У вясновую пару, калі з выраю вяртаюцца птушкі, самы час усім падумаць: дзе чый родны кут, родны бераг

Адляталі — каб вярнуцца!

У вясновую пару, калі з выраю вяртаюцца птушкі, самы час усім падумаць: дзе чый родны кут, родны бераг

Калі вы ў апошні раз назіралі вяртанне птушак з выраю? У кожнага ж свае клопаты, часцей глядзім у зямлю, чым у неба… А між тым 1 красавіка — Міжнародны дзень птушак. І я ведаю чалавека, які штогод назірае чароўны рытуал вяртання. Гэта фатограф камбіната бытавога абслугоўвання з Шаркаўшчыны Валеры Кавалёнак. Дарэчы, як думаеце: што ў яго агульнага з прынцам Чарльзам і мільярдэрам Білам Гейтсам? Усе трое займаюцца бёрдынгам (ад англійскага bird — птушка): назіраннямі за птушкамі. Ёсць ім назвы і “бёдуотчар”(bird — птушка і watcher — назіральнік), і птушкагляд.


У святочным убранні вярнуліся з далёкага выраю шпакі. Фота: Багдан Шымановіч

Бёрдынг — гэта займальнае, эстэтычнае хобі, якое невядома калі з’явілася. Між тым і Мікалай Крыштаф Радзівіл (Сіротка) праяўляў цікавасць да птушак пад час паломніцтва да Гроба Гасподняга ў Ерусалім (1582—1584). Сведчанні ёсць у яго кнізе пра вандроўку, якая выйшла ў свет на лаціне ў 1601-м у нямецкім Брунсбэргу. На пачатку 1990-х пераклад з аднаго з польскіх выданняў на беларускую мову зрабіў Сяргей Шупа. Тэкст ёсць на сайце www.starbel.narod.ru. То можа Мікалай Крыштаф Радзівіл (Сіротка) і ёсць “першы беларускі бёдуотчар”? Англічане выводзяць “карані” бёрдынгу з цэнтра Туманнага Альбіёна, з графства Норфалк. У тым мястэчку з 30-х гадоў ХІХ стагоддзя мясцовыя дваране ладзілі экскурсіі на прыроду, каб назіраць за птушкамі. Амерыканцы ж лічаць: бёрдынг пачынаў адзін інспектар школ з горада Ойл-Сіці, які ладзіў арніталагічныя экскурсіі на прыроду і для школьнікаў, і для іх бацькоў.

Захапленне “пайшло ў народ” пасля Першай Сусветнай вайны, калі сталі даступныя па цане біноклі, падзорныя трубы. Вядома ж, у Савецкім Саюзе было тады шмат іншых клопатаў… А з пачаткам масавай фотаэпохі за птушкамі ўжо не толькі назіралі — іх і здымалі.

На Беларусі такіх аматараў пабольшала ў канцы мінулага стагоддзя. Адзін з іх — Валеры Кавалёнак: з ім я пазнаёмілася пад час камандзіроўкі ў Мёрскі раён Віцебшчыны, на балота Ельня. Валеры — асоба ў тых месцах вядомая: фатограф, эколаг, грамадскі захавальнік балота. Дарэчы, па выніках 2015 года ён атрымаў ад Мінпрыроды дыплом за І месца як “Лепшы грамадскі эколаг”. Галоўным сваім хобі лічыць назіранне за птушкамі, іх фатаграфаванне. Як кажа Валеры, бёрдарам (тады і слова такога не чуў) стаў з дзяцінства: “Я родам з вёскі Васількава, гэта непадалёк ад балота Ельня. Яшчэ малым любіў хадзіць туды. Мог гадзінамі назіраць, як жывуць чароды гусей, качак, журавоў. З таго часу прыкіпеў да птушак: кожную вольную хвіліну ім прысвячаю. Ведаю ўсе віды птушак нашага балота (тут іх больш за 230 відаў!) і па вонкавым выглядзе, і па голасе”.


Для Валерыя Кавалёнка з Шаркаўшчыны птушкі – адметная  частка жыцця

Фіксаваць назіранні пачаў школьнікам, калі бацькі купілі яму просты фотаапарат: птушкі сталі яго любімым аб’ектам для фотапалявання. Каб зрабіць цікавы кадр, птушкагляд не толькі гадзінамі — днямі гатовы быў сядзець “у засідку”: “Вельмі хацеў зняць чорнага бусла. Сам пабудаваў гняздо і чакаў тры гады, пакуль птушка пасялілася і асвоілася ў ім. Дачакаўся. Зняў цудоўныя кадры. А неяк з падказкі мясцовых жыхароў вечарам пайшоў туды, дзе бачылі арлана-белахвоста: рэдкая птушка для Беларусі. Начаваў у лесе “пры мінусе”, каб на досвітку здымаць. А птушкі не прыляцелі... Так што фатографу, як і паляўнічаму ці рыбалову, не заўсёды шанцуе”. Сотні ўдалых фатаграфій зрабіў Валеры Кавалёнак, яны  ўпрыгожваюць буклеты і кнігі пра птушак Беларусі. А летась у Мінску, Мёрах, Шаркаўшчыне і Браславе прайшлі яго тэматычныя фотавыставы. Заявіў пра сябе ён і ў Расіі: каманда Валерыя Кавалёнка заняла першае месца ў расійскім Чэмпіянаце па фотабёрдынгу “Палёт жураўля-2013”.

Колькі птушкаглядаў цяпер у Беларусі? Нямала. У кастрычніку 2015-га ў Мінску прайшоў першы Чэмпіянат Беларусі па фатаграфаванні птушак, другі будзе 25 красавіка ў Гомелі. Каб выйграць яго, трэба за пэўны час сфатаграфаваць як мага больш розных відаў птушак. Адны з іх прыляцелі ўжо, другія толькі ляцяць. А з сучаснай фотатэхнікай кожны з нас можа прыкінуць, ці ляжа яму на душу гэты самы бёрдынг. Для пачатку ж можна проста паназіраць за птушкамі ў двары. Вы ўбачыце: яны прыгожыя, вытанчаныя. Цікава назіраць іх паводзіны: і займальна, і вельмі пазнавальна. Асабліва для тых, хто думаў, быццам птушка — гэта проста кавалачак мяса...

Цяпер Міжнародны дзень птушак — вялікае інтэрнацыянальнае экасвята. У Беларусі да яго загадзя рыхтуюцца. Арнітолагі-аматары праводзяць розныя акцыі ды імпрэзы. Іх галоўны сэнс: данесці да людзей думку пра тое, што варта клапаціцца пра птушак. А можа, нават і нечаму вучыцца ў іх. Напрыклад, штогадоваму вяртанню з выраю да родных гнёздаў. Ды і ўвогуле вясковая пара, можа, самы найлепшы час, каб паразважаць над шматзначнымі евангельскімі словамі: будзьце як птушкі нябесныя…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter