Сяргей ГIРГЕЛЬ: беларускае кіно ёсць, і праз некаторы час яно заявіць пра сябе ў поўны голас

Адкрытыя ўрокі ў аўташколе

Сяргей ГIРГЕЛЬ:  беларускае кіно ёсць, і праз некаторы час яно заявіць пра сябе ў поўны голас
Летась сцэнарый камедыйнага серыяла «Аўташкола» стаў адным з пераможцаў у адкрытым рэспубліканскім конкурсе Міністэрства культуры на вытворчасць нацыянальных фільмаў. Сёння знятыя ўжо чатыры серыі будучай карціны. Наперадзе — столькі ж. Як ідзе праца? Пацікавімся ў рэжысёра-пастаноўшчыка фільма Сяргея ГIРГЕЛЯ. 

— Сяргей, ледзь былі абвешчаны вынікі конкурсу, як загаварылі пра іх «несправядлівасць», дасталася і «Аўташколе», маўляў, здымаць серыял будзе прыватная кампанія, якая ігравым кіно раней не займалася. Вас такі скандальны пачатак не спалохаў?

— Жадаючых і вартых здымаць зараз сапраўды шмат: гэта і маладыя аматары кіно, якія імкнуцца заявіць пра сябе, і ўжо вядомыя рэжысёры са «сцэнарным партфелем», і прыватныя кампаніі, якія ўступаюць у партнёрскія адносіны з дзяржавай. Гэта азначае, што беларускае кіно ёсць, і праз некаторы час яно заявіць пра сябе ў поўны голас. А што да кампаніі «Сінетэхна», то яна забяспечвала тэхнічную падтрымку шэрагу вельмі прыкметных карцін.

Серыял здымаецца сумесна з «Беларусьфільмам». Кампанія звярнулася да кінастудыі з прапановай аб супрацоўніцтве. Сумесная вытворчасць — гэта нармальная практыка. Здымаем у асноўным на тэрыторыі студыі, там пабудаваны павільёны, аўтадром, класы, кватэра галоўнай гераіні. Задзейнічаем тэхніку і спецыялістаў.

— Пра што кіно?

— Пра сяброўства, каханне, вучобу курсантаў. «Аўташкола» — лірычная камедыя. На працягу ўсіх серый паміж героямі адбываецца цэлы каскад здарэнняў і анекдатычных сітуацый. Скразная лірычная лінія — адносіны інструктара Івана і курсанткі Машы. Героі сімпатызуюць адзін аднаму, але ўсё няпроста. У Машы ёсць жаніх, які спрабуе дамагчыся яе рукі, ведаючы, што патэнцыяльная нявеста з досыць забяспечанай сям`і. Але справядлівасць, сапраўдныя пачуцці, вядома, перамогуць, і ўсё будзе добра. Гэта калі коратка. 


— У галоўных ролях зноў расійскія акцёры...

— Такая кан`юнктура рынку. Гэта — медыйныя асобы, вядомыя тэлегледачу па топавых расійскіх серыялах, у прыватнасці «Кухня», «Мамачкі», «Універ. Інтэрнат». Праект «Аўташкола» мы першапачаткова пазіцыяніруем як экспартны, хочам быць цікавымі і канкурэнтаздольнымі не толькі ў «сваім двары», але і на замежных тэлеканалах. Расійскіх у першую чаргу, бо пытанне рэнтабельнасці і акупнасці праекта было адной з умоў перамогі ў конкурсе Мінкультуры.

У «Аўташколе» занята каля 160 выканаўцаў. Расійскія — гэта Міхаіл Тарабукін, Вольга Венікава, Аляксандра Булычова, Дзмітрый Астрахан, Іван Васільеў. Астатнія акцёры — нашы. Дарэчы, многія з іх знаёмыя гледачу па расійскіх серыялах: Аляксей Яравенка, Руслан Чарнецкі, Аляксандр Ткачонак, Валерыя Арланава, Алена Дуброўская, Алег Ткачоў, Валерый Зяленскі, Сяргей Пукіта, Віктар Васільеў, Святлана Сухавей. Здымаюцца ў фільме папулярная спявачка Леся Кодуш, тэлевядучыя Яўген Булка, Дзяніс Дудзінскі, Максім Сокал. Мы імкнуліся прыцягнуць да сябе ўсіх, каго глядач любіць і ведае.

— Аўташколу, напэўна, прайшлі большасць занятых выканаўцаў, і ў іх ёсць што пра гэта ўспомніць. Весела здымаецца?

— Сапраўды весела. Многае прыдумваецца акцёрамі ў час здымак на пляцоўцы, але галоўнае, каб сумна не было потым, калі будзем глядзець. Мы стараемся, каб такога не здарылася. Імкнёмся як мага больш дакладна ўсё вывяраць, каб «не прамазаць». Сучасны глядач «гартае» каналы, і ёсць толькі 15—30 секунд, каб «зачапіць» яго ўвагу. Таму часта задаю сабе пытанне: чым мы ў гэтыя 30 секунд захопім гледача. Адказ павінен быць канкрэтным на ўзроўні сцэнарыя (сітуацыя, дыялог, рэпрыза), выканаўцаў (чым героі цікавыя), касцюма, інтэр`ера, музычнага афармлення, аператарскага рашэння, рэжысёрскага... Калі такой канкрэтыкі няма, будзе толькі «лысая» карцінка, якую нехта, можа, і паглядзіць, бо няма чаго рабіць або з павагі. Трэба задаваць сабе пытанне: што мы зробім такога, пра што не зможа здагадацца сённяшні спрактыкаваны глядач, чыю ўвагу трэба «заваёўваць» кожныя паўтары-дзве хвіліны. Кажу не пра аўтарскае, а пра фарматнае тэлекіно. Мы імкнёмся забяспечыць гледачу якасны тэлеадпачынак, зрабіць кіно для сямейнага прагляду.

— Рэжысуры вы вучыліся ў Акадэміі мастацтваў у Аляксандра Яфрэмава, у Маскве ў магістратуры — у Валерыя Фокіна. Апошнія гадоў пяць жывяце ў Мінску і здымаеце для Масквы. З дзясятак вашых серыялаў можна было бачыць на канале РТР. Жанр сёння запатрабаваны...

— Многія расійскія серыялы робяцца нашымі кінематаграфістамі тут або нашымі землякамі там. А што да жанру, то цяпер агульная тэндэнцыя такая, і пра гэта гавораць спецыялісты, што сур`ёзнае кіно сыходзіць у серыялы. Калі мы шукаем гісторыю пра людзей, то знайсці яе прасцей у тэлевізары, чым на вялікім экране. Там сёння часцяком — толькі дадатак да пап-корна. У серыялах, калі сцэнарый добры, рэжысёру і акцёрам прасторней. І аўдыторыя значна большая — мільёны тэлегледачоў. За якаснымі серыяламі, думаю, будучыня.

— А пра вялікае кіно не марыцца?

— Гэта хутчэй не мара, а вера ў тэму... Хацелася б зрабіць гісторыю пра вяртанне да сваіх каранёў. Беларускі аўтар Андрусь Горват напісаў кнігу, якая, спадзяюся, аднойчы дасць мне падставу зняць кіно для вялікага экрана. Але пакуль да мар я падыходжу рацыянальна. Задаю сабе пытанне: дзеля чаго? Вядома, можна затлуміць галаву «высокай кухняй», зрабіць стаўку на «кіно не для ўсіх», напружваць сваімі ідэямі многіх людзей і ў выніку «нарадзіць». Але ёсць у гэтым нейкая натужнасць. Я не люблю мітусні і веру ў натуральны ход падзей. Таму пакуль стараюся зрабіць добры «бутэрброд», які прыйдзецца да месца і не расчаруе па смаку.

— Але ў нас нават за вельмі смачны «бутэрброд» могуць крытыкаваць. Так у нас у кіно прынята: да свайго ставяцца прадузята. Гатовыя?

— Ёсць шмат спосабаў схіліць публіку на свой бок, і гэта цалкам прагучыць. Глядач будзе задаволены, і крытыкі загавораць пра новае слова ў кінамастацтве. І гэта добра. Няхай будзе што заўгодна і як заўгодна, але хацелася б мяняць сам наш местачковы клімат. Трэба змяніць вядомую нашу моду адразу хвастаць наводмаш сваё, а не падтрымліваць. Вядома, свае кінематаграфісты нярэдка самі даюць падставу для ўласнай лупцоўкі. Але, тым не менш, давайце шукаць, знаходзіць і бачыць добрае! Трэба верыць у тое, што мы можам, можам тут і цяпер. У нас жа сапраўды ёсць людзі, якія пішуць якасныя сцэнарыі, але пішуць для Масквы, працуюць у Маскве. Ёсць добрыя і смелыя рэжысёры. Проста трэба канструктыўна выбудоўваць дыялог адносна аўтараў, задач, мэт, расцэнак і гэтак далей. Трэба ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты. Можа, сабраць мільённыя касы пакуль фізічна складана (экранаў не хопіць, і час пракатны падзелены на гады наперад), але ёсць жа фестывалі. Няхай наша краіна будзе вядомая як радзіма самабытнага кінематографа. Давайце ісці да гэтага 20—40 гадоў, але не будзем таптацца, азірацца і шкадаваць аб мінулых і страчаных магчымасцях. Пасварыцца мы заўсёды паспеем, а вось дамовіцца, знайсці кропкі ўзаемадзеяння — над гэтым трэба працаваць. Добра было б разам імкнуцца да творчасці, а не да высвятлення адносін.

А тое, што да «Аўташколы» многія паставяцца з асаблівай увагай, гэта нават добра. Будзе абмеркаванне, спрэчкі, крытыка. Усё гэта — этапы нашай агульнай справы. Але кожны член нашай каманды, працуючы над серыялам, з самага пачатку імкнецца быць сумленным перад сабой і робіць усё, каб пераадолець недавер гледача і яго стаўленне да беларускага серыяла як да тэлефільма другога гатунку. Для нас гэта вельмі важна. І мы верым, што на прэм`еры радасць, смех, весялосць будуць агульнымі: і ў гледача, і ў стваральнікаў праекта. 


У ТЭМУ

Па словах прадзюсара праекта Святланы Гараднёвай, праца над 8-серыйнай «Аўташколай» павінна быць скончана да восені. Зараз рыхтуецца трэйлер карціны і план яе прасоўвання. Поўны кошт тэлефільма — каля 30 млрд рублёў. Па ўмовах конкурсу дзяржава фінансуе з іх 70% — гэта 22 млрд рублёў. Прадзюсар карціны лічыць суму цалкам дастатковай, каб зняць добрае кіно. І што яно будзе менавіта такім, Святлана Гараднёва не сумняваецца.

svirko@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter