Адкрыйце для сябе невядомую Беларусь! Правільна адказаўшы на пытанні, вы зможаце адправіцца ў падарожжа па гістарычных мясцінах роднай краіны.

Кажуць, пад Новы год здараюцца цуды. Не толькі, дарагія сябры. Цуды акружаюць нас заўсёды! Думаю, вы ўпэніліся ў гэтым дзякуючы нашаму праекту “Сем цудаў Беларусі”. Цуды: каменныя, драўляныя, мураваныя, водныя, яны ёсць у кожным горадзе і нават вёсачцы. Мы дзякуем вам, дарагія чытачы, што вы цэлы год былі з нашым праектам і з вялікай актыўнасцю адгукнуліся на нашу віктарыну. Разам з вамі мы паспяхова прайшлі яе  чатыры туры. Астатнія вы ўбачыце на старонках “Народнай газеты” ўжо ў наступным годзе. Тады і вызначацца тры пераможцы, якія адправяцца ў экскурсію па Беларусі. Нагадаем, такі падарунак падрыхтаваў наш афіцыйны спонсар тураператар “Виаполь”. А пакуль — поспехаў у туры па Магілёўскай вобласці! Вучыцеся бачыць цуды не толькі ў Новы год. Са святам!
Заставайцеся з “Народнай газетай”! Наперадзе шмат цікавых падарожжаў!

Па старонках “Сямі цудаў”. Магілёўская вобласць
1. У якім беларускім горадзе можна трапіць адразу ў дзве еўрапейскія сталіцы? Чым тлумачыцца гэты цуд?
2. У гонар каго і за што дрэвы ў адным з беларускіх паркаў высадзілі ў выглядзе літары? Якая гэта літара?
3. Што за цуд такі — колькі яго ні пераносілі, усё роўна вяртаўся на месца? Як мясцовыя жыхары абазначылі тое месца?
Адказы прысылайце на адрас: 220013, Мінск, вул.Б.Хмяльніц-
кага, 10а, “Народная газета” з пазнакай “Па старонках “Сямі цудаў”. Нагадваем: адказы прымаюцца на працягу двух тыдняў пасля публікацыі пытанняў тура.

Адказы на пытанні па Віцебскай вобласці
(Правільныя адказы мы цытуем з самых грунтоўных і цікавых вашых допісаў.)

  • Назавіце вёску, у крамах якой гандлююць толькі безалкагольнымі напоямі. Як называецца алея, закладзеная ў гэтай вёсцы побач з касцёлам?
    “Гэта вёска Мосар Глыбоцкага раёна. Ксёндз Ёзаф Булька быў вядомым барацьбітом з п’янствам, стварыў першы ў Беларусі антыалкагольны музей. Культурна-дэндралагічны комплекс вёскі Мосар аб’ядноўвае  касцёл Святой Ганны, пабудаваны ў 1792 годзе ў стылі ранняга класіцызму, парк са скульптурнымі кампазіцыямі, алеямі і экзатычнымі кветнікамі. Аўтар унікальных дызайнерскіх рашэнняў — ксёндз Ёзаф Булька, які клапаціўся пра духоўны стан сваіх парафіян і прыгажосць навакольнага асяроддзя ў Мосары. А каля касцёла закладзена Алея цвярозасці.
    Крокун Т.Н., в.Яечкавічы, Іванаўскі раён”.

 

  • Назавіце вядомы беларускі раман, адна з сюжэтных ліній якога  пабудавана на  гісторыі “кахання і помсты”, што адбылася ў канцы ХVІІІ стагоддзя ў Дубровенскім  графстве. Які помнік нагадвае пра гэту гісторыю жыхарам горада?
    “Дуброўна — гэта родны горад маёй любімай бабулі. Ёй 85 гадоў. Якраз, калі адказвалі на віктарыну, яна гасцявала ў нас і нават спрабавала нам дапамагчы. Ад яе мы даведаліся пра манастыр. Капнулі крыху, і вось разгадка. У Дубровенскім графстве ў канцы XVII стагоддзя з’явіўся новы гаспадар Ксаверый Любамірскі. У яго была прыгажуня дачка Клемянціна, да якой з’язджаліся жаніхі “амаль з усяго свету”. Аднойчы падышоў да яе хлопец, статны і прыгожы Пётр Кроер. На жаль, багаццем ён не валодаў. Разумеючы, што бацька не дапусціць вяселля, князёўна таемна абвянчалася з Кроерам у манастыры. Маладыя збеглі, прыхапіўшы грошы бацькі. У знак помсты апошні падпаліў манастыр бернардзінцаў і ўтапіў двух манахаў. І толькі напрыканцы жыцця, зразумеўшы свой грэх, Любамірскі пабудаваў мураваны манастыр на месцы спаленага драўлянага. Ён і нагадвае жыхарам і турыстам пра тыя падзеі.
    Падобную гісторыю апісаў Уладзімір Караткевіч на прыкладзе старога Загорскага-Вежы: так той пакараў дачку, якая збегла ад яго замуж, у рамане “Каласы пад сярпом тваім”. Дарэчы, гэта выдатны твор беларускай літаратуры, які з задавальненнем чытаюць школьнікі. Паверце настаўніцы беларускай літаратуры. Я сама разоў 5 чытала гэты раман, ды і іншыя творы Караткевіча, адкрываючы для сябе кожны раз нешта новае і патрэбнае. Гэты аўтар сапраўдны тытан у нашай літаратуры. І дзякуй вам вялікі за пытанне. Мы з мужам пачалі чытаць гэты твор зноў з вялікай асалодай.
    Спірыдон Алена і Павел, в.Будслаў, Мядзельскі раён”.

 

  • Якая расліна дала прыгожы эпітэт возеру Азёркі Віцебскай вобласці? На што знешне падобны яе плод?
    Рэліктавая расліна беларускай флоры вадзяны арэх чылім сустракаецца на поўначы — у шэрагу азёр Віцебскай вобласці і на поўдні. Самым “арэхавым” лічыцца возера Азёркі ў Гарадоцкім раёне. Плады вадзянога арэха паспяваюць восенню. Батанікі называюць такія плады касцянкамі. На спелых касцянках — цвёрдыя сагнутыя “рогі”. Імі вадзяны арэх, бы якар, чапляецца за няроўнасці на дне. У некаторых месцах чылім называюць чортавым арэхам. Сапраўды, можна ўгледзець у пладах падабенства з рагатай галавой чорта (чылім параўноўваюць таксама з бычынай галавой — “НГ”).
    Пышная Ірына, г.Ушачы”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter