Ад вёскі да вёскі, ад калектыву да калектыву... Вядомы фалькларыст Мікола КОТАЎ лічыць, што менавіта так разносяцца прыпеўкі па Беларусі

А Мікола Конанавіч ведае, што кажа: некалькі дзесяцігоддзяў займаецца беларускім народным мастацтвам у розных яго жанрах. А прыпеўкі ўпершыню пачаў занатоўваць, калі працаваў у Тураве з народным ансамблем танца “Прыпяць”. А потым у навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору БДУ змог параўнаць спеўнае народнае багацце з розных рэгіёнаў Беларусі.

А Мікола Конанавіч ведае, што кажа: некалькі дзесяцігоддзяў займаецца беларускім народным мастацтвам у розных яго жанрах. А прыпеўкі ўпершыню пачаў занатоўваць, калі працаваў у Тураве з народным ансамблем танца “Прыпяць”. А потым у навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору БДУ змог параўнаць спеўнае народнае багацце з розных рэгіёнаў Беларусі.

— У чым сіла прыпеўкі? Чаму яна жыве і ў наш тэхналагічны час? — спыталі мы ў Міколы Конанавіча. — Толькі на першы погляд здаецца, што прыпеўка — гэта немудрагелістае чатырохрадкоўе. Насамрэч яна даходліва распавядае пра нешта важнае. Вось пачынае спявак і ці то высмейвае нейкую загану ў чалавеку, ці то заўважае нейкую важную змену ў грамадстве. Таму прыпеўцы знаходзіцца месца на вяселлі, на сямейнай бяседзе, на хрэсьбінах, на кірмашах і на дзяржаўных святах. Прыпеўкі абавязкова ідуць з падтанцоўкай. Іх можна спяваць ансамблем з прыпевам (саліст вядзе сваю партыю, а ансамбль аздабляе яе). А што за цуд перапевачныя прыпеўкі! Артысты змяняюць адзін аднаго, як бы даказваюць, у каго лепш атрымоўваецца. Тут можна пачуць і штосьці непрыемнае, але крыўдзіцца не прынята. Трэба ўспрымаць з усмешкай нават тое, што чуць не вельмі хацелася. І на заканчэнне парада ад вядомага фалькларыста: спявайце пры любой нагодзе ці без яе, танчыце і заўсёды будзеце ў добрым гуморы і менш будуць турбаваць розныя балячкі. А зараз некалькі прыпевак з розных рэгіёнаў Беларусі (з падрыхтаванай Міколам Котавым да друку кнігі)

Мяне сватаў канапаты,

А рабы наперабой

Канапатага лапатай,

А рабога качаргой.

Як на полі ды на полі

Вырасла капуста

Мяне дзевачкі не любяць,

Бо ў кішэні пуста.

Дзед і баба да ўпаду

Танцавалі ноч ламбаду.

Танцам тым прыйшоў канец,

Атрымаўся... ламбадзец.

Калі з хлебам, калі з квасам,

Калі з жартам, выкрутасам.

Беларус наш так гуляе,

Ажно сэрца замірае.

Думаем, і вам ёсць пра што заспяваць... Дык хутчэй занатоўвайце свае прыпеўкі і прысылайце іх у рэдакцыю. У лісце не забудзьце крыху расказаць пра сябе, чытачам цікава будзе даведацца пра стваральнікаў трапных радкоў. Не забывайце таксама паведамляць свой адрас, пашпартныя даныя (у тым ліку і асабісты нумар). За надрукаваныя прыпеўкі вам належыць ганарар.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter