Адкуль ты, Сак?

Мы пісалі ўжо ў вашу рубрыку. Аказаліся вельмі задаволенымі адказам на наша пытанне пра прыметнікі красны і чырвоны ў назвах населеных пунктаў. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца яшчэ і з паходжаннем назвы  вёскі Саковічы Салігорскага раёна.
З павагай Людміла і Мікалай НАВУМОВІЧЫ, Салігорск

Назва вёскі Саковічы адносіцца да ліку гістарычных беларускіх тапонімаў. Назвы паселішчаў, якія заканчваюцца на -ічы, з’яўляюцца адной з самых прадуктыўных мадэляў у тапаніміі Беларусі ў цэлым і Міншчыны ў прыватнасці. Толькі на тэрыторыі Мінскай вобласці адзначаецца звыш 500 населеных пунктаў на -ічы. У аснове такіх назваў, як правіла, ляжыць родавае імя. Структура наймення дазваляе меркаваць, што ўзнікла гэта вёска  яшчэ ў перыяд абшчыннага землеўладання. І заснавалі яе нашчадкі чалавека, якога ў народзе называлі імем Сак.
З пункту гледжання сённяшняга дня цяжка адназначна вызначыць, як з’явілася імя Сак. Магчыма, гэта было імя-мянушка, дадзенае чалавеку па пэўных прыкметах яшчэ ў далёкую дахрысціянскую пару. А магчыма, што гэта больш позняе ўтварэнне, а дакладней, скарочаная форма хрысціянскага мужчынскага імя.
Слова сак у старабеларускай мове абазначала дарожны мяшок. Пра гэта сведчаць пісьмовыя помнікі  Вялікага Княства Літоўскага. Так, у актах Віленскай археаграфічнай камісіі, якія зафіксавалі дзелавыя дакументы XV—XVIII стагоддзяў, запісана: “отъ кождой четверти овса по чтыри пьнязи, а чотыры бойтлни два саки хмелю”. Сак у той час выкарыстоўваўся ў якасці адзінкі вымярэння мёду: “дали есьмо... по десяти саковъ меду въ кождый годъ... также попу того монастыра три саки меду и двь копь грошей”. Акрамя таго, у старажытнасці беларусы сакам называлі таксама жаночае адзенне і рыбалоўную сетку. Кожнае са значэнняў гэтага слова ў мінулым магло быць пакладзена ў аснову мянушкі чалавека.
Магчыма і іншае тлумачэнне паходжання імя Сак. Ёсць усе навуковыя падставы разглядаць гэта імя як скарочаную форму ад поўнага кананічнага хрысціянскага імя Ісаакій. Існуюць дакументальныя сведчанні навукоўцаў, што на тэрыторыі Беларусі замацаваліся дзве ўсходнеславянскія формы гэтага імя: Ісакей і Ісак, апошняя з якіх, магчыма, з цягам часу трансфармавалася ў форму Сак.
Некаторымі даследчыкамі выказваецца меркаванне, што імя Сак з’яўляецца народным размоўным варыянтам старажытнага хрысціянскага мужчынскага імені Сакердон, якое ў цяперашні час выйшла з актыўнага ўжытку і далучана да ліку рэдкіх старажытных імён.
Імя Сак шырока ўжывалася ў старабеларускіх пісьмовых крыніцах XVI—XVII стагоддзяў. У якасці прозвішча Сак у наш час сустракаецца ва ўсіх абласцях Беларусі, але найчасцей на тэрыторыі Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У асновах беларускіх прозвішчаў сустракаюцца і іншыя варыянты гэтага імя: Сакаў, Саковіч, Сакевіч, Сакавец, Сакурэнка, Сакурэц, Сакута.
Такім чынам, паважаныя Людміла і Мікалай, ваша салігорская зямля змяшчае не толькі багацці ў сваіх нетрах, але і ў назвах паселішчаў, якія ўзніклі на гэтай зямлі ў розныя часы. З вашай дапамогай праз назву невялікай вёскі Саковічы мы паспрабавалі раскрыць яшчэ адну таямніцу нашай мовы і гісторыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter