Адкрыць кнігу – як адкрыць свет. Каб знайсці сябе ў сучасным жыцці, трэба не толькі імкнуцца да перадавых тэхналогій, але і ведаць сваю спадчыну.

У гэтым упэўнена адна з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” Галіна Сухава. Віцебская настаўніца беларускай мовы і літаратуры з гімназіі № 5 Галіна Анатольеўна Сухава лічыць школу самым лепшым месцам на зямлі. Прадстаўнік педагагічнай дынастыі па мамінай лініі, Галіна не прызнае публічнасці, не імкнецца да папулярнасці і болей любіць расказваць не пра сябе, а пра літаратуру, вучнеў, урокі.

Галіна, як сябра клуба “Крыштальны журавель”, зараз рыхтуецца да адкрытага ўрока па запрашэнню гімназіі № 1 Полацка, рэгулярна наведвае бібліятэку і чытае метадычную літаратуру.
— У свой час мяне вельмі ўразіў урок мінскай настаўніцы Вольгі Бухавец, — гаворыць Галіна Сухава. — Адзін такі ўрок, майстар-клас, цалкам замяняе двухтыднёвыя курсы павышэння кваліфікацыі.
Настаўніцкія пошукі і актыўная жыццёвая пазіцыя яшчэ раней прывялі Сухаву на аўтарскія курсы Мікалая Іванавіча Запрудскага ў Альхоўку. Тройчы ездзіла на Гарадзеншчыну падчас летняга адпачынку — вось сапраўдная акадэмія паслядыпломнай адукацыі.
Але задача настаўніка не капіраваць тое, што ўжо створана іншымі, а самому выпрацоўваць стыль, тэхналогію падачы і засваення вучэбнага матэрыялу.
Віцебшчына багатая на літаратурныя таленты. Як настаўніку беларускай літаратуры не выкарыстаць гэты феномен?! Галіна Сухава называе любімых пісьменнікаў: Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Анатоля Вярцінскага, Вольгу Русілку — усе маюць віцебскія карані. І што цікава — чым больш чытаеш, тым больш уражваешся, захапляешся.
— Мастацкі твор можна чытаць зноў і зноў і кожны раз адкрываць новы сэнс, — гаворыць Галіна Анатольеўна. — Мая пазіцыя супадае з пазіцыяй філосафа Міхаіла Бахціна, нашага земляка. Мастацкасць пакідае тайну: на кожным этапе жыцця чалавек можа ўбачыць новы сэнс твора. Задача настаўніка літаратуры не толькі падвесці вучняў да пазіцыі літаратурнай крытыкі, але і наблізіць іх да разумення аўтарскай канцэпцыі. Сэнс твора невычарпальны, а мастацкасць праяўляецца ў шматзначнасці.
Максім Гарэцкі шукаў адказ на пытанне: хто мы, беларусы? Яго апавяданне “Роднае карэнне” раскрывае школьнікам сэнс беларускай ментальнасці. Менавіта Гарэцкі, які не так даўно ўвайшоў у школьную праграму і з творамі якога яна ўпершыню пазнаёмілася толькі ў студэнцкія гады, дапамагае нашаму сучасніку разбурыць стэрэатып ментальнасці нашага народа: беларус — не гаротны і няшчасны, ён з тых, хто ведае, што яму патрэбна, ён кемлівы і ўпарты.
Да вызначэння “любімы настаўнік” ці “любімы пісьменнік” Сухава адносіцца з асцярогай. Не ствары сабе куміра! Ідэал школы — так, верагодна, а вось ідэал настаўніка — хутчэй зборны вобраз. Ідэал часта выклікае расчараванне. Гэта бяспечна. Настаўнік — перш за ўсё гарманічная асоба, якая спалучае ў сабе і знешнюю прывабнасць, і фізічнае здароўе, і пачуццё гумару, інтэлект, энцыклапедычныя веды і веданне псіхалогіі. Педагогіка — вялікая навука.
Адкуль з’явілася прыхільнасць да беларускай мовы і літаратуры? Галіна Сухава дакладна ведае: з абвостранага пачуцця справядлівасці, з прагі вярнуць тое, што страчана. Тады, у канцы 80-х, у грамадстве многае мянялася, мяняліся погляды на прывычныя з’явы. Яе дзядуля Андрыян Іванавіч Красікаў быў рэпрэсіраваны ў 1930-м за рэлігійныя погляды і нежаданне ісці ў калгас. Дзядуля з вёскі Жарцы Полацкага раёна так і не дачакаўся рэабілітацыі. Але яго родныя паднялі ўсе архівы і дабіліся справядлівасці праз тры гады пасля яго смерці.
Галіна выбрала філфак, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры насуперак маміным парадам.
— Праўда, я доўга вагалася паміж філалагічнай адукацыяй і спортам, — прыгадвае настаўніца. — Спартыўныя заняткі заўсёды былі па душы. У рэшце рэшт перамагла літаратура.
Дарэчы, у Сухавай і мама, і бабуля Ніна Васільеўна Каралькова і трое маміных дзядзькаў — усе педагогі, былыя дырэктары школ у Расонскім раёне. Ужо няма той Тродавіцкай школы, дзе бабуля была настаўніцай пачатковых класаў, але ў Тродавічы яны едуць кожнае лета. Там знаёма ёй кожная сцяжынка, кожная ялінка ў лесе.
Са спортам Галіна сябруе дагэтуль. Басейн і лыжы — гэта на ўсё жыццё. Невыпадкова і муж Алег Віктаравіч Сухаў па адукацыі настаўнік фізкультуры, майстар спорту.
А вось дачка Паліна жартаўліва сцвярджае, што валоданне беларускай мовай у яе на генетычным узроўні, але вось спорт і нават фізкультура не яе. Паліна з пяці гадоў малюе, спачатку займалася ў мастацкіх гуртках, цяпер — у мастацкай школе. Дзяўчынка марыць стаць мастаком-дызайнерам.
Калі Паліна бачыць, што мама занята чарговым творчым праектам, стварае для гэтага самыя спрыяльныя ўмовы, ходзіць па хаце нават на дыбачках. Натхненне  важна не спудзіць. Творчасць — дама капрызная. Гэта разумее і падлетак.
Дзеці імкнуцца ісці за настаўнікам, калі бачаць, што ён — фігура самадастатковая. Такая самарэалізацыя іх пераконвае, што ўсё ў гэтым свеце невыпадкова. І нават тая ж самая кніга, што трапляе на школьную парту. Адкрыць кнігу можна спантанна, а палюбіць яе — з падачы настаўніка. Праз пэўны час і праз трапнае настаўніцкае слова.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter