Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння народнага мастака СССР і Беларусі Міхаіла Савіцкага

Адданы захавальнік часу

Ураджэнец вёскі Звянячы, што на Талачыншчыне. Пасля заканчэння школы ў 1940-м — салдат Чырвонай арміі. Удзельнік абароны Севастопаля, а пасля баявога ранення — вязень Бухенвальда, Дахау, Мітэльбау. У мірны час — выпускнік з адзнакай Маскоўскага мастацкага інстытута імя Сурыкава. Аўтар больш за 200 тэматычных работ, сярод якіх славутая «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты», «Поле», цыклы «Лічбы на сэрцы», «Чорная быль». На працягу многіх гадоў — кіраўнік Творчых майстэрань жывапісу, графікі і скульптуры. Адзін з першых Герояў Беларусі, акадэмік, лаўрэат дзяржаўных прэмій. 

Яго па праве называлі выдатным майстрам мастацтва сучаснасці, сумленнем беларускай інтэлігенцыі, адным з духоўных светачаў грамадства. 

А што думаў пра сваё жыццё і творчасць сам Міхаіл Андрэевіч?

Некалькі разоў пашчасціла сустракацца з мастаком у яго майстэрні на Някрасава. Сам пра сябе ён расказваў так.

Сваiм абавязкам мастак Мiхаiл САВIЦКI лiчыў адлюстраванне часу

Пра лёс


— Пра сябе магу адразу сказаць, што я — няўдачнік, у мяне цяжкі і дрэнны лёс, якога я нікому не пажадаў бы. Шчаслівы яго перыяд быў хіба да вайны, дакладней, да 18 гадоў, калі я займаўся з бацькам сялянскай працай. А пасля пачалося — прызыў  у армію, фронт, палон, канцлагеры. 

Пасля вызвалення — вучоба, творчая праца, але ў ёй усё неяк неўпапад. Непаўнацэнны грамадзянін, а стаў мастаком — увесь час дзяўбуць.

Пра творчасць


— Так, у мяне многа пачэсных узнагарод і званняў. А вышэйшае адмоўнае званне — «ідэалагічны дыверсант». Пры гэтым — народны мастак СССР. Ці не смех? Мне ўвесь час прад’яўлялі: чаму выжыў у канцлагерах? Чаму не трапіў у  крэматорый, я растлумачыць не мог. А таму — паднадзорны. Каб паехаць да маці два дні пагасціць, павінен быў перціся за некалькі кіламетраў у міліцыю, каб адзначыць прыезд і ад’езд. 

Мае творы чамусьці заўсёды не прымаліся, выклікалі сваім з’яўленнем нейкі шум, пратэст, іх здымалі з выставак, забаранялі — то сучаснасць у іх скажоная, то на тварах сялян мала аптымізму, то няма гераізму. А я не мог зразумець — чаму? Вайна ж — гэта перш за ўсё велізарная трагедыя чалавечая.  За «Партызанскую мадонну», якую пасля забралі ў Траццякоўку, тут мне наладзілі таварыскі суд у Саюзе мастакоў, маўляў, партызанаў абылгаў, яны ваявалі, а не дзяцей нараджалі. Гэта было ў 60-х. І пазней таксама. Серыю «Чорная быль» не пусцілі на рэспубліканскую выстаўку. Упершыню яна экспанавалася ў Маскве і атрымала там залаты медаль.

Камуністы крытыкавалі мяне за адмаўленне ад сацрэалізму, пасля тыя ж людзі абвясцілі мяне яго апалагетам. Хаця мэта маёй творчасці заўсёды была адна — непрыняцце зла, кіруючыся дабром. Мой абавязак мастака — адлюстроўваць час. Падабаецца гэта каму ці не. Толькі выяўленчаму мастацтву дадзена пакідаць людзям навечна адрэзак часу.

Пра вучняў


— У мяне практычна няма вучняў. Не, канешне, я вяду сваю творчую майстэрню, бяру туды мастакоў на тры гады. Яны ўжо маюць дыпломы і лічаць сябе мастакамі не горшымі за іншых і за мяне таксама. Я, безумоўна, стараюся аддаць ім усё, што ведаю і ўмею, а вось бяруць яны гэта ці не… Яны валодаюць рамяством, але не ўмеюць творча мысліць. Мяне запрасілі  весці творчую майстэрню, каб паспрабаваць фарміраваць гэта мастацкае мысленне ў маладых. Як нi адмаўляўся, усё ж угаварылі. Вельмі шкадую, што згадзіўся. 

У гэтай сувязі мне ўзгадваецца прытча. Узяў адзін мудры чалавек да сябе вучняў, доўга вучыў, а калі сабраўся адпускаць, вырашыў праверыць — чаму ж  навучыліся. Задаў ім пытанне: хто разумнейшы — асёл ці я? «Канешне, вы, — адказалі вучні, — усім жа вядома, што жывёлы, дурнейшай за асла, няма». «Нічому вы не навучыліся, — зрабіў выснову настаўнік і дадаў: — Ні адзін асёл з аслінага племені не дазволіць узваліць на сябе лішні груз, як гэта зрабіў я».

Сапраўднага вучня, лічу, трэба фарміраваць з дзяцінства, і ў большай меры, чым рамяству, удзяляць увагу развіццю і выхаванню яго як чалавека.

Пра юбілеі


— У нашай сям’і не было прынята адзначаць дні нараджэння, і я таксама гэтага ніколі не рабіў. Не разумею гэтых урачыстых віншаванняў, цырымоній. Упершыню мне адзначылі юбілей у 60 гадоў. Увесь вечар стаяў, як дурань, на сцэне тэатра імя Я. Купалы, прымаў кветкі і дзякаваў. Але ж ад гэтага нікуды не дзенешся, традыцыя, кажуць. Я не хацеў бы адзначаць ніякія дні нараджэння. У выніку толькі час для працы прападае, а яго не адновіш. 

Ненавіджу юбілеі. Якое ж гэта свята? З чым прымаць віншаванні — са старасцю? Гэта — пахаванне. А ў мяне яшчэ многа планаў і задумак.

Пра адпачынак


— Сказаць па праўдзе, я не ведаю, што маецца на ўвазе пад словам  «адпачынак». Я ніколі за сваё жыццё не быў у адпачынку ці ў дамах адпачынку. Мне незразумела, што там рабіць, калі нічога не рабіць. Выхадныя для мяне заўсёды былі самымі выдатнымі рабочымі днямі, калі нішто і ніхто не перашкаджае творчасці.

Я вельмі люблю лес. Для мяне сапраўдная асалода паблукаць па ім, асабліва грыбной парой. Але гэта нячаста, вельмі нячаста выпадае…

У тым, што зранку да вечара я ў майстэрні, — не бачу нічога дзіўнага і складанага. Мой бацька-селянін так працаваў — увесь дзень ад цямна да цямна. Для сябе я даўно ўжо вырашыў таксама быць працаўніком. Таму працую з дня ў дзень. Заўсёды ведаў: галоўнае — працаваць, як бы да цябе і тваіх твораў нi ставіліся.

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter