Аддайце Бураціну! “Беларусьфільм” патрабуе ад расіян вярнуць наша кіно на радзіму

Нацыянальная кінастудыя збіраецца падаць іск у арбітражны суд Масквы. Падставай стаў “прэцэдэнт дзяржаўнага рэйдэрства з боку Дзяржтэлерадыёфонду Расійскай Федэрацыі ў адносінах да мастацкага фільма “Прыгоды Бураціны”, знятага ў 1975 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” і належнага ёй”. Рэйдэрства — гэта захоп. Іначай кажучы, расіяне выдаюць наша кіно за сваё, прадаюць і атрымліваюць прыбытак. А мы застаёмся з носам. Як той Бураціна...

Пра выпадкі парушэння аўтарскіх правоў нашай кінастудыі (інтэлектуальнага пірацтва) расіянамі ў інтэрв’ю “НГ” учора паведаміла прэс-сакратар “Беларусьфільма” Валянціна Белякова. Яна расказала, што яшчэ ў 1999 годзе арбітражны суд Масквы замацаваў правы на 170 фільмаў, створаных у Мінску і перададзеных у часы СССР на захаванне ў расійскую сталіцу, за Дзяржтэлерадыёфондам РФ. У “Беларусьфільме” лічаць такое “замацаванне” незаконным.
— Цяпер мы змушаны сваё ж кіно набываць у Дзяржтэлерадыёфонда, каб паказаць на нацыянальных тэлеканалах, — канстатуе сітуацыю спадарыня Белякова. — Гэта нонсенс. Мы будзем даказваць з дакументамі ў судзе тое, што маёмасныя правы на фільмы, створаныя на “Беларусьфільме”, належаць толькі нашай кінастудыі, гэта — інтэлектуальная ўласнасць Рэспублікі Беларусь.
А пакуль зафіксаваны ўжо не адзін факт продажу Дзяржтэлерадыёфондам РФ беларускіх фільмаў, знятых у савецкі час, розным пракатным установам. Натуральна, Мінск ад гэтых здзелак нічога не мае.
Усяго ў расійскіх архівах захоўваюцца арыгіналы 600 айчынных фільмаў, сярод іх — “Корцік”, “Белыя росы”, “Чырвоны каптурок”. Нарэшце прыйшло ўсведамленне: пара вяртаць страчаную спадчыну на радзіму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter