Вознесение Господне в народных обрядах и обычаях: зачем наши прабабушки закапывали в землю личные вещи

Адмыканне лета

У скарбонцы народных традыцый захаваўся ўнікальны абрад «Ваджэнне стралы»

Узнясенне Гасподняе, або Ушэсце, заўсёды святкуецца на шостым тыдні пасля Вялікадня, у чацвер. Свята прыходзіцца на час паспявання азімага жыта. Сяляне ў гэту пору праводзілі пэўныя абрады і верылі, што яны могуць паўплываць на рост збажыны. Для таго каб загадаць на будучы багаты ўраджай, цэлымі сем’ямі выходзілі ў палі глядзець пасевы і ладзілі своеасаблівыя пікнікі. На Пасожжы і Палессі існаваў абрад «Ваджэнне стралы». Што ён азначаў?

Фота Максіма Вечара

На Ушэсце сяляне абыходзілі свае на­дзелы з прыгатаванай дома яешняй і з’яда­лі яе разам з усімі членамі сям’і ў полі. Ішлі і прыгаворвалі: «Расці, расці, трава ў лесе, а жыта да хаты». Каб засцерагчы вёску ад усялякай бяды, «ва­дзілі стралу».

Абрад «Ваджэнне стралы» адносіцца да абярэжна-аграрных вясновых абрадаў і вядомы таксама пад такімі назвамі: «Ваджэнне сулы», «Пахаванне стралы», «Вадзіць стралу», «Гнаць стралу», «Закоп­ваць стралу». З даўніх часоў лічылася, што ён «замыкаў» вясну і «адмыкаў» лета. Абрад праводзіўся, каб адвесці маланку і яе стрэлы ад вёскі, а яшчэ пазбегнуць веснавых пажараў, якія па павер’ях насылаў Пярун — бог агню.

Назва абраду паходзіць ад радкоў карагодной песні: «Ды й пашла страла ды і ўздоўж сяла». Пры гэтым «стралой» называлася само шэсце, песня, група выканаўцаў і прадметы, якія закопваюцца ў канцы абраду на полі. У некаторых раёнах выкарыстоўваўся тэрмін «сула», які па-мясцоваму абазначаў назву зброі. Сула, або суліца, — гэта дзіда, рагаціна. Пасля абеду ўдзельніцы абраду, сабраўшыся ў гурты, ланцужком ва ўсю шырыню дарогі, узяўшыся за рукі, са спевам «стралы» ішлі да цэнтра вёскі. Гурты жанчын выконвалі свае песні, але на адзіную для ўсіх мелодыю. Амаль ва ўсіх версіях песень апавядаецца пра забітага малойчыка, якога аплакваюць маці, сястра, жонка.

Сустрэўшыся ў цэнтры вёскі, жанчыны вадзілі агульны карагод, пасля чаго ўжо ўсе разам зноў станавіліся ў ланцужкі і з песнямі «вялі стралу» за сяло. Уздоўж вуліцы, па якой ішлі ўдзельніцы шэсця, выстаўляліся сталы з пачастункамі для жанчын. У іншых вёсках «вадзілі сулу» па дварах з карагоднымі песнямі. Кожная гаспадыня абавязкова павінна была запрасіць да сябе і пачаставаць.

У полі вадзілі карагод, а затым найбольш паважаная жанчына адыходзіла ўбок і неглыбока закопвала ці проста клала на зямлю хлеб і грошы, стужачкі ці што-небудзь з асабістых рэчаў («стралу»), чытала малітву і жадала ўсім дабрабыту і добрага ўраджаю. Падкрэслівалася, што стужка, якая выступала ў ролі «стралы», абавязкова павінна належаць дзяўчыне. Праспяваўшы апошнюю песню, удзельніцы абраду і гледачы вярталіся дадому святкаваць.

У некаторых вёсках працэсія накіроў­валася не на жытнёвае, а на льняное поле. Мноства жынчын падчас абраду, узяўшыся за рукі, ішлі ланцужком, што сімвалізавала доўгае палатно.

НАРОДНАЕ ПАВЕР’Е

Пад відам жабрака па вуліцах у час свята можа хадзіць сам Ісус Хрыстос. Таму людзям, якім патрэбна дапамога, нельга ў ёй адмаўляць.

ДАРЭЧЫ

На Ушэсце нельга скардзіцца на жыццё, думаць аб праблемах, сумаваць, сварыцца.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter