Народная сокровищница: чтобы вызвать дождь, наши предки бросали в колодец хлеб, соль, мак, лук и чеснок

Адкуль хмары – адтуль і дождж

Што рабілі нашы продкі, каб атрымаць добры ўраджай? Безумоўна, шмат працавалі. А яшчэ маліліся, выконвалі розныя магічныя дзеянні. Адным з самых прыгожых абрадаў, скіраваных менавіта на будучы дабрабыт, лічыліся карагоды. Іх вадзілі каля калодзежаў, якія ўпрыгожвалі ручнікамі і абрусамі.


Бадай, самы распаўсюджаны абрад ахоўнай магіі да нашага часу — выкліканне дажджу. Што ён сабой уяўляе? Справа ў тым, што дождж ва ўяўленнях нашых продкаў быў як нябесны дар, звязваўся з ідэяй урадлівасці і багацця. Спачатку яны лічылі, што дождж пасылае Пярун, а пазней гэту функцыю прыпісвалі святому Ілле, намесніку Перуна.

У сівыя часы лічылася, што самы дзейсны сродак выклікання дажджу — абворванне. Нашы продкі абворвалі вёску, храм, калодзеж, пераворвалі высахлае рэчышча ракі. У гэтай адказнай справе звычайна ўдзельнічала 12 чалавек, як правіла, падлеткі, удовы, старыя жанчыны. І сёння абрады абворвання для выклікання дажджу памятаюць старажылы некаторых вёсак. Даследчыкі народных традыцый згадваюць, як яшчэ не так даўно ў Докшыцкім раёне, каб выклікаць дождж, дзве дзяўчыны ўпрагліся ў саху, а трэцяя вяла іх.

Таксама для спынення засухі ткалі ручнікі і рабілі аброчны драўляны крыж. Дзейсным сродкам лічылася абліванне чалавека, пераапранутага ў пастуха або святара. Палешукі Брэсцкага Палесся, каб своечасова пайшоў дождж і паспрыяў будучаму ўраджаю, на Купалле праводзілі абрад «Куст», ролю якога выконвала маладая дзяўчына, апранутая ў касцюм з жывых галін. Маладзіца ішла па вёсцы, каля кожнага двара хлопцы аблівалі яе вадой. Калі абход заканчваўся, касцюм з зеляніны з дзяўчыны зрывалі і кідалі ў раку, а вянок вешалі над калодзежам.

З гістарычных крыніц вядома: прасіць ваду нашы продкі хадзілі і да святых камянёў. Так рабілі ў вёсках Лагойскага, Пастаўскага, Слуцкага, Любанскага раёнаў. Да сённяшняга часу ў вёсцы Крамянец Лагойскага раёна захаваўся вельмі архаічны абрад выклікання дажджу. Яго праводзяць каля каменя пад назвай Дажбогаў, або Святы Камень. Каменю ахвяруюць грошы, кветкі, цукеркі, хусткі, ручнікі. Калі ў вёсцы вырашаюць, што патрэбен дождж, хто-небудзь са старых жанчын ідзе па хатах і збірае 9 або 12 удоў. Жанчыны падсоўваюць палкі пад Дажбогаў камень і прыўздымаюць яго. Пры гэтым кажуць: «Божанька, дапамажы, дожджык прынясі». На трэці дзень чакаюць дажджу. Палкі пад каменем пакідаюць да таго часу, пакуль не пойдзе дождж.

У некаторых рэгіёнах ваду з 7 калодзежаў неслі на поле і там яе разлівалі. Удовы з абразом і хлебам-соллю тройчы абыходзілі вакол самага старога калодзежа. Напрыклад, у Ліпску Докшыцкага раёна найбольш дзейсным сродкам лічылася кіданне маку ў 9 калодзежаў.

Дарэчы, існавалі абрады і для спынення дажджу. Для гэтага з дома ў двор выкідвалі хлебную лапату, качаргу, венік або тыя рэчы, што асацыіраваліся з агнём.

АД ПРАДЗЕДАЎ

Першабытныя людзі ўяўлялі праз калодзеж сувязь з іншасветам. Таму, калі прасілі душы памерлых продкаў паслаць на зямлю дождж, у кало­дзеж кідалі грошы, хлеб, соль, сала, мак, цыбулую і часнок.

У вёсцы Свярынава Стаўбцоўскага раёна з просьбай паслаць дождж маліліся каля крыніцы. У Крупскім раёне для выклікання дажджу жанчыны ішлі да рэчкі і купаліся галышом.

kuzmich@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter