Во Дворце профсоюзов открылась выставка «Художники - труженикам села»

Адчуй радзіму ў душы

Выстава «Мастакі — працаўнікам сяла» працягнецца да 11 снежня, на вялікіх палотнах — беларускія далягляды. Аўтарамі сталі славутыя творцы, аўтарытэтныя выкладчыкі Іван КОЗЕЛ і Віктар БАРАБАНЦАЎ. Іван, напрыклад, вырас на Дзятлаўшчыне, яна і паслужыла прататыпам для яго работ. 

На панарамных «Залатых палях» віднеецца захад над Навагрудскім узвышшам, азярына, вёска, зжатае поле, высланае рулонамі саломы. Ружовыя аблачынкі цёплага вечара — што толькі не здольныя перадаць нашы майстры пэндзля. «Пейзаж з млыном», «Ваколіца», восеньскія далі — але ўсюды ў цэнтры ўвагі сельскае жыццё, менавіта яму прысвечаны карціны.

Іван КОЗЕЛ.

Іван Козел экспануе свае палотны не ўпершыню, летась з братам Юрыем, які таксама жыве і працуе ў Мінску, зладзілі выставу да 520-годдзя Дзятлава. Наогул, на сваёй малой радзіме славутыя браты — жаданыя госці, але надзейна асталяваліся ў сталіцы. Іван каля 20 гадоў выкладае ў гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка. Мінск з тэатрамі і музеямі, куды хлопец пераехаў вучыцца, адразу яго зачараваў. Знайсці агульную мову з прыродай і горадам дапамаглі вядомыя мастакі Май Данцыг, Міхась Меранкоў, Барыс Аракчэеў. Стрыманая прыемная палітра закалыхвае — Козел стварае ідэальны свет, без шуму і натоўпу, з лёгкімі водгукамі імпрэсіянізму.

Віктар БАРАБАНЦАЎ.

Яго напарнік Віктар Барабанцаў у Палацы прафсаюзаў выставіў партрэты, пейзажы, нацюрморты. Ён таксама ў творчай сферы мае вялікі вопыт, дацэнт акадэміі мастацтваў. Любіць рэалізм і лічыць яго невычэрпным. Царква, касцёл, людзі, масток — усё да месца. Лірызмам прасякнуты і яго партрэты дзеячаў мастацтва, навукі, простых людзей. Любіць казаць: «Найпершая задача мастака — мець уласны погляд на ўсё: Бога, чалавека, прыроду, радзіму, а мальберты ды фарбы ва ўсіх аднолькавыя. Знайдзі радзіму, адчуй яе ў сваёй душы. Калі мяне не хвалюе краявід, дык не будзе ён хваляваць і людзей».

Віктара і Івана аб’ядноўвае не толькі любоў да творчасці, але і менавіта да вясковай тэматыкі, матэрыял чэрпаюць з убачанага, а вось кампазіцыю прыдумваюць самі. Але галоўнае, у чым упэўнены, — падабраць кранальны сюжэт, такія пастараліся паказаць на выставе ў Палацы прафсаюзаў.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter