У Нацыянальным мастацкім музеі дэманструецца выстава, прысвечаная памяці Георгія Скрыпнічэнкі, якога называюць “беларускім Далі”

Адметны талент мастака

У Нацыянальным мастацкім музеі дэманструецца выстава, прысвечаная памяці Георгія Скрыпнічэнкі, якога называюць “беларускім Далі”


Графічна-колеравыя галаваломкі мастака цікавыя наведнікам ягонай выставы

Карціны — як людзі. Адны забываеш праз хвіліну. Некаторыя ўражваюць і чапляюць за жывое. І ёсць карціны, якія можна разглядваць, пэўна, гадзінамі, ды усёроўна не зможаш да канца спасцігнуць задуму аўтара. Якраз з такіх і творы Георгія Скрыпнічэнкі (1940—2015), аднаго з лепшых беларускіх сюррэалістаў.

Яго называлі па-рознаму: геній метамарфоз, нават “беларускі Далі”, класічны сюррэаліст... І для большасці аматараў мастацтва ён застаўся загадкай. Графічна-колеравыя галаваломкі Скрыпнічэнкі ўварваліся ў беларускае мастацтва ў 1960-х, літаральна ашаламілі мастацкую прастору ды яе насельнікаў новымі манерамі напісання карцін, як і новым поглядам на рэчаіснасць. Ён стаў, бадай, адным з першых мастакоў у Беларусі (а быў да яго і Язэп Драздовіч…), якія распачаў ствараць вобразы, балансуючы на мяжы рэальнасці з ілюзорнасцю, злучаць фантастычнае з натуралістычным. Тое, несумненна, выклікала не толькі шмат крытычных заўваг у адрас мастака, але й пытанні: што гэта і адкуль узялося?

Большасці было цяжка ўявіць, чаго гэта раптам просты хлопец, які вырас быццам бы ў звычайнай атмасферы, закончыў тыповую мастацкую школу пры Доме піянераў — і раптам піша сюррэалістычныя працы... Дарэчы, мастак нарадзіўся 12 лістапада 1940 года ва ўкраінскім горадзе Мікалаеве. А рос, жыў да 1961 года ў слаўным горадзе Слуцку. Беларусы ведаюць: гэта там ткаліся ў свой час, ды і цяпер зноў ткуцца адроджаныя слуцкія паясы. “Па-майстэрску выкананыя шэдэўры ткацтва ствараліся на працягу сярэдзіны XVIII — першай паловы XIX стагоддзя на мясцовых мануфактурах, самай вядомай з якіх была Слуцкая”, — чытаем у нэце. На тых дарагіх шляхецкіх паясах нават ставілася ткацкая мета “В граде Слуцке”. Скажаце: і пры чым тут паясы? Пэўна, вольнасць думкі,  свабода творчага почырку выяўляюцца шэдэўрамі найперш там, дзе ўжо ёсць добра апрацаваная папярэднікамі “глеба”… Вучыўся юнак са Слуцка ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1961-66) у Язэпа Эйдэльмана, потым і жыў у Мінску. З 1965-га ўдзельнічаў у выставах, з 1972-га быў сябрам Беларускага саюза мастакоў.


Георгій Скрыпнічэнка
Тое, што пісаў Георгій Скрыпнічэнка у 60-70-я гады, вобразы, якія ствараў, — усё вельмі адрозніваецца ад твораў савецкіх мастакоў яго пакалення. А між тым у СССР, калі ішло станаўленне таленту, не было выданняў, прысвечаных заходняму мастацтву. І з-за “жалезнай заслоны” практычна не пранікалі альбомы прадстаўнікоў, як тады лічылася, буржуазнага стылю: Сальвадора Далі, Рэнэ Магрыта, Макса Эрнста, Фрыды Кало. Што ж магло падштурхнуць случака да сюррэалізму? Таго не ведаў ні ён сам, не ведаюць, мусіць, і шматлікія даследчыкі ягонага мастацтва.

У Мастацкім музеі дэманструецца звыш 50 жывапісных і графічных твораў з музейнай калекцыі. Вельмі малая частка таго, што напісаў Георгій Скрыпнічэнка. На вернісажы гаварылася: іншасказанне, метафара, імправізацыя ды неўтаймоўная фантазія — гэта для яго арганічная плынь існавання ў мастацтве. Здавалася б, памкнёны ад рэальнасці, ён быў да яе моцна прывязаны. І, скажам, вельмі неахвотна расставаўся з працамі. Любіў творы, кажуць, як любяць сваіх дзяцей… Не хацеў, каб яны разляталіся па іншых калекцыях. Любіў час ад часу і вяртацца да сваіх работ, таму яны заўсёды павінны былі быць у яго пад рукою. Дарэчы, па датах напісання большасці карцін можна заўважыць: яны датаваныя з вялікай разбежкай у гадах. Пэўна, мастак пачынаў маляваць вобразы, і потым да іх вяртаўся, робячы папраўкі, штрыхі, удакладненні.

А пра што гавораць нам ягоныя творы? На сайце Мастацкага музея чытаем: “У мастацкім свеце Георгія Скрыпнічэнкі ёсць месца казачным і ўяўным нерэальным краявідам, варыяцыям на тэмы класічнага мастацтва, біблейскім і міфалагічным персанажам, вядомым гістарычным асобам і выявам сучаснікаў, калейдаскопу чалавечых станаў, пакут і суцяшэння, трывог і надзей. Усё, да чаго звяртаўся гэты мастак, пад ягоным пэндзлем пераўтваралася ў алегарычную карціну часу і Сусвету”.

Да вернісажу была прымеркавана прэзентацыя вялікага альбома “Георгий Скрипниченко. Графика”. У яго ўвайшло каля 200 твораў майстра. Каштоўны падарунак прыхільнікам творчасці! Пагартаўшы глянцавыя старонкі, можна цэласна і аб’ёмна пабачыць увесь складаны і загадкавы свет, створаны мастаком, ацаніць маштаб зробленага, як ішло развіццё таленту, паспрабаваць нешта ў ім зразумець, адчуць, успрыняць...

Ёсць у альбоме і серыя невялікіх, кранальных акварэляў. На іх бачым Мінск 60-х: ціхі, утульны, трохі можа тужлівы і загадкавы. Сёння ж горад зусім іншы, ён бывае і ўрачыстым, і гламурным... Гледзячы на даўнія мінскія краявіды, нехта зможа ўспомніць і сваю маладосць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter