Адкуль пайшла назва вёскі Пагулянка?

Просім дапамагчы нам атрымаць тлумачэнне назвы вёскі, з якой паходзіць наш род: вёска Пагулянка Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці

З вялікай цікавасцю чытаем рубрыку “Кропка на карце”, у якой прафесійна тлумачыцца паходжанне назваў беларускіх населеных пунктаў, рэк і азёр. Такая рубрыка дапамагае нам і нашым дзецям больш глыбока спасцігаць гісторыю нашай зямлі. Просім дапамагчы нам атрымаць тлумачэнне назвы вёскі, з якой паходзіць наш род: вёска Пагулянка Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці.
Сям’я БАРАВІКОВЫХ, Мінск

Яшчэ ў недалёкім мінулым назва Пагулянка была даволі папулярнай сярод найменняў населеных пунктаў Беларусі. Гэта назва сустракалася ў многіх рэгіёнах краіны: Браслаўскім і Мёрскім раёнах Віцебскай вобласці, Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці, Астравецкім і Ашмянскім раёнах Гродзенскай вобласці, Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, Бярэзінскім, Чэрвеньскім, Дзяржынскім і Нясвіжскім раёнах Мінскай вобласці. Найчасцей слова “пагулянка” ўжывалася ў якасці назвы хутароў. У цяперашні  час усё менш і менш застаецца хутароў, а разам з імі  паступова адыходзіць у гісторыю і гэта найменне.
Імкненне растлумачыць паходжанне цікавага і простага на першы погляд тапоніма прыводзіць да памылковых этымалогій. Так, паводле народнай этымалогіі, часта назву Пагулянка звязваюць з месцам, дзе адбываліся вечарынкі, гулянкі. Аднак такое тлумачэнне з сапраўднай этымалогіяй не мае ніякай сувязі, як не звязаны непасрэдна гэты тапонім і са значэннем ‘прагулка’, якое засведчана ў сучасных тлумачальных слоўніках пры слове “пагулянка”. На самай справе разгадку назвы трэба шукаць у дыялектнай мове, і звязана гэта назва са старажытнай сістэмай земляробства. У народзе пра часова няворную зямлю, якая  ляжала ў аблозе, гаварылі, што яна гуляе. Зямлю, якая адпачывала пад парам, называлі пагуляўшай. Пагулянкай называліся і палі, якія некалі ўяўлялі пустку, цаліну. Хутары і вёскі, што з’яўляліся на такіх месцах, пераймалі іх назву.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter