«Ёсць каму працягваць справу любанскіх камунараў», — лiчыць Ірына Яскевіч

Адкуль пойдзешь, туды i вернешся

Пасля аб’яднання любанскіх гаспадарак «Беларуская ваенная акруга» і «Кузьмічы» цэнтральнай сядзібай вызначылася вёска Камуна, якую на пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя наведваў і прысвяціў мясцовым камунарам класічную паэму «Над ракой Арэсай» Янка Купала. З тых часоў змянілася некалькі пакаленняў. У Любанскім музеі народнай славы, Камунарскім музеі меліярацыі, кабінеце гісторыі роднага краю Камунарскай сярэдняй школы імя Янкі Купалы захаваліся фотаздымкі, успаміны сялян пра тыя гістарычныя сустрэчы з беларускім песняром. З сям’і камунараў і дырэктар Дома культуры вёскі Камуна Ірына ЯСКЕВIЧ. З дзяцінства яна марыла працягваць сялянскую справу продкаў, але бацькі адправілі ў Мінск вучыцца на швачку. Набыла прафесію, але не вытрымала сталічнага тлуму і вярнулася дамоў. Прымала заказы і шыла абноўкі землякам у сельскім Доме быту. Калі вызвалілася пасада дырэктара Дома культуры ў Камуне, загарэлася жаданнем паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Паступіла на завочнае аддзяленне Магілёўскага культпрасветвучылішча і з адзнакай закончыла яго. Ірына Васільеўна — пераможца мінулагодняга раённага спаборніцтва ў намінацыі «Лепшы па прафесіі». Занесена на раённую Дошку гонару. Творчыя калектывы Камунарскага сельскага Дома культуры ўдзельнічалі ў выставе рамёстваў міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», прадстаўлялі сувенірную прадукцыю на трэцім міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Покліч Палесся», лаўрэаты рэспубліканскіх фестываляў «Беларуская лялька», «Матчыны кросны», «Жыве мая вёска» і іншых.

Ірына ЯСКЕВIЧ

Не проста было дабрацца на сялянскі хутар Царыковічаў, дзе гаспадарылі продкі Ірыны Яскевіч. Крытыя чаротам драўляныя пабудовы хутаран ледзьве ўмяшчаліся на невялікім грудку сярод векавых багнаў у пойме Арэсы. Цягавітыя сяляне трымаліся спадчыннага кутка з лапікамі зямлі. Гадавалі свойскую жывёлу, заўзята пчалярнічалі, у балотных вірах і рачных затоках рыбачылі. Зімовым часам, калі імшары замярзалі, ладзілі паляванне, выбіраліся па зімніку на кірмашы ў бліжэйшыя мястэчкі. Не аднойчы пешшу адмерваў шлях да стольнага Кіева дужы хутаранін Арцём Царыковіч. Пачалася калектывізацыя, і на Любаншчыне сталі ствараць камуны, дзе, як пісаў Янка Купала, «…зашумела, загуло, бы землетрасенне, на палескае сяло найшло ўтрапенне». Камунарамі сталі і хутаране Царыковічы. Перабраліся ў Пятую камуну, дзе пачала дзейнічаць цагельня, якая забяспечвала навакольныя новабудоўлі цэглай. Уся Беларусь сачыла за бурным развіццём любанскай камуны. 

Але мірнае жыццё парушыла вайна. Састарэлы Арцём Царыковіч застаўся на гаспадарцы, а сын Васіль з першых дзён вераломнага нападзення фашысцкай Германіі адправіўся на фронт. Гнаў ворага з акупіраваных савецкіх гарадоў і вёсак, вызваляў народы Еўропы ад фашысцкай чумы. Дамоў вярнуўся пасля пераможнага мая сорак пятага года з баявымі медалямі і ордэнам Чырвонай Зоркі за ўзяцце Кенігзберга. Усватаў дзяўчыну Вольгу Бунас з суседняй вёскі Скаўшын. 

Штогод сям’я прыбаўлялася немаўлятамі. Чатырох дачок і траіх сыноў выхавалі Васіль Арцёмавіч і Вольга Гардзееўна. Як апераныя птушаняты вылятаюць з роднага гнязда, так адзін за другім пакідалі дзеці бацькоўскую хату. Уладкоўваліся рабочымі на заводы і будоўлі. Самая меншая Ірына пасля васьмігодкі паступіла ў Жыліцкі саўгас-тэхнікум на агранамічнае аддзяленне. З першымі асеннімі халадамі напісала дамоў пісьмо, каб выслалі грошай на цёплае адзенне. У адказ бацька паведаміў, што цяжка захварэла маці і няма каму карову даіць. Ірына кінула вучобу і вярнулася ў сваю вясковую школу заканчваць дзесяцігодку. Паспяхова спраўлялася і з вучобай, і памочніцай па дому была. Асвоіла швейную машыну, якую бацькі для яе купілі, і ў сталіцы вывучылася на швачку. У вёсцы Кузьмічы адкрыўся філіял раённага Дома быту, а потым і цэх па пашыве футравых шапак, дзе хапала занятку ўвішнай дзяўчыне. Спраўна працавала і дапамагала аўдавеламу бацьку весці хатнюю гаспадарку.

Нават і не ўяўляла Ірына, што паездка ў Мінск за вясельным строем для сяброўкі Ліды перайначыць і яе лёс. У тым жа аўтобусе ехаў купляць стрэльбу Васіль Яскевіч з суседняй вёскі, з якім зналася сяброўка. Яна з ім і пазнаёміла Ірыну. Высветлілася, што нарадзіліся яны ў адзін дзень на пачатку зімы. Праз паўгода Ірына і Васіль пажаніліся. За грошы, падораныя на вяселлі, купілі хату ў вёсцы Камуна. Забралі да сябе адзінокага бацьку Ірыны.

— Дзяцей па-сялянску дапамагаў бацька выхоўваць і падказваў, як лепей гаспадарку весці, — узгадвае Ірына Яскевіч. — Каб агуркі не ішлі пустацветам, ён параіў узяць з-пад капыта каровы пясок і пасыпаць на пустацвет. Так і зрабіла. Суседка бачыла, як я набірала пясок на вуліцы з-пад ног яе каровы, і падумала, што я чарую. Расказала і ёй пра бацькаву параду. Не ведала, куды дзяваць агуркі.

І маці мяне некалі многаму навучыла. Ад спалоху сабакі яна качала галушачкі з хлебнага мякішу на маім жываце, прыгаворваючы малітву. І аддавала гэтыя галушачкі сабаку. Спалох знікаў. І барадаўку на назе па-свойму выводзіла. Садзіла мяне на санкі і везла па вёсцы. Церла барадаўку косткаю і малілася. Астаўляла костку і, не азіраючыся, везла мяне дамоў. Барадаўка знікала. Многаму бацькі навучылі. А галоўнае — да працы прывучылі. Без занятку не ўяўляю сябе. Мы з мужам адразу ж завялі сваю гаспадарку. Набылі карову, свіней, розную птушку. На двух гектарах зямлі вырошчвалі бульбу, кармавыя культуры. У калгасе штогод давалі загоны буракоў апрацоўваць, і бацькам мужа дапамагалі палоць іх участак на бураковай плантацыі. Рукі надрывалі, але мелі ўсё, што неабходна для прыстойнага жыцця.

— Ірына Васільеўна, як вы рызыкнулі і са швачкі адважыліся на клубную працу?

— Мой прыяцель Васіль Бойка загадваў суседнім Юркавіцкім клубам, і я часта бывала ў яго. Прыглянуўся мне гэты занятак, і ў 32 гады памяняла прафесію.

— Як сям’я да гэтага аднеслася?

— Яшчэ і мужа з егера ўгаварыла перайсці ў Дом культуры. У заробку страціў, але без яго дапамогі не абышлася б. Ён заўзяты пчаляр і паляўнічы. Набылі спісаны трактар у гаспадарцы, і на ім Васіль апрацоўвае сваё поле і суседзям дапамагае.

Як пачала займацца клубнай справай, адчула, што не стае ведаў, і паступіла завочна вучыцца. Чатыры мужыкі дома чакалі: бацька, муж і два сыны. Усё думала, каб не прывезці дамоў з сесіі тройкі, бо сорам перад дзецьмі. Настаўнікі іх хвалілі. Вяртаюся з сесіі, а ў хляве карова Дуня, свінні, куры, гусі, а яшчэ і рамонт у Доме культуры распачалі. Падвал, як тыя Аўгіевы канюшні, вычышчалі. Моладзь на дыскатэцы паркет усцілала акуркамі. Разам з мужам наводзілі парадак. Былі за ўчастковага, за культработніка і за выхавацеля. 

— Справіліся?

— Цяжка было, але дабіліся культуры паводзін на дыскатэках і іншых масавых мерапрыемствах. Ажывілася работа ў спартыўным клубе, якім кіраваў муж.

— Дабіваліся ўсяго сілай, ці як?

— Бывала, што цыгарэты ў руках заціскала, калі хто не разумеў слова. Адчувальна дапамагалі былыя кіраўнікі гаспадаркі Яўхімчык і Ракаў. Мы выступілі з ініцыятывай правядзення ў сельсавеце фестывалю «Жыве мая вёска» і разам са спецыялістамі райаддзела адукацыі рыхтаваліся да яго. Для гасцей наладзілі клубную экскурсію, дзе азнаёмілі з кірункамі нашай культурна-масавай работы. У нас да дзесяці гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах: саломапляценне, выраб сувеніраў з дрэва і лазы, ткацтва паясоў і посцілак, ручнікоў і абрусаў, вышыўка, кветкаводства, выраб сувенірных лялек і лапцей. Усім гэтым займаюцца вяскоўцы. Знайшлі ўмельцаў, якія сталі вучыць іншых. Мая сяброўка Тамара Аксёнчык, з якой працавалі ў Доме быту, узначаліла кружок па ткацтве. Знайшлі кросны, адрэстаўрыравалі іх і ўсталявалі. Нам прынеслі клубкі льняных нітак, з Любані прывезлі баваўняныя. Ні на дзень не спыняецца ткацтва. Поўны куфэрак вырабаў маем. На «Славянскім базары ў Віцебску» да нас падыходзілі расіяне і раскуплялі сувеніры, давалі заказы. Дапамагае Тамары Ціханаўне ў ткацтве тэхнічка Святлана Жартун. 

У суседнім Слуцку аднавілі мануфактуру па вырабе паясоў. І мы наладзілі іх ткацтва. Пяць гадоў займаецца паясамі дзевяцікласніца Дар’я Пекур. На конкурсах народнай творчасці атрымлівае дыпломы. Сёлета другое месца на абласным конкурсе «Беларускі пояс» занялі школьніцы Наталля Курсіна і Марына Пузевіч. Цудоўна пляце лапці васьмікласнік Андрэй Плышэўскі. 

Дзесяцікласнік Вячаслаў Волат стаў сапраўдным волатам у спартыўным клубе. Ён захапляецца трэнажорамі. Да нас едуць юнакі с суседніх вёсак пачаставацца гарбатай з набораў лекавых зёлак, паіграць у більярд, які аднавілі і ўсталявалі ў адрамантаванай зале падвала. Дзейнічаюць секцыі тэніса, шахмат і шашак. Раённы аддзел па турызме і спорце падарыў трэнажор бегавой дарожкі.

— Вёска заўжды поўніла скарбонку нацыянальных талентаў. Важна з малых гадоў вызначыць прыродны дар і развіваць яго. Вам гэта ўдаецца?

— Кожны чалавек мае пэўны патэнцыял, і чым раней яго развіваць, тым большы эфект. Пакуль бацькі працуюць на палях і фермах, мы імкнёмся іх дзяцей захапіць цікавым заняткам. Абуджаем любоў да спадчыны праз матэрыяльнае, за што можна зачапіцца сэрцам, розумам, пачуццём. Імкнёмся стварыць такую зачэпку, каб была повязь з часам, з гісторыяй продкаў. Нашы выхаванцы адкрываюць для сябе тое, чаго не ведалі. Чыталі ў кніжках, але гэта было мёртвае. Сюды яны прыходзяць, і загараюцца іскрынкі ў вачах...

І сапраўды ёсць чаму здзівіцца ў Камунарскім Доме культуры. Пакоі, фае, залы стылізавана аформленыя. Гасцей запрашае «Карчма», дзе багаты асартымент гарбаты з розных траў. Усё абсталяванне выраблена сваімі рукамі. У адным з куткоў красуецца фарфоравая статуэтка каларытнага казака ў шараварах, што падарылі загадчыку Любанскага раённага аддзела культуры Васілю Каткаўцу дэпутаты Вярхоўнай рады Украіны. 

У пакоі, дзе вырабляюцца сувенірныя лялькі, яблыку няма дзе ўпасці ад вырабаў. Кожная лялька мае сваё прызначэнне. Ірына Васільеўна дасканала праштудзіравала ўсё пра лялькі-абярэгі і можа бясконца расказваць пра кожную. 

— Абярэгавую лялечку кладуць у кішэню на шчаслівы шлях, — дорачы мне сувенірны абярэг, распавядае Ірына Васільеўна. — Калі захочаш есці ў дарозе, можна падсілкавацца зярнятамі, загорнутымі ў скрутачак. З такой лялечкай адкуль пойдзеш, туды і вернешся. Яна і называецца лялька-падарожніца. Мы праводзілі абласны семінар па вырабе такіх сувеніраў. Удзельнічалі ў слуцкім фестывалі «Беларуская лялька». А на трэці міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» вазілі ў Ляскавічы вясельную ляльку. Яе нашы продкі звычайна ставілі на каравай, каб маладыя былі ў пары.

— Колькі відаў такіх лялек можа быць?

— У маім дзяцінстве на полі маці скручвала пучок сена, і атрымлівалася лялька, ці рабіла з травы і кветак, а мы забаўляліся. У кожнай хаце для згоды патрэбны лялькі дзеда з бабаю. Мы ўжо маем чамадан лялек, якія возім на імпрэзы і выставы. З імі размаўляем, і калі якую не бяром з сабою, просім у яе прабачэння. У нашай карчме лялька «Скарбонка-траўніца» напоўнена травамі, і калі яе пакамячыць, адчуваецца пах лугавых зёлак. Як нельга пералічыць усіх народных песень, так не злічыць і разнастайнасць лялек.

— Вы адчуваеце сваю запатрабаванасць у вёсцы?

— Для гэтага многае неабходна, і ў першую чаргу не быць абыякавым да сваёй справы. Нядаўна гаспадарку ўзначаліў мой аднавясковец Аляксандр Дудзік, які працаваў нейкі час загадчыкам клуба. Ён адчувае значнасць нашай працы. Гаспадарка вялікая — звыш шасці тысяч гектараў сельгасугоддзяў. Чатыры малочна-таварныя фермы, на якіх утрымліваецца амаль чатыры з паловай тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Толькі дойных кароў больш за паўтары тысячы. На ўсіх вытворчых участках занята крыху больш за трохсот вяскоўцаў. Дом культуры — структурнае падраздзяленне гаспадаркі, дзе кожны можа выбраць занятак па душы. Асабліва зімовым часам, калі меншае напружанне на палях і фермах. Так стагоддзямі жылі нашы продкі, і іх традыцыі трэба шанаваць і перадаваць новым пакаленням, каб не пусцела вёска, цікавымі момантамі напаўнялася жыццё сялян. 

Наша гаспадарка носіць назву Беларускай ваеннай акругі. Прыязджае ансамбль Узброеных Сіл з канцэртам. Але асноўная культурна-масавая работа — на калектыве Дома культуры, і мы імкнёмся аздабляць жыццё землякоў. 

Ацяпленне, электразабеспячэнне Дома культуры і іншыя расходы аплачвае дзяржава, а будынак — на балансе гаспадаркі. Акрамя розных заняткаў па інтарэсах, склаўся вакальны калектыў, які мы назвалі «Чуткі» — у памяць аб адным з нашых былых хутароў. Аўтэнтычна спяваем сабраныя ў навакольных вёсках песні, што дайшлі да нашага часу. 

— Ірына Васільеўна, вы імкнецеся напоўніць жыццё вяскоўцаў культурай. Дзяржава не скупіцца на сродкі, каб больш камфортным стаў быт у глыбінцы. Але ўсё ж пусцеюць вёскі. Няўжо вашы старанні марныя?

— Пэўна, не. Нядаўна да нас пераехала сям’я Луканавых з Расіі. Гаспадар працуе ўжо на паўстаўкі мастацкім кіраўніком у Доме культуры, і жонку яго плануем прыняць у ткацкі калектыў «Матрушка». Гаспадарка забяспечыць іх жыллём. Пакуль яны спыніліся ў бацькоў. Будуюцца катэджы і выдзяляюцца маладым сем’ям. Умовы працы ў нас пастаянна паляпшаюцца. Вось  яшчэ б заробкі падцягнуць. Мой малодшы сын Аляксандр пасля Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі адпрацаваў па размеркаванні ў вясковым клубе. Але з-за невысокага заробку звольніўся і стаў трактарыстам. Атрымаў катэдж, і яго сям’я ўжо сапраўды вёску не пакіне. Свае музычныя здольнасці будзе рэалізоўваць на вясковай сцэне ў Юркавічах. І не адзін ён такі. Ёсць каму працягваць справу любанскіх камунараў.

Уладзiмiр Субат

Любанскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter