Адкройце для сябе "Нечаканую Беларусь"

Гiстарычны Магiлёў сфатаграфаваў з птушынага палёту фотамастак Сяргей Плыткевiч. Здымак быў апублiкаваны ў чацвёртым туры вiктарыны 30 верасня

“На фотаздымку — Магiлёўскi Свята-Мiкольскi жаночы манастыр, якi знаходзiцца ў пойме Дняпра, у раёне, што завецца Падмiколлем, — удакладняе ўдзельнiца вiктарыны Людмiла ЖУК з Нясвiжа. — Ён пабудаваны ў 1669—1672 гг. на месцы драўлянага, заснаванага ў 1646 годзе мiтрапалiтам Пятром Магiлай. Складаецца з шэрагу мураваных пабудоў: Свята-Мiкольскай i Свята-Ануфрыеўскай цэркваў, жылога дома (шпiталь), званiцы, агароджы з уязной брамай.
З манастыром звязана вядомая ў хрысцiянскiм жыццi Беларусi, кананiзаваная праваслаўнай царквой асоба архiепiскапа магiлёўскага i беларускага Георгiя Канiскага, у гонар якога ў манастыры ўстаноўлена мемарыяльная дошка”.
“Такое адчуванне, калi глядзiш на здымак, што мясцовасць вакол манастырскага комплексу лясная i нават дзiкая, — дадае Iрына СЯДОВА i ўся яе сям’я з Пружанаў. — Выбраны, бадай, адзiны ракурс, з якога не бачны горад. Але ўсё ж гэта вялiкi, прыгожы, цудоўны Магiлёў, раён так званага Падмiколля”.
Сёння чарговы тур сумеснай вiктарыны “НГ” i выдавецтва “Рыфтур” i чарговая магчымасць здзiвiцца прыгажосцi роднага краю. Чакаем вашых лiстоў з адказамi, а таксама занатоўкамi пра родны кут. Мастацкiя вартасцi лiстоў будуць улiчаны.
Пiшыце нам: 220013, г.Мiнск, вул.Б.Хмя-льнiцкага, 10а, “Народная газета”, з пазнакай “Нечаканая Беларусь”, цi на электронную скрыню info@ng-daily.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter