Напярэдадні Першамая, 63 гады таму, за высокія надоі малака Зорку Героя Сацыялістычнай Працы атрымала бабруйская даярка Аляксандра Сакун

«Адгулялі вяселле, і пайшла кароў даіць»

Вядомая беларуская даярка Аляксандра Сакун расказала пра годнасць шчырай працы, цікавейшыя жыццёвыя стасункі і сакрэты, ад якіх радасць памнажаецца і гора лягчэй пераносіцца 

Выцягнутая шнурком вуліца Першамайская ў бабруйскай вёсцы Забалацце за ваколіцай пераходзіць у дарогу, якая перасякае ажыўленую аўтамагістраль і вядзе да малочна-таварнай фермы ААТ «Міхалёўская Ніва». Узбуйненая гаспадарка, асноўны прыбытак якой дае вытворчасць малака, утворана на базе некалькіх калектываў. Сярэднегадавы надой ад кожнай каровы набліжаецца да 5 тысяч кілаграмаў. Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя такі рубеж пакарыла мясцовая даярка Аляксандра Сакун. За высокія вытворчыя паказчыкі дзяржава ўзнагародзіла жывёлавода высокім званнем Героя Сацыялістычнай Працы.

Аляксандра САКУН каля свайго дома.

Нялёгкім быў шлях вясковай дзяўчыны да ўсеагульнага прызнання.

У пятнаццаць гадоў пайшла даіць калгасных кароў. У вёсках толькі наладжвалася жыццё пасля спусташальнай вайны. Сялянская сям’я Сакуноў тулілася ў хатцы на тры акенцы. Ад былога бацькоўскага падворка засталіся толькі высокія дрэвы. Пад іх шатамі казачным выглядае акуратна пафарбаваны дом Аляксандры Рыгораўны, драўляны, з аканіцамі. Побач у сваёй хаце жывуць сын Віктар з нявесткай Валянцінай. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яны вярнуліся з Бабруйска ў родную вёску. З другога боку гаспадарыць на сваёй сядзібе аўдавелая нявестка Ірына. Летам тут звіняць дзіцячыя галасы: у Аляксандры Рыгораўны 8 унукаў і 12 праўнукаў. Прасторны дом яе засланы чыстымі палавікамі, на сценах карціны, партрэты, рамкі з сямейнымі фотаздымкамі.

З гаспадыняй мы ўжо сустракаліся сем гадоў таму. Цяпер, як і тады, на падаконніках скрынкі з расадай памідораў. У агародчыку красаваліся першыя вясновыя кветкі. Новыя з габляваных і пафарбаваных дошак вароты ўпрыгожылі сядзібу. Аляксандра Рыгораўна ўдзячна кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі за клопат. Гаспадыня, адчуўшы мой позірк на сваіх незвычайна пухлых руках, ціха прамовіла:

— Больш як тры дзесяцігоддзі даіла кароў. Пачынала з дзесяці змарнелых жывёл, потым з Польшчы прывезлі яшчэ некалькі. Яны ўвесь час ляжалі, таму падымалі іх на вяроўках. Вясною на пашы акрыялі, далі цялятак. Кожнага з іх выхадзіла, за што атрымала цялушачку. А за надоі мяне адзначылі паездкай на ВДНГ у Маскву. Перад тым як ехаць, прыслалі мастака, і цэлы месяц ён жыў у вёсцы. Каля абразоў пасадзіць мяне і ўсё малюе. Прыязджаю ў Маскву, прыходжу ў Беларускі павільён ВДНГ, а там вялікі мой партрэт і надпіс: «Магілёўская вобласць, Бабруйскі раён, калгас «Перамога». Сакун Александрына Рыгораўна». Стаяла і думала: дык вось чаму ён мяне так доўга марнаваў? На выставе ўручылі сярэбраны медаль. Запомніліся наведванне Маўзалея, вандроўка па Чырвонай плошчы. Дамоў вярталася з жаданнем працаваць яшчэ лепш.

Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандра САКУН, 1958 год.

— З тых маладых вёсен што больш помніцца?

— Прыгажосць садоў у нашым Забалацці вясной. Ад яблынь, груш, сліў, вішань, ахутаных белым вэлюмам квецені, вачэй не адарваць. Сэрца закіпала ад пачуццяў. Тэлевізараў і радыёпрыёмнікаў у вёсцы не было. Як толькі цяплела, то ў адным канцы вёскі, то ў другім вечарамі заліваліся гармонікі, гучалі спевы. Жылі небагата, але весела. Не ўсе аднавяскоўцы з франтоў вярнуліся жывымі. Крывавы след вайна пакінула амаль у кожнай сям’і Забалацця.

— А што больш за ўсё з вайны ўрэзалася ў памяць?

— Балюча было глядзець, як на пачатку вайны адступалі нашы войскі. На ўскрайку вёскі ў вішняку стаялі савецкія танкі, дзетвара круцілася побач. Як потым стала вядома, танкістам удалося толькі да Дняпра дайсці: не хапала боепрыпасаў, спешна адступалі. Калоны тэхнікі вымушана адыходзілі на ўсход, а ў нашу вёску з захаду ўварваліся на матацыклах з каляскамі акупанты. Мы з бацькамі стаялі каля хаты анямелыя. Памятаю, як немец разлажыў карту і паказаў, што кожная сцежачка на ёй пазначана, а ён другі раз тут — ваяваў яшчэ ў Першую сусвет­ную вайну. У нас ворагі забралі карову, курэй, гусей.

Запаў у сэрца і момант, як вясновым днём нямецкая конніца спынілася за ваколіцай. Фашысты ў кальсонах і сподніх кашулях паселі кругам на траве, а з другога боку вёскі да іх падбіраліся нашы байцы. Акружылі ворагаў і забралі ў палон.

Наша Забалацце пры ажыўленым бальшаку стаіць, і ворагі нас хутка акупавалі. Прыгналі бежанцаў з Бранскай, Смаленскай абласцей. Яны туліліся як маглі. Фашысты занялі і нашу хату, а нас выгналі на другі канец вёскі. Дзед з бабуляй жыта на агародзе сеялі і гэтай збажыной харчаваліся.

Шмат пакут прынесла вайна. Наваколле ўсё ў баявых снарадах. Бацькі не пускалі нас у лес, бо там не прадыхнуць было ад смуроду, што ішоў ад варожых трупаў і забітых коней. Валяліся павозкі. Нават пасля вайны доўга не хадзілі ў лес. Ужо столькі дзесяцігоддзяў мінула, а сніцца, што бягу ад фашыстаў, а тыя ляцяць за мной.

— Памяць не адпускае перажытае ў ваеннае ліхалецце?

— Ці можна забыць, як забіралі кроў у дзяцей? Не ўсе вытрымлівалі і паміралі. Стрыечная сястра Вольга з Бірчы, суседняй вёсцы, уратавалася тым, што пасля забору крыві немка ўпадабала яе і потым вывезла ў Германію. У мірны час Вольга вярнулася дамоў, разам хадзілі ў школу. Пасля пятага класа мне споўнілася чатырнаццаць гадоў, больш не вучылася. Летам нарыхтоўвала торф на балоце, за заробленыя грошы бацькі аплацілі падаткі. Увосень пайшла ў калгасную брыгаду, меня прызначылі звеннявой. Вырошчвалі на тарфяніках кок-сагыз і больш за ўсіх яго здалі. За гэта атрымала першую грамату.

Многія юнакі і дзяўчаты з Забалацця і навакольных вёсак адпраўляліся вясною на цаліну. І я збіралася ехаць. Аднак загадчык жывёлагадоўчай фермы параіў маёй маці, каб я пайшла даіць калгасных кароў. Тым, хто ішоў працаваць на ферму, давалі мех пшаніцы. Маці пераканала мяне, і я стала даяркай. Акрамя пшаніцы атрымала халат і гумавыя боты сорак трэцяга памеру. Меншых не было. Прыбралася хораша (дарэчы, заліцаліся тры кавалеры, і ўсе Іваны).

За старанне мяне ў калгасе паважалі. На ферме даіла сваю групу кароў цётка Надзея. У пасляваенны галодны час падкормлівала мяне скарынкамі хлеба, а я старалася працаваць як магла. Паступова ў маёй групе кароў сталі расці надоі. Памятаю, як віншавалі мяне з першым поспехам. У 1954 годзе ад кожнай з дзесяці кароў сваёй групы надаіла па 1800 кілаграмаў малака.

— Як удавалася пры аднолькавых умовах атрымліваць большыя надоі?

— З вясны каровак пасвіла на канюшыне каля фермы. Пасевы разбілі на загоны і даглядалі іх. Статак далёка не хадзіў, бо неразумна ганяць жывёлу: за перагон палова малака губляецца. Паіла чыстай вадой, вясною чысціла шчоткамі, як коней. Таму мая група кароў аж блішчала (дарэчы, старшыня за вычасаную шэрсць выдаваў прыгожыя хустачкі). Каваль вясною зразаў ім капыты. У памяшканні заўсёды быў парадак.

Лягчэй стала, калі перайшлі на аўтаматычную дойку. Мой гурт павялічыўся да паўсотні кароў. Ферма была далекавата ад вёскі, таму, бывала, і начавалі там. Для нас спецыяльна ў прыстасаваным пакойчыку збілі нары. Мы нацягалі на іх сена, прынеслі посцілкі і спалі. Раніцай загадчык фермы грукаў, каб уставалі. Тады ўсхопліваліся і пачыналі дойку.

— А хто з тых трох Іванаў стаў вашым суджаным?

— Так сталася, што па волі лёсу выйшла замуж за суседа Івана Сакуна. Так што і прозвішча не спатрэбілася мяняць. Іван — першы шафёр у Забалацці. Згулялі камсамольскае вяселле ў суседскай хаце, бо сваю яшчэ недабудавалі. Пра мяне па радыё гаварылі, у газетах пісалі, што да 
4 тысяч кілаграмаў малака ад каровы надойвала. Са шлюбам віншавалі кіраўнікі раёна, вобласці, нават з Мінска. З Бабруйскага райвыканкама падаравалі канапу, але забыліся прывезці. Адгулялі вяселле, і пайшла кароў даіць. Зарабляла па 100 і болей рублёў у месяц. Тады гэта былі вялікія грошы. Нарадзіўся першынец, і хрысціны зладзілі ў новай хаце. Была членам бюро абкама партыі, але дзяцей сваіх у Цялушы хрысціла. І кум камуністам быў. Аднойчы прыходжу з фермы і бачу, што абразоў няма. Маці расказала, што прыйшлі з сельсавета і паздымалі. Усе абразы потым вярнула на покуць.

Мы першымі ў Забалацці машыну купілі. Старшыня райвыканкама прапаноўваў набыць «Масквіч», але грошай хапала толькі на «Запарожац». Мелі тры матацыклы. Першымі ў вёсцы займелі тэлевізар. Вечарамі ў нас поўная хата набівалася. Састарэлы свёкар і некаторыя суседзі ніяк не маглі зразумець, што ў тэлевізары людзі ходзяць і гамоняць.

— Ваша руплівасць прынесла плённы вынік. У 26 гадоў сталі Героем Сацыялістычнай Працы, а слава пра вас грымела на ўсю краіну.

— Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні мне звання Героя Сацыялістычнай Працы выйшаў напярэдадні Першамая ў 1958 годзе. Гадавы надой ад кожнай каровы маёй групы перавысіў 5 тысяч кілаграмаў малака. Каб дабіцца такога поспеху, днявала і начавала на ферме. Пойла варыла, запарвала льняную макуху сваім кароўкам. У нашым калгасе выпрабоўвалі, колькі можа даць карова малака. Прыязджалі спецыялісты з раёна і праводзілі кантрольныя дойкі. На рэкордна высокія надоі ў Магілёўскай вобласці выйшлі і даяркі вядомага калгаса «Світанак», якім кіраваў Кірыл Арлоўскі. Дзве з іх таксама тады атрымалі Зоркі Герояў Сацыялістычнай Працы.

— Дзе ўручалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды?

— На ўрачыстасць запрасілі ў Мінск. З Іванам на грузавіку даехалі да Бабруйска, а адтуль цягніком. Стаялі цёплыя вясновыя дні. Апранула прыгожую паркалёвую сукенку, матэрыял для якой купіла раней, калі ездзіла ў Маскву на ВДНГ. Тады ў калгасе выдалі 500 рублёў і ў сталіцы дадалі грошай на харчаванне. Не траціла іх (піла толькі чай з булачкамі). У маскоўскім універмагу здзівіў багаты выбар тканіны — аж вочы разбягаліся! Выбрала квяцісты паркаль сабе на сукенку, а дома швачкі пашылі абноўку. Вось толькі туфель ладных не было — абула што мела. У сталіцы нас пасялілі ў гасцініцу. Там прадстаўніца органаў улады прапанавала пайсці ў магазін, дзе і выбралі мне прыгожыя. Вельмі хвалявалася, калі ў прасторнай зале Дома ўрада выклікалі атрымліваць Зорку Героя.

— А хто ўручаў?

— Сам Мікіта Хрушчоў. На ўсё жыццё запомніліся яго словы: маўляў, такая высокая дзяржаўная ўзнагарода не за дасягнутыя поспехі, а за будучыя. Перадавікі з розных гаспадарак рэспублікі адзначаны былі тады ўзнагародамі. Хрушчоў запомніўся звычайным дзядзькам: усміхаўся, гаварыў з намі шчыра, на простай мове. Адна з жанчын пасля атрымання ўзнагароды ўсхвалявалася і падзякавала Леніну і Сталіну. Хрушчоў прамаўчаў: тады ўсе ведалі пра яго адносіны да Сталіна. Пасля ўзнагароджвання наладзілі банкет у прасторнай зале. Мне нязвыкла было, што частаваліся стоячы, — крэсел ля сталоў не было. Каньяк, віно, гарэлка, лікёры розныя стаялі. Шмат чаго. Хваляванне не пакідала мяне: баялася нават падысці блізка да пачастункаў, ні да чаго не дакраналася. Вакол панавала ажыўленне. Хрушчоў стаяў у цэнтры залы, а яго акружалі апранутыя ў строгія касцюмы мужчыны. Ён жартаваў з імі, часта гучна рагатаў. Усё гэта надта ўражвала.

— Вярнуліся дамоў — усюды павага, аўтарытэт.

— Усе мяне віншавалі. Першага мая дэлегацыя нашага калгаса ездзіла на грузавой машыне ў Бабруйск. Калоны дэманстрантаў, музыка, радасныя твары людзей. І на Дзень Перамогі нас запрашалі ў горад — ускладаць вянкі да помніка загінуўшым савецкім воінам-вызваліцелям. Колькі іх палягло падчас ваеннай аперацыі «Бабруйскі кацёл»!

Пасля свята на нашай ферме здарылася бяда. На выпасе каровы захварэлі на яшчур. Што тут рабілася! Панаехалі спецыялісты, начальства. Каб ачаг не распаўсюджваўся, увесь дойны статак ліквідавалі. Нават свойскіх кароў у навакольных вёсках звялі. Перад фермамі санітарныя падушкі ўсталявалі, памяшканні прадэзінфіцыравалі, пабялілі і толькі ўвосень набралі маладняк. А мне трэба было ж трымаць марку Героя.

— І як вы з гэтым справіліся?

— Мяне ж ставілі ў прыклад іншым. Пасля санітарных мерапрыемстваў завезлі на нашу ферму дойных кароў. З іх вызначылі мне паўсотні галоў. Спатрэбіўся час, каб выйсці на ўзятыя раней рубяжы. Вытрымала і дасягнула поспеху. Землякі выбралі мяне дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР пятага склікання. З Бабруйска ехала ў вагоне, абітым аксамітам з чырвонымі стужкамі. У Мінску сустрэлі на вакзале і на «Волзе» адвезлі ў гасцініцу. Выдавалі па 100 рублёў на дзень, а я за месяц столькі зарабляла. У дэпутацкай сталоўцы якіх толькі прысмакаў не было! Такога ніколі ў жыцці не бачыла — сапраўдны камунізм, але толькі два дні, пакуль ішла сесія. Дамоў вярталася з поўнымі сумкамі пачастункаў. Там мяне чакалі сыны Віктар і Міша. Потым нарадзіўся Сяргейка, а за ім і Гена. Толькі долі яму не хапіла… Неяк сон убачыла, што цягаю ваду з ледзяной студні. Адно, другое, трэцяе вядро, а чацвёртае сарвалася і затанула. Праз кароткі час Гены не стала… А мінулай восенню Мішу пахавалі…

 Ад слёз зрок страціла — на адно вока толькі бачу. Мы з мужам працай выхоўвалі сыноў, ніколі не ганілі. Яны дрэннага нічога не рабілі, у працы падрасталі. Бачылі, як бацькі гаруюць. З малых гадоў дапамагалі мне на ферме кароў даіць. І на нявестак нам пашчасціла, усе цудоўныя. Валянціна стала мне як родная дачка: і прыгатуе, і ў хаце прыбярэ, і агарод дагледзіць. Яна сябруе з аўдавелай нявесткай Ірынай. Люблю іх, і яны мяне шануюць. У свята сабяромся ўсе ў маім доме, яны стол накрыюць. Разам радасць памнажаецца і гора лягчэй перанесці.

— Аляксандра Рыгораўна, унукі, праўнукі цікавяцца вашымі дасягненнямі?

— Як збіраемся разам, узгадваю пра мінулае. Быццам учора ўсё было. А 30 красавіка мне пойдзе дзевяносты год. Удзячна Усявышняму за доўгі век. Прыемна, што мяне не забываюць. Заўжды на дзень нара­джэння дом патанае ў букетах кветак. З прыемнасцю чакаю і сёння гасцей.

Радуюся, што ў родным Забалацці дзейнічае сучасная малочна-таварная ферма (загадвае ёй Таццяна Косцева). Добрых вынікаў дабіваецца мая суседка Людміла Аўрамчык. Спадзяюся, што поспехам будуць карыстацца жывёлаводы фермы. Важна, каб было каму справу працягваць, а таму трэба людзей заахвочваць. Сённяшнія ўмовы працы не параўнаць з тымі, якія былі ў наш нялёгкі час. Цікаўлюся справамі гаспадаркі «Міхалёўская Ніва» (дарэчы, кіруе калектывам Алена Пацыенка).

Поспеху і цудоўнага святочнага настрою зычу землякам і ўсім працаўнікам сельскай гаспадаркі. Будзе спакой і святы — будуць множыцца слаўныя працоўныя традыцыі.

Герой Сацыялістычнай Працы Александрына САКУН з сынамі  і пляменніцай Маяй у1960-я.

Бабруйскі раён

Фота з сямейнага альбома і аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter