Прадукты з Беларусі трывала занялі сваю нішу не толькі на айчынным харчовым рынку. Значная іх частка экспартуецца

Адкуль цякуць малочныя рэкі

Прадукты з Беларусі трывала занялі сваю нішу не толькі на айчынным харчовым рынку. Значная іх частка экспартуецца. Недарагія, якасныя, многія з якіх выпускаюць яшчэ па ДАСТах савецкіх часоў. Наш карэспандэнт вырашыў пазнаёміцца з вытокамі малочных рэк Беларусі. І паехаў у Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Шыпяны-АСК”.

 Гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай вытворчасці. Але, каб быць з малаком, тут актыўна займаюцца раслінаводствам. Аднак такіх аграрных прадпрыемстваў у Беларусі хоць гаць гаці, скажаце вы і будзеце мець рацыю. Унікальная асаблівасць “АСК” у тым, што тут навука і практыка неразлучныя, яны развіваюць і дапаўняюць адна адну.

Прадпрыемства даўно стала адной з пляцовак Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Выяўляецца гэта ў тым, што “Шыпяны-АСК” — своеасаблівы плацдарм беларускіх селекцыянераў. Вырашчанае і апрабаванае суперэлітнае і элітнае насенне расходзіцца адсюль па ўсіх абласцях Беларусі. Тут пабудаваны першы ў краіне насенны завод, дзе  выкарыстоўваюцца інавацыйныя тэхналогіі сушкі і давядзення насення да патрэбных кандыцый.

Але галоўная вытворчая тэма тут — гэта малочная прадукцыя. У “Шыпянах-АСК” у канцы мінулага года завяршылі будаўніцтва буйнога сучаснага малочна-таварнага комплексу, якіх у краіне адзінкі, — іх можна па пальцах пералічыць. Такі комплекс — ужо паказчык заможнасці любой гаспадаркі: гэта новы ўзровень работы — пачынаючы ад жывёлаводаў і заканчваючы кіраўнікамі.

Новыя працоўныя месцы на ім (язык не павернецца назваць яго фермай) занялі ў асноўным маладыя людзі. Аператары машыннага даення ва ўзросце ад 21 да 30 гадоў. У іх добрая зарплата не толькі для сельскай мясцовасці, але і параўнальная з сярэднімі сталічнымі даходамі равеснікаў. А пасля завяршэння камплектацыі комплексу будзе яшчэ вышэйшая.

Начальнік прадпрыемства Марыя Смык ахвотна тлумачыць:

— Моладзь прыцягваюць тут не толькі высокія заробкі. Падабаецца зручны працоўны графік: праз кожныя чатыры дні выхадны або два выхадныя праз восем дзён. Тут няма цяжкай ручной працы, як гэта было раней, калі даяркі, у асноўным жанчыны, цягалі цяжкія вёдры…

І ўмовы працы створаны камфортныя. Ёсць душ, пакой адпачынку і прыёму ежы, на час палявых работ жывёлаводы разам з механізатарамі забяспечваюцца гарачым харчаваннем ад прадпрыемства. На працу дастаўляе аўтобус.

Сама Марыя ў гаспадарку трапіла пасля заканчэння ВНУ — па размеркаванні:

— Думала, на гады два, а засталася назаўсёды. Загадвала фермай, працавала заатэхнікам-селекцыянерам, цяпер кірую новым комплексам. Ёсць у нас нават адзін хлопец-даяр. А чаго вы здзіўляецеся? Навукоўцы даказалі, што мужчын каровы лепш слухаюцца і малако ахвотней аддаюць.

У пацверджанне Марыя ўспамінае, як яшчэ ў студэнцкія гады была на практыцы ў Чэхіі. Там сустрэць на ферме даяроў-мужчын — звычайная рэч. А ў нас гэтая прафесія чамусьці лічыцца жаночай... Ламаць трэба гэты стэрэатып.

У 2014 годзе сярэдні надой на карову ў гаспадарцы склаў 7828 кілаграмаў. У планах на бліжэйшую перспектыву — 8500 кілаграмаў малака ад каровы. Мэта няпростая, для беларускіх рэалій крыху, можа, і амбіцыйная, але дасяжная. Пастаўлена задача: выкарыстаць усе рэзервы і, зразумела, максімальна задзейнічаць патэнцыял навукі. Вядома, што ўдоі, або, як гавораць спецыялісты, прадукцыйнасць жывёл, наўпрост залежаць ад якасці корму. Комплекс спаўна забяспечваецца якасным  фуражом. А гэта важны фактар якаснага малака. Бо нездарма ў народзе кажуць: малако ў каровы на языку. Таму запас кармоў разлічаны на круглагадовае кармленне статка, умовы ўтрымання якога адпавядаюць сучасным еўрапейскім нормам.

Пётр Іваноў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter