Адкуль засуха бярэцца

У адпаведнасці з народнымі ўяўленнямі працяглая летняя засуха магла быць вынікам розных парушэнняў, якія датычацца норм традыцыйнага звычаёвага права. Адным з такіх правіл з’яўляецца катэгарычная забарона “чапаць зямлю” (капаць ямы для слупоў агароджы, убіваць у зямлю калы, распачынаць будаўніцтва хаты і закладваць камяні пад вуглы зруба і г. д.) да:— у раёнах Усходняга і Заходняга Палесся — да Благавешчання,— у цэнтральным рэгіёне Беларусі, на Міншчыне — да Радаўніцы.

Тыя ж забароны тычыліся і паводзін людзей на тыдні пасля Тройцы. Калі доўга не было дажджу, то вясковыя мужчыны збіраліся гуртам і разбуралі (проста валілі на зямлю) той плот, які быў узведзены ў час дзеяння агульнавядомых забаронаў.
У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра тое, што маці сырая зямля на працягу года “пражывае” ў двух станах: з 25 сакавіка (дзень Благавешчання) і да 27 верасня (свята Узвіжання) зямля ажывае, пладаносіць, дапамагае чалавеку вырасціць багаты ўраджай; а ад Узвіжання, на працягу ўсёй зімы і да Благавешчання зямля “спіць”, трывожыць яе сон нельга.
Своеасаблівым індыкатарам адмыкання і замыкання зямлі з’яўляюцца жабы, га-дзюкі, вужакі. Вясной яны выпаўзаюць з зямлі — звычайна пасля першага грому і дажджу, а ўвосень, калі маланкі заціхаюць, яны зноў хаваюцца ў зямлі. Таму, відаць, якраз гэтая падзейная сувязь спрыяла ўзнікненню звычаю забіваць жаб і вужоў і вешаць іх на дрэвы, платы або вароты ў час працяглай летняй спёкі. Да гэтага часу ў Чэрвеньскім раёне існуе павер’е, аформленае ў падзейна-побытавы кантэкст: “не забівай жабу (калі косіш траву, полеш грады, бульбу) — пойдуць праліўныя дажджы”.
Яшчэ адна забарона мае непасрэднае дачыненне да правакавання засухі летам. На Благавешчанне нельга было пячы хлеб. Прамая семантыка-сімвалічная сувязь прасочваецца ў гэтай забароне: каб не пякло летам, каб не засушыла збажыну (жыта), нельга было пячы хлеб у дзень “зачацця” новага жыцця, на Благавешчанне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter