівасць і вера. “Калі насенне кепскае, — казаў дзед Васіль, — то трэба ўкрасці крыху ў суседа, падсыпаць да свайго, то добра зародзіць”. “Ох, дзядуля, думаў Аляксей Сцяпанавіч, каб жа ты ведаў, як я аднойчы па-партызанску вёз два мяхі элітнага зерня з Польшчы. На мяжы мытнікі прысталі: “То цо пан вывозіць?” Давялося маніць, што купіў зярнят для куранят, як наклююцца польскага жыта, нанясуць яек поўнае карыта”.

Памежнікам спадабаўся вясёлы беларускі мужык Скакун, які шчодра пачаставаў іх і жартамі, і белавежскім напоем. А на астрамечаўскім вопытным участку той вясной высеялі на насенне два мяхі высокасартавой пшаніцы.

Бацька Сцяпан закінуў у сынаву памяць сваю зарубку: “Саджай бульбу на пяты дзень маладзіка, дык накапаеш на поўны склеп. Перад Міколам саджай, дык таксама будзеш з бульбай”. У мамы Веры была свая прыкмета: “Першую баразну павінен саджаць галава хаты, дык і пад карчом будзе бульба галавастая”.

Апошнія гады, калі маці засталася адна, сілы пакідалі яе, яна ўсё роўна саджала загончык бульбы. Як памяць па Сцяпану. Сядзе на лавачку каля хаты, пазірае на баразёнкі, кіне вокам у поле калгаснае і абавязкова згадае сына Аляксея, уздыхне, як бы памоліцца: “Ніколі не пакідай, сынок, зямелькі-карміцелькі, шануй яе, то яна аддзячыць табе”.

Такая памяць памагала Аляксею Сцяпанавічу пісаць кандыдацкую дысертацыю. Ён “пералапаціў” сто дваццаць адну кніжку па неабходнай тэматыцы, напісаў сто сорак сем старонак свайго даследавання, большасць з якіх надрукаваў у навуковых часопісах. Свае вывады і прапановы вынес на абмеркаванне васьмі рэспубліканскіх і абласных навукова-практычных канферэнцый.

— Калі мы былі ў “Аксакаўшчыне”, — згадвае Валянціна Іванаўна, — то Аляксей праз дзень ездзіў у Мінск. Кансультаваўся са сваім навуковым кіраўніком Шапірам Барысам Міронавічам. Вельмі сімпатычны чалавек, з глыбокай памяццю і душэўнай інтэлегентнасцю. Вяртаўся з Мінска Аляксей заўсёды натхнёным, быццам на крылах. Ніхто ж не ведаў, што ён піша, чаго ездзіць у Мінск. Санаторскія застольнікі часам кідалі мне рэпліку: “Ну што, і сёння ваш муж у бягах?” — “Ага, адказвала я, зноў паехаў у сталіцу…”

Вясной 1987 года, перад пасяўной, Аляксей Сцяпанавіч Скакун абараніў дысертацыю на вучоную ступень кандыдата эканамічных навук. Гэта знакавая падзея адбылася на пятую вясну яго працы ў Астрамечаве. У дзень красавіка, калі пачынаўся Пахвальны тыдзень перад Вербніцай. У гэты дзень, казалі старыя людзі, дзікая качка хваліцца знесеным яйкам. І чалавек павінен быў нечым пахваліцца. Мужык Скакун адкрыў сваю тайну і аб’явіў усім, што на высокім навуковым савеце вытрымаў экзамен. І гэта сталася яго ўверцюрай, адкрыццём, пачаткам уступлення ў вялікую навуку.

Настаўнікі мужыка

Мне хацелася даведацца , каго з аграрнікаў-сучаснікаў Скакун лічыць сваім настаўнікам, у каго бярэ ўрокі гаспадарання, дзе і як павышае сваю кваліфікацыю?

Аляксей Сцяпанавіч доўга не шукаў адказу, як кажуць, не лазіў па яго ў кішэню:

— Ведаеце, вучыцца добраму ніколі не позна. Ні ў кога я не саромеюся перапытваць, распытваць, дазнавацца пра тое, чаго не ведаю альбо пра што мала дасведчаны. Як на экзаменах, заўсёды бываю ў лепшых сельскіх гаспадарках: у Снове — на Нясвіжчыне, у Верцялішках — на Гродзеншчыне, у Мышкавічах — на Магілёўшчыне, у Сарачах — на Любаншчыне. Там працуюць сапраўдныя гаспадары на зямлі. Яны шчодра дзеляцца вопытам, адкрытыя ў зносінах, не трымаюць нічога пад грыфам “сакрэтна”. Люблю такіх настаўнікаў!

Аляксей Сцяпанавіч змоўк, скіраваў позірк у вакно, і я прыкмеціў, што ён не проста разглядвае пейзаж за шклом, а глыбока думае пра нешта таямнічае. Мне падалося, разважае — сказаць ці прамаўчыць. І ўрэшце прызнаўся:

— Са знакамітым суседам Бядулем Уладзімірам Лявонавічам сяброўства не атрымалася. Я па маладосці ўзяў ды на адной з абласных нарад сказаў, што будзем старацца так працаваць, як бядулеўцы ў “Савецкай Беларусі”, а можа, яшчэ і лепш, а можа, яшчэ і перагонім іх па ўсіх паказчыках. Дык Уладзімір Лявонавіч зараўнаваў. Што ж, гэта яго права…

Скакун целяпнуў плячыма, скупа ўсміхнуўся і павесялелым голасам сказаў:

— А вось з украінскім старшынёй, двойчы Героем Сацыялістычнай працы Уладзімірам Антонавічам Плюцінскім у нас з першай сустрэчы завязалася шматгадовае моцнае сяброўства. Ён вярнуўся дамоў і пачаў ствараць калгас. Дзевяць гадоў не здымаў ваенны шынель. Сяляне паверылі свайму важаку і пачалі калектыўную гаспадарку з адной аўтамашыны, шасцідзесяці васьмі плугоў, сямнаццаці сеялак і трыццаці адной каровы…

Аднойчы Аляксей Сцяпанавіч Скакун сабраўся і паехаў ў Ровенскую вобласць, у знакамітую аграфірму “Зара”, да слыннага яе “галавы” Плюцінскага, каб атрымаць практычныя ўрокі гаспадарання. Яны, малады беларус з Астрамечава і ўвесь у золаце і славе ўкраінец з Ровеншчыны, вельмі ж спадабаліся адзін аднаму. Плюцінскі з першых крокаў знаёмства адчуў у Скакуне роднасную душу, абнадзеіў яго прыезд:

— Добра, што зазірнуў у “Зару”. Нам, калгаснікам, трэба згуртоўвацца, падтрымліваць навуку сялянскага поту. Як кажуць украінцы, адной рукой вузла не завяжаш, адным калом плот не ўтрымаеш.

— А ў Беларусі кажуць: “Дружнай грамадзе воўк не страшны”. Мы сучасную навуку прымаем, але ж і дзедава павучанне не забываем, новых аўтарытэтаў шукаем.

Вынікам знаёмства двух аграрыяў стала пажаданне настаўніка Плюцінскага таленавітаму вучню Скакуну:

— Помні, Аляксей, мужыкі не любяць часовых кіраўнікоў. А я не люблю таптуноў на месцы. Глядзі, Аляксей, калі ты не пойдзеш далей за мяне, значыць я быў нікчэмным настаўнікам…

У тую сустрэчу Уладзімір Антонавіч падараваў новаму калегу з Беларусі сваю кнігу “Запіскі старшыні калгаса”. Подпіс на ёй кароткі, але абнадзейваючы. Па-ўкраінску ён гучыць так: “На добру згадку про зустрічу, з найкращими побажаннями”.

Развагі Плюцінскага Аляксей Сцяпанавіч не проста запомніў, а, здаецца, запісаў у сваім сэрцы. Вось яны:

“Калгас мне застаўся хоць куды: і атрымліваць за работу няма чаго, і ўкрасці няма чаго. І тады я зразумеў галоўнае: багацце — у душах людзей, іх веры ў заўтра. Гэта ўсё найперш павінен мець сам кіраўнік”.

“Душой трэба адчуваць зямлю. Каб мець поспех, патрэбна гарачая перакананасць у тым, што гэта справа патрэбна людзям”.

“Старшыня мусіць часта і багата з кім выпіваць, але ніколі не мае права падаць. Заўсёды цвёрда стой на нагах, каб не падымалі. І не дай жа бог, каб сяляне ўбачылі цябе пад мухай”.

“Калі няма руху наперад, злазь з даху. Будзь заўсёды крыху незадаволеным сабою”.

“Пакуль працуем — жывем. Самае лёгкае — памерці, самае цяжкае — жыць”.

Уладзімір Антонавіч Плюцінскі звыш паўстагоддзя кіраваў “Зарой” на Ровеншчыне. Ён заспеў яшчэ сталінскую дыктатуру, перажыў хрушчоўскі валюнтарызм, перацярпеў брэжнеўскі застой, трапіў у вір гарбачоўскай перабудовы і ельцынскага развалу Саюза. У часы гэтых выпрабаванняў ровенскі “чырвоны старшыня” вывеў сваю гаспадарку ў лік самых вядомых і заможных, а сам стаў рэктарам універсітэта калгаснай індустрыі. Яго удзячным вучнем доўгія гады быў астрамечаўскі мужык Скакун, які меціў, масціў свой адметны шлях у навуку.

Абодвум падабалася доказная філасофія рускага землеўласніка, агранома, публіцыста, прафесара земляробства Аляксандра Мікалаевіча Энгельгардта. Пры кожнай сустрэчы яны згадвалі яго “Пісьмы з вёскі”. Асабліва падабалася Плюцінскаму і Скакуну, што гэты настаўнік, жывучы на землях Смаленскай губерні, ужо ў дзевятнаццатым стагоддзі прадбачыў такія калектыўныя сельскія кааператывы, як “Зара” і “Астрамечава”. Ён пераканана пісаў у сваіх пісьмах:

“Крестьянский двор зажиточен, пока семья велика, пока земля не разделена и работа производится сообща… Разделение земель на небольшие участки для частного пользования, размещение на этих участках отдельных земледельцев, живущих своими домиками и обрабатывающих, каждый отдельно, свой участок, есть бессмыслица в хозяйственном отношении… Будущее принадлежит тем хозяйствам, где обрабатывать землю и вести хозяйство будут не единолично, не каждый сам по себе, но сообща…”

Ім падабалася Энгельгардтава ацэнка мужыка:

“Чтобы быть хорошим хозяином, нужно любить землю, любить хозяйство, любить эту черную, тяжёлую работу… Мужики, ей-богу, вовсе не так глупы — они только любят, чтобы настоящее дело было, а не так: пшик-брик, туда-сюда — и ничего нет…”

Хвалячы гаспадара сям’і — суровага, дэспатычнага, маральна моцнага — Энгельгардт аддае перавагу мужыку не толькі таму, які добра арэ і сее, а таму, які пры гэтым умее любавацца, цешыцца раллёй, сваёй зямелькай-карміцелькай. Такімі ўлюбёнцамі ў зямлю ўдаліся мужыкі Плюцінскі і Скакун, настаўнік і вучань.

У апошні свой прыезд у Астрамечава ўкраінец Уладзімір Антонавіч Плюцінскі адчуваў сябе хваравіта. Яму ўжо патрабавалася падмога сесці ў машыну, выйсці з яе. Але ён пераадолеў далёкую дарогу, вельмі ж хацелася пабываць у свайго беларускага падзвіжніка, сваімі вачыма ўбачыць, што здолеў вучань Скакун пераняць у яго.

Аляксей Сцяпанавіч паказаў госцю свае фермы, комплекс з бычкамі, звераферму, катэджны пасёлак Астрамечава, дагледжаныя палеткі і вёскі, сад і кафэ “Ніву”. Ён як бы здаваў экзамен свайму строгаму, патрабавальнаму настаўніку. Ацэнка была арыгінальнай, і крыху нечаканай.

— Дзякуй табе, Аляксей Сцяпанавіч.

— За што? — перапытаў Скакун.

— За ўсё!

Уладзімір Антонавіч на міг адвёў позірк ад свайго вучня, а той прыкмеціў у настаўніка павільгатнелыя вочы. Мужыкі абняліся, расчуленыя і ўдзячныя адзін аднаму.

На вялікі жаль, гэта для Плюцінскага стала апошняй сустрэчай са сваім беларускім сябрам.

У кожнага чалавека свае настаўнікі. Яны розныя, як і самі людзі. Кажуць, няма ў цэлым свеце зусім аднолькавых індывідаў. У кожнага ўсё сваё. Аляксей Сцяпанавіч любіць расказваць пра свайго аднакурсніка. Прыехаў той з дыпломам інстытута ў калгас, старшыня-самавук кажа яму:

— Во што, браток, забудзь усё, чаму цябе вучылі. У нас тут свая навука…

У Аляксея Сцяпанавіча падыход да моладзі даверлівы, але строгі. Ён, даўно стаўшы сам настаўнікам, дае сваім вучням шанец адчуць самастойнасць, а значыць, адказнасць за працу. Вось як тлумачыць гэту якасць Скакуна намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Адамавіч Марыніч:

— Прыехаў я пасля інстытута ў Астрамечава, сустрэўся з Аляксеем Сцяпанавічам. Паздароўкаліся, перакінуліся некалькі фразамі, ён тут жа прымае рашэнне: “Пойдзеш галоўным інжынерам”. Я замяўся: “Ці спраўлюся?” Старшыня рэзка абарваў мае сумненні: “Калі не справішся, то і не бярыся”. Сорамна стала і злосць апанавала: “Табе давяраюць, а ты — у кусты…”

Мы сядзім у кабінеце намесніка міністра, яго пяць гарадскіх тэлефонаў, два сотавікі час ад часу ўзрываюцца рознымі галасамі, а яму хочацца гаварыць пра свайго паважанага настаўніка Скакуна, які быў і застаўся ў вёсцы.

— Ён умее падбіраць людзей у сваю каманду, — кажа Леанід Адамавіч. — Умее азадачыць і тут жа дае поўную волю дзеянняў. Рабі як умееш, але каб быў канечны вынік. Во які настаўнік Скакун!

Было такое.

Стаіць трактар у полі, і стаіць каля яго ў роспачы галоўны інжынер Марыніч. Пад’язджае старшыня:

— Што здарылася?

— Механізатар не выйшаў на працу. Свята сёння…

— Не ведаеш што рабіць? — Скакун вылез з легкавушкі, сеў у трактар і праехаў круг, а тады і гаворыць Марынічу. — Бачыў як трэба. Сам садзіся і ары, калі не можаш арганізаваць…

Гэта быў урок галоўнаму інжынеру на ўсё астатняе жыццё.

— Школа Аляксея Сцяпанавіча, яго вопыт вельмі дапамагаюць мне і цяпер, у міністэрскім крэсле, — прызнаўся Леанід Адамавіч Марыніч і пасля роздумнага маўчання дадаў: — Ён навучыў працаваць самастойна. Умее ўсяліць у чалавека веру, дае яму магчымасць убачыць сябе і адчуць свае здольнасці. І гэта ўсё выводзіць чалавека ў людзі. Мае дваццаць гадоў працы са Скакуном — гэта асобная дысертацыя жыцця. Помніцца толькі добрае…

Навука без прынукі

Жыў ды быў у свой час англійскі фізік Эрнэст Рэзерфорд. Ён вельмі глыбока “залез” у таямніцы атама. Заснаваў сваю навуковую школу. Адкрыў альфа і бэта промні, патлумачыў іх прыроду, стварыў тэорыю радыёактыўнасці, здзейсніў першую штучную ядзерную рэакцыю, прадказаў існаванне нейтрона.

Для чаго я прыгадаў англійскага нобелеўскага лаўрэата? Якія стасункі ён мае з маім астрамечаўскім мужыком? А вось гэтым яго афарызмам, які запісаў у свой блакнот Аляксей Сцяпанавіч Скакун:

“Калі вучоны не можа патлумачыць, чым ён займаецца, прыбіральшчыца, якая мые падлогу ў яго лабараторыі, значыць, ён сам не разумее, чым ён займаецца”.

Пра гэта разважаў, трывожыўся астрамечаўскі старшыня, калі надумаўся штурмаваць новую ступень аграрнай навукі — доктарскую дысертацыю.

— Калі па-чэснаму, то пэўны страх апаноўваў, — прызнаецца Аляксей Сцяпанавіч. — Быў Лёша з Дастоева, стаў Скакун з Астрамечава. А тут адкрывалася новая арбіта. Яна была як бы зразумелай яшчэ з дастоеўскай дзедавай пагаворкі: “Сімка, Сціпка — ешце смятану, Ванька, Манька, Ганна — малако, а нам старым — сыры”. Карацей, есці знойдзецца каму, трэба толькі ўсё гэта здабыць. Галоўнае — атрымаць прадукцыю па-новаму, паболей, якасную і з найменшымі затратамі. А гэта і ёсць навука…

Аляксей Сцяпанавіч перадае мне пераплеценую, самаробную кнігу ў блакітнай вокладцы. У ёй — 336 старонак камп’ютарнага тэксту. Яго складанасць пачынаецца ўжо з загалоўка — “Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў аграрна-прамысловым комплексе Рэспублікі Беларусь (пытанні тэорыі і практыкі)".

Для пачатку паслухаем мудрага ад прыроды, узвышанага сямейным выхаваннем, багатай жыццёвай практыкай, доктара аграрных навук, прафесара Барыса Міронавіча Шапіру:

— Я хачу вам сказаць, што я падрыхтаваў дваццаць два кандыдаты навук. І Скакун Аляксей Сцяпанавіч сярод іх. Ён з тых, прабачце, хто не ўпадабляецца вядомым чацвераногім. Ухопіць костку — і ў кусты, і тут жа забывае, хто яе даў. О не, Аляксей Сцяпанавіч удзячны чалавек, памятлівы, паважлівы. Прайшло багата гадоў, як ён паспяхова абараніў дысертацыю, а мяне, навуковага кіраўніка, ніколі не забывае павіншаваць з днём нараджэння, з Новым годам. Мы ў пэўнай ступені — сябры. І я падмагаў яму выруліць да доктарскай навуковай працы…

Барыс Міронавіч асабліва адзначае тое, што Скакун заўсёды вывучае чужы вопыт. Але ніколі не капіруе яго, а выкарыстоўвае аналітычна, з улікам астрамечаўскіх умоў. Вось таму яго асабісты вопыт варты тэорыі і практыкі. Ён і вывеў Аляксея Сцяпанавіча ў вучоныя.

— Я хачу вам сказаць, што я, як і Скакун, таксама аграрнік, хаця па адукацыі педагог, — прызнаецца Барыс Міронавіч. — Быў час, калі старшынямі калгасаў ставілі дырэктараў школ. Вось і я ўзначаліў калгас імя Суворава на Любаншчыне. Ды так шчыраваў, што адным годам ледзь Героем не стаў…

Барыс Міронавіч прыгадвае былое ахвотна і з доляй смяшынкі. Адчуваю, іх родніць са Скакуном аптымістычны, жартаўліва-аўцюкоўскі жыццёвы тонус. Гэта аб’ядноўвае іх, настаўніка і вучня, і гэта, веру, дапамагло ім выжыць і дасягнуць сваіх вышынь у навуцы. Менавіта сялянская мудрасць узвысіла гэтых людзей.

Успомнілася байка, якую любіць апавядаць Аляксей Сцяпанавіч. Дзе, ад каго ён падхапіў яе, і сам не помніць, але ж байка, як выдумка-прыдумка народа, і не можа мець пэўнага аўтара і адраса. Яна ўсіхняя, таму і прыдатная любому чалавеку ў патрэбнай сітуацыі. Яе Скакун баіць як бы пра сябе, альбо пра свайго дасціпнага дзеда Васіля.

— Прыехаў мужык на кані ў школу, сына хацеў забраць дадому. А тут яшчэ ідзе ўрок арыфметыкі. Настаўнік пасадзіў мужыка за парту. Хай пасядзіць, паслухае, як вучыцца яго сын. Матэматык дае задачу: “Калі конь з’ядае за дзень дзесяць пудоў аўса, то колькі пудоў яму трэба на месяц?” Вучні задумаліся, цішыня ў класе. І тут мужык не вытрымаў: “Дарагі настаўнік, конь за дзень дзесяць пудоў аўса не з’есць, яму ніхто столькі не дасць”. Матэматык тлумачыць: “Ну, разумееце, гэта гіпербала”. Мужык не зусім ведаў, што такое гіпербала, але мудра заківаў галавой: “А-а, калі гіпербала, то, канешне, з’есць…”

З аптымістычным настроем браўся пісаць доктарскую Аляксей Сцяпанавіч Скакун. Ведаў: разумны зразумее, мужык перапытае, а галоўнае, каб сам глыбока ўсвядоміў, што новага ты хочаш паведаміць вучонаму люду.

Вось чаму праз усе старонкі дысертацыі, паміж іх радкамі адчуваецца подых сялянскай працы, віражы, ухабы складаных будняў. Гэта пацвярджае сваёй шчырай споведдзю і настаўнік Скакуна Шапіра.

Слухаў Барыса Міронавіча і думаў, як жа яны падобныя са Скакуном. У сялянскім лёсе Аляксея Сцяпанавіча таксама нямала казусаў з начальствам. Ляпілі, бывала, і яму вымовы “па партыйнай лініі”. Часам зусім несправядліва. А за тое, што знізіўся працэнт надою, прывагі, умалоту. За тое, што без дазволу вышэйшага начальства здаў на мясакамбінат кароў, якія мелі казіны ўдой. За тое, каб служба мёдам не здавалася. Мець талент народнага дыпламата, мець такую галаву на плечах, каб знаходзіць кантакт з усімі і пры любых нягодах заставацца ўлюбёным у сваю справу — гэта, відаць, і ёсць асноўны змест сялянскай навукі, якую глыбока ўсвядомілі два шаноўныя аграрнікі — Шапіра і Скакун.

Тут важна яшчэ адзначыць, што прыязныя адносіны захаваліся не толькі ў настаўніка Шапіры і вучня Скакуна. Пасябравалі Аляксей Сцяпанавіч і сын Шапіры Сямён Барысавіч. Яны ўжо шмат гадоў на адным аграрным фронце. Аляксей Сцяпанавіч верны сваёй астрамечаўскай пасадзе, а Сямён Барысавіч Шапіра ўзняўся ад эканаміста да міністра сельскай гаспадаркі. Цяпер узначальвае Гродзенскі аблвыканкам, губернатар. Абодва — сенатары ў рэспубліканскім парламенце. Аднадумцы!

Пасля гутаркі з Шапірам мне стала лёгка на душы. Было такое ўражанне, што Барыс Міронавіч дапамог мне папулярна прачытаць прадмову да доктарскай дысертацыі Аляксея Сцяпанавіча Скакуна. Неўпрыкмет, мудра і тактоўна, ён падвёў да таго, што гэту навуковую працу астрамечаўскі старшыня не мог не напісаць. Ён сведка і актыўны баец пераводу аграрнага комплексу Беларусі на новыя, рынкавыя рэйкі. Накоплены вопыт у Астрамечаве патрабаваў навуковага абгрунтавання. Каму як не яму, кіраўніку кааператыва, кандыдату навук, узяцца за гэту няпростую справу, улічваючы, што дадзеная праблема не вельмі вывучана. І мужык Скакун замахнуўся ўнесці свой навуковы ўнёсак у дзяржаўную палітыку і стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця вёскі. У гэтай дарозе навука была яму не прынукай, а добрай спадарожніцай.

Розум без смеласці — нерухомы.

Розуму Аляксею Сцяпанавічу пазычаць не трэба. Смеласці хапае. Дык вучыся, мужык, каб дурні звяліся.

Навука — не мука, калі пасябруеш з ёй, як з роднай зямлёй.

Доктар зямлі

Японцы дзіваваліся з астрамечаўскага раю. Скакун задавальняў любую іх цікаўнасць. Адказваў на пытанні даверліва, адкрыта. І ўсё-такі адзін з гасцей “прыгваздзіў” старшыню кааператыва.

— Скажыце, а хто гэтыя людзі ў рамках? — спытаў японец, паказваючы на Дошку гонару, якая ўстаноўлена на плошчы ў Астрамечаве.

— Гэта нашы перадавікі! — з гонарам адказаў Аляксей Сцяпанавіч, прыкмеціў непаразуменне ў вачах замежнага аграрніка, патлумачыў: — Ну, тыя нашы людзі, якія выдатна працуюць.

— А што робяць астатнія? Чаму яны так не працуюць? — дапытваўся госць.

Аляксей Сцяпанавіч нешта нагаварыў яму, але ў памяці асела думка, што японец стрэльнуў сваёй цікаўнасцю ў дзясятку. Сапраўды, чаму толькі выбраныя ў стаханаўцах? Чаму толькі яны робяць у поўную сілу? Можа, тут хаваецца тая закавыка, якая шкодзіць селяніну ўзняцца на вяршыню сваіх магчымасцей?..

“Ведай, адкуль хвост расце”, — павучаў дзед Васіль. І гэта амаль тое ж самае, што трэба ўмець пазір

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter