НАВОКАЛ мястэчка Гарадная багатыя радовішчы гліны і спецыяльнага пяску для вырабу шкла.

Адамава навука

Калісьці да Варшавы і Кракава дастаўлялі гараднянцы свае ганчарныя вырабы
Калісьці да Варшавы і Кракава дастаўлялі гараднянцы свае ганчарныя вырабы


Навокал мястэчка Гарадная багатыя радовішчы гліны і спецыяльнага пяску для вырабу шкла. Зямля не надта ўрадлівая. Таму здаўна мясцовы люд карміла ганчарства. Дзяды і прадзеды заўзятага ганчара Адама ШЭЛЕСТА толькі і жылі з гэтага занятку. Падсвечнікі і вазы яго дзядзькі Мікалая Якаўлевіча ўпрыгожвалі дамы заможных палешукоў. 


— Зімовымі доўгімі вечарамі бацька круціць ганчарны круг і расказвае даўнія гісторыі з жыцця нашых землякоў, — узгадвае Адам Шэлест, які зараз вучыць мясцовую моладзь ганчарнай справе і ім пераказвае некалі пачутае. — Па некалькі тыдняў вандравалі з гліняным посудам нашы продкі. Дзе за грошы прадавалі, а каму мянялі на крупы, муку ці сала. Дамоў вярталіся толькі пасля продажу ўсяго тавару.


— Ездзілі гуртам ці як?


— Наадварот, імкнуліся нават брат брату не раскрываць сакрэтаў, дзе лепшы гандаль на посуд. Дзеці чакалі ад бацькі пачастункаў. Пакуль ён ездзіў па вёсках, мы капалі гліну, дома яе разміналі і назапашвалі ў сенцах, каб не перамёрзла. Усё ўручную рабілі. Сем патоў вылівалася. Цяпер ганчарны круг электрычны, печ сучасная. А вось займацца ганчарствам не надта дзеці прагнуць. Усяго восем вучняў у маім гуртку.


Створаны гурток пры Гараднянскім цэнтры ганчарства, якім кіруе былая настаўніца Алімпіяда Леанавец. Па яе ініцыятыве ў мясцовых жыхароў выкуплена хата з падворкам і там створаны музей-сядзіба ганчара. Хата аздоблена вырабамі мясцовых ткачоў, вышывальшчыц, столяраў, але пераважаюць там ганчарныя вырабы мінулых часоў. Жадаючыя наведаць музей і ўвогуле цэнтр ганчарства ёсць, але праблема ў тым, што Гарадная апынулася ў памежнай зоне, узніклі складанасці з прыёмам гасцей. 


Як толькі стварыўся гурток юных ганчароў, адным з першых зацікавіўся ім васьмікласнік Алёша Сянько. І малодшага браціка Колю з сабою прывёў. Але той не загарэўся заняткам.


— Я ўжо другі год вучуся ганчарству ў Адама Аляксандравіча, — уключаецца ў размову пятнаццацігадовы Алёша. Цяжкавата яму зараз з брацікам. Год таму асірацелі. Адам Аляксандравіч усяляк падтрымлівае юнака, вучыць не толькі ганчарству, але і дае жыццёвыя парады.


— Мы ў нашым гуртку пачыналі з маленькіх кубачкаў, конавак, а цяпер ужо з’явіўся спрыт, — працягвае размову Алёша Сянько. — Адчуваю гліну ў руках. Магу і штосьці больш эстэтычнае вырабіць з яе. 


Продкі сённяшніх гараднянскіх ганчароў назапашвалі ў цёплы час гліну і ўсю зіму выраблялі посуд, які развозілі вазамі, баркасамі па рэках, неслі ў корабах за плячыма на далёкія і блізкія кірмашы. Нават да Варшавы і Кракава дастаўлялі свае вырабы гарадзенцы. І цяпер тут не забыта даўняе рамяство.


У Ляскавічы на фестываль этнакультурных традыцый з Гарадной прывязуць экспазіцыю сялянскай хаты, раздзеленай на дзве часткі, дзе будзе прадстаўлена гісторыя і сучаснасць палескага ганчарства. Наведвальнікі хаты ганчара змогуць паспрабаваць свае здольнасці ў гэтай справе за ганчарным кругам мінулых часоў і электракругам. Гліны для вырабаў усім хопіць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter