Адкрыйце для сябе невядомую Беларусь. Правільна адказаўшы на пытанні, вы зможаце адправіцца ў падарожжа па гістарычных мясцінах роднай краіны.

І вось, сябры, мы дайшлі з вамі да апошняга тура нашай віктарыны. Засталося адказаць на пытанні па Мінскай вобласці і чакаць фіналу. Нагадаем, па выніках усіх тураў (усе адказы будуць друкавацца на старонках газеты) тры шчасліўчыкі адправяцца ў цікавую экскурсію па Беларусі. Такі падарунак для чытачоў “Народнай газеты” падрыхтаваў наш афіцыйны спонсар турагенцтва “Виаполь”. Віктарына падыходзіць да фінішу, але наша з вамі падарожжа па любай краіне працягваецца. Ужо ў наступных нумарах “НГ” чытайце новыя матэрыялы пра незвычайныя цуды нашай Радзімы. Будзем адкрываць невядомую Беларусь разам!

Па старонках “Сямі цудаў”.
Мінская вобласць

  • Што за цуд такі — вагой каля 400 мільёнаў тон, але ні дакрануцца да яго, ні ўбачыць яго нельга, затое следам ад яго карыстаюцца тысячы турыстаў?
  • Якое возера і за што называюць залатым? Чаму тое золата нельга дастаць з азёрнага дна?
  • У якім музеі можна выпіць кавы і паслухаць французскія  мелодыі? Якому знакамітаму беларусу ён прысвечаны?

Адказы прысылайце на адрас: 220013, г.Мінск, вул.Б.Хмяльніцкага, 10а, “Народная газета” з пазнакай “Па старонках “Сямі цудаў”.
Нагадваем:адказы прымаюцца на працягу двух тыдняў пасля публікацыі пытанняў тура.

Адказы на пытанні па Гомельскай вобласці

(Правільныя адказы мы цытуем з самых грунтоўных і цікавых вашых допісаў.)

1. Якія “залатыя валасы”, што і нюхаць небяспечна, і ў іншае месца перанесці немагчыма, можна ўбачыць на Палессі? Адкуль яны з’явіліся на Беларусі — па леген-дзе і ў сапраўднасці?
“У Жыткавіцкім раёне знаходзіцца насаджэнне пантыйскай азаліі — расліны, уключанай у Чырвоную кнігу Беларусі. Дэкаратыўны жоўты рададэндран прывёз у Беларусь мясцовы пан у пачатку ХІХ стагоддзя. Рэлікт моцна разрастаецца ў шырыню і цвіце вялікімі, каля пяці сантыметраў у дыяметры, жоўтымі кветкамі з моцным водарам. Аднак гэтая прыгажосць падманная: усе часткі куста — ядавітыя. Нельга перасадзіць азалію пантыйскую ў іншае месца: колькі ні спрабавалі перасяліць яе бліжэй да жылля, яна абавязкова гінула. Зараз гэта батанічны помнік прыроды дзяржаўнага значэння.
А вось якая легенда існуе пра гэту расліну. Жыла калісьці ў тутэйшых мясцінах дзяўчына, вельмі прыгожая: вочы зялёныя, косы — як агонь. Хацелі выдаць замуж за багатага, але нялюбага. Пайшла дзяўчына ў лес і не вярнулася. І там, дзе ўпалі яе залатыя валасы, выраслі незвычайныя кветкі — ярка-жоўтыя, у выглядзе парасона, з вострым салодкім пахам. Яны цвітуць кожную вясну на невысокіх кусціках з калючымі галінкамі”.
КРОКУН Т.Н., Іванаўскі раён, в.Яечкавічы

2. Дзе знаходзіцца будынак, які не патрабуе абагрэву нават у лютыя маразы? Які знакаміты Іаан нарадзіўся ў сям’і яго “гаспадара”?
“Гэты незвычайны будынак, які не патрабуе абагрэву нават у лютыя маразы, — Свята-Пакроўская царква ў г.п.Стрэшын Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. У 1807 годзе ў Стрэшыне было закончана будаўніцтва царквы, якая і цяпер з’яўляецца шэдэўрам архітэктуры класіцызму. Архіўныя дакументы сведчаць, што ў Еўропе былі ўзведзены ўсяго толькі тры падобныя збудаваннні, але да нашых дзён захаваўся толькі Свята-Пакроўскі храм у Стрэшыне.
“Гаспадаром” Свята-Пакроўскай царквы быў святар Іаан Гашкевіч. У ноч на 7 кастрычніка 1837 года ў яго сям’і нарадзіўся сын, які быў хрышчоны Іаанам у гонар Іаана Багаслова. Гэта быў будучы Святы Праведны Іаан Кармянскі”.
Ермакова Юлія, г.п. Лёзна

3. У Італіі — Ватыкан, а ў Беларусі — ...? Назавіце населены пункт, які быў абвешчаны рэспублікай. Каму прыйшла такая ідэя?
“У Італіі — Ватыкан, а ў Беларусі — Хізаў. У Кармянскім раёне ёсць сяло пад такой назвай. Менавіта там у свой час старастам быў Аляксей Несцераў. За арганізацыю сялянскіх хваляванняў у 1905 годзе ён быў арыштаваны. Па амністыі Мікалая ІІ атрымаў свабоду, адправіўся ў Петраград. Там уладкаваўся на працу на Абухаўскі завод. Стаў бальшавіком. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі вярнуўся на радзіму і арганізаваў рэвалюцыйны камітэт. А затым стварыў сваю рэспубліку, у  якую ўвайшла адна родная вёска Аляксея, і назваў яе Хізаўская рэспубліка. Узнікла вёска-рэспубліка ў верасні 1917 года і праіснавала толькі два месяцы — да падзей кастрычніка 1917 года”.
СПІРЫДОН Алена і Павел, в.Будслаў, Мядзельскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter