Ксёндз Кирилл Бардонов о том, откуда пошло выражение «Фома неверующий»

Адкуль пайшоў выраз «Фама няверуючы»?

Чалавека, якога цяжка прымусіць паверыць чаму-небудзь, называюць няверуючым Фамой, недаверлівым Тамашам. Адкуль жа ўзяўся гэты выраз і што ён азначае не ў бытавых зносінах, а ў нашым духоўным жыцці?

Фразеалагізм паходзіць з евангельскага апавядання пра тое, як апостал Фама (Тамаш), пачуўшы, што распяты на яго вачах Хрыстос уваскрэс, сказаў: «Калі не ўбачу на руках Яго ран ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу». Праз некалькі дзён з’явіўся перад апосталамі Хрыстос і сказаў Фаме: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!»

Мы можам здагадвацца, што рабіў Фама, але яго не было з іншымі апосталамі падчас першага з’яўлення ўваскрослага Хрыста. Фаму Евангелле называе Блізня. Аднак там нічога не сказана пра яго брата ці сястру. Фама праз сваё пакаянне, адкрываючыся на пасхальны дар Хрыста, становіцца Яго блізнём, адлюстроўвае Яго прысутнасць, бо стаў да Яго падобным. Фама няверуючы — таксама блізня кожнага з нас, з нашымі сумненнямі ў веры, крызісамі, грахамі, залежнасцямі, самаізаляцыяй ад іншых... Ён прыцягвае нас сваім прыкладам, каб мы перажылі тое ж, што і ён, каб перайшлі ад нявер’я да веры сталай і паглыбленай.

Апостал Фама пасля сустрэчы з уваскрослым Хрыстом пой­дзе евангелізаваць далей, чым іншыя апосталы. Традыцыя кажа, што місія Фамы завяршылася ў Паўднёвай Індыі. Там знаходзіцца яго магіла і там жывуць хрысціяне, якія лічаць сябе паслядоўнікамі яго традыцыі і размаўляюць на старажытнасірыйскай мове. Яны называюць сябе хрысціянамі «мар Тома» — хрысціянамі святога Тамаша (Фамы). Вера дала яму адвагу і вялікі дынамізм у абвяшчэнні хрысціянства.

Менавіта Фама падчас апошняй вячэры сказаў Хрысту: «Пакажы нам Айца, і хопіць нам». Ужо тады ён сумняваўся, задаваў складаныя пытанні, але быў шчырым у тым, што прызнаваў свае сумненні.

З’яўляючыся апосталам, Хрыстос вітае іх словамі: «Супакой вам». Потым Езус звяртаецца да Фамы і адказвае на яго сумненні, яго крызіс. Хрыстос можа адказаць і на нашыя сумненні і крызісы, але пад умовай, што мы прызнаемся ў іх і агучым іх Месіі перад супольнасцю веруючых так, як гэта зрабіў Фама.

Евангелле кажа, што пасля смерці Хрыста вучні адчувалі страх, хоць і былі групай людзей, кожны з іх ізаляваўся ў пакланенні сваёй духоўнай цемры і дакорах сумлення. Калі да апосталаў прыйшоў уваскрослы Хрыстос, Ён даў вучням прабачэнне грахоў, прымірэнне паміж сабою і выслаў у свет расказваць пра вучэнне Хрыста. Тое самае Хрыстос хоча ўчыніць сёння і для нас. Дазволім Месіі дзейнічаць у нашым жыцці.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter