Сёння складана не заўважыць, якія намаганні прыкладаюцца ў нашай краіне для прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі. Клопат аб пажылых, старанная ўборка і дэзынфекцыя грамадскага транспарту, пад’ездаў жылых дамоў, рабочых памяшканняў... Не засталіся ўбаку ад усеагульнай барацьбы з небяспечнымі бактэрыямі і работнікі розніцы. Карэспандэнт «Р» паглядзела, якія «супрацьвірусныя» навінкі з’явіліся ў супермаркетах і як імі карыстаюцца пакупнікі.

Каля дома твайго
COVID-19 усяго за некалькі тыдняў сур’ёзна дысцыплінаваў людзей. Нават па калегах, блізкіх і сябрах заўважаю, наколькі адказна навакольныя сталі ставіцца да асабістай бяспекі. Тыя, хто раней прыходзіў на працу з прастудай, цяпер у першы ж дзень, адчуўшы недамаганне, выпраўляюцца на бальнічны. У арганізацыях зараз часцей карыстаюцца вадкім мылам і антысептыкамі, а дома арамалямпу замяніў салодкі пах вільготных сурвэтак з бактэрыцыдным эфектам. Нават паход у прадуктовы (здавалася б, што можа быць больш паўсядзённым) ператварыўся ў квэст, які інтрыгуе.«Паважаныя пакупнікі, у мэтах прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі прапануем вам скарыстацца аднаразовымі пальчаткамі», — гаворыць надпіс ля ўвахода ў «Алми» на Шаранговіча. Некалькі пенсіянерак у масках абступілі стэнд і ўхвальна ківаюць:
— Нарэшце будзем выбіраць гародніну не голымі рукамі, — кажа адна і, працёршы далоні антысептыкам, надзявае цэлафанавыя пальчаткі.
— А я цяпер у магазін наогул рэдка хаджу, — адказвае іншая. — Унучка прымушае сядзець дома, прадукты і лекі сама прыносіць — непакоіцца. Але з пальчаткамі добра прыдумалі, малайцы.

Ля латка я стаяла хвілін сем, за гэты час ва ўніверсам зайшло прыкладна дваццаць чалавек — палова з іх (у асноўным людзі сярэдняга ўзросту) здзіўлена спынялася ля аб’явы і, прачытаўшы, ішла па пакупкі далей. А вось моладзь да навінкі паставілася з энтузіязмам, хтосьці нават паспеў запісаць «гісторыю» ў Instagram.
— У магазінах сеткі з’явіліся не толькі пальчаткі: на ўваходзе стаяць дазатары з антысептыкам — спіртавыя і бесспіртавыя, усе хлебабулачныя вырабы ўласнай вытворчасці ўпакаваныя ў пакеты, на касавых маніторах ёсць папераджальная інфармацыя, як абараніць сябе ў складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, — расказала аб навацыях Анастасія Лапухіна, кіраўнік дэпартамента маркетынгу «Юніфуд». — Супрацоўнікам мы выдаём маскі, пальчаткі і антысептык (яны павінны апрацоўваць рукі кожныя дзве гадзіны). Вядома, абавязаць іх насіць маскі мы не можам, гэта асабістая справа кожнага, але людзі самі праяўляюць зацікаўленасць: хварэць нікому не хочацца.
Такія ж дзейсныя меры прафілактыкі ўвяла і гандлёвая сетка «Евроопт». У магазіне, які знаходзіцца на цокальным паверсе ТРЦ «Galleria Minsk», пакупнікам прапануюць прадэзынфіцыраваць рукі антысептыкам і скарыстацца аднаразовымі пальчаткамі. У інфацэнтры кажуць, што магчымасць прафілактыкі інфекцый пакупнікі не ігнаруюць, наадварот, актыўна карыстаюцца і адгукаюцца аб навінцы цалкам пазітыўна.
Надзейны шчыт
Абслугоўванне ў сетцы гіпермаркетаў «Green» апошнім часам таксама сур’ёзна змянілася. Ля кас больш няма звыклых для вялікай крамы чэргаў — пра неабходнасць выконваць дыстанцыю ў 1,5 метра нагадваюць круглыя наклейкі на падлозе. Аддзел з выпечкай цяпер блішчыць ад пакетаў — усе булачкі, хлеб і пірожныя акуратна загорнуты ў цэлафан. Ля інфакіёска вісіць дазатар з антысептыкам — па маіх назіраннях, больш за ўсё ён карыстаецца поспехам у моладзі.
Касірам таксама даводзіцца «трымаць удар» — з-за пастаяннага патоку кліентаў у іх павялічваецца рызыка падхапіць заразу. Таму за бяспекай яны сочаць асабліва старанна —кожныя некалькі гадзін мяняюць маскі, многія працуюць толькі ў пальчатках. А ў магазіне на цокальным паверсе ГЦ «Скала» прадаўцы наогул выйшлі на новы ўзровень: зверху марлевых павязак носяць ахоўныя шчыткі.
Не засталася ўбаку ад супрацьвірусных акцый і сетка ўніверсамаў «Рублёвский». Міхаіл Пугачоў, начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы ТАА «Белінтэрпрадукт», кажа, што ў магазінах павялічылі колькасць уборак.

— Мы сталі прымяняць новыя антыбактэрыяльныя сродкі для дэзынфекцыі дзвярных ручак. На ўваходзе ўстаноўлены дазатары, вадкасць для іх закуплена і выдзелена ва ўсе магазіны, запасы ёсць. Разметка на падлозе ля кас пакуль тэсціруецца — для 17 магазінаў закуплены стужкі, якія дапамагаюць дыстанцыяваць пакупнікоў на 1,5 метра адзін ад аднаго. Усе касіры працуюць у масках і пальчатках, пастаянна дэзынфіцыруюць рукі — на стале ў кожнага знаходзіцца флакон са сродкам. Адзначу, што ва ўсіх гандлёвых сетках паток пакупнікоў зменшыўся: людзі імкнуцца не заходзіць у магазін дзеля бяздзейнай цікаўнасці. Гэта не значыць, што зменшылася колькасць пакупак, проста цяпер па прадукты прыходзіць хтосьці адзін з членаў сям’і. Закрываць магазіны на каранцін мы не плануем, працуем у штатным рэжыме, на паліцах ёсць усе прадукты.