
Т. Дзяменнікава, І. Максіменка, В. Камісарук. Кіеў, 2013 г.
Калектыў журналістаў прыняў беларуску як сваю. Ёсць і здымкі з тых часоў. Людміла Касцюк у сваім тэксце расказвае пра фотакарэспандэнта Ілью Кальніцкага, і, разглядаючы старыя фота, піша: “...Вось зусім юная Іна Максіменка з медпрацаўнікамі Анатолеўскай сельскай бальніцы. 1966 год. Фота І. Кальніцкага. А Іна Максіменка ўспамінае, што да бальніцы дабіраліся з Кальніцкім... на трактары”. І на калектыўным здымку ў дзень 50-годдзя газеты ў першым шэрагу бачым яе. У сваіх успамінах Алена Пятрэнка згадвае ў плеядзе журналістаў “ЮП” і беларуску: “Гэта вельмі таленавітыя журналісты, асобы са сваімі думкамі, перакананнямі, цудоўныя людзі. Вельмі прыемна, што многія з іх у страі. Працягвае пісаць у сваю родную газету Іна Максіменка”. Заслужаны журналіст Украіны Ніна Шэпель успамінае, што праца ў “Южной правде” “назаўжды звязала і пасябравала мяне з Інай Максіменкай, “пахарем” аддзела прамысловасці, будаўніцтва, транспарту і сувязі, куды я ў свой час плаўна “ўлілася”. Працаваць даводзілася “на разрыў”. Усюды трэба было паспець, усё абхадзіць, напісаць — часцей за ўсё ноччу, бо матэрыялы з аб’ектаў заўсёды былі тэрміновымі. Мы з Інай Максіменкай практычна не бачылі сваіх дзяцей. Зрэшты, у тыя гады ўсе журналісты працавалі пад грузам гэтай адказнасці...”.
Рыхтаваць матэрыялы, грунтуючыся на фактах — то быў закон для ўсіх журналістаў. Ім кіруецца Іна Аляксандраўна і сёння. Пра тое шмат хто казаў, віншуючы яе з юбілеем. Сама ж супляменніца згадвае, што ў школе марыла стаць урачом, ды не шкадуе, што так склаўся лёс. Іна Аляксандраўна любіла ў газеце пісаць найперш пра чалавека працы, яго майстэрства, унікала ў тонкасці справы. І сёння перачытваць тыя тэксты — цікава. У іх ёсць і спагада, і жаданне глыбей асэнсаваць розныя лёсы, і любоў да тых, пра каго расказваецца. Гэта — ад сэрца, і таму таленавіта. Дарэчы, і некаторыя героі яе публікацый, як і землякі-беларусы, павіншавалі Іну Аляксандраўну з юбілеем.

Іна Максіменка і яе калега Ніна Шэпель. Мікалаеў, 1987 г.
Калегі яе напісалі з такой нагоды тэкст, змясцілі ў газеце. Яны лічаць, што ў будаўніцтва надзейнага і моцнага іх агульнага дома пад назвай “Южная правда” зрабіла важкі ўнёсак і яна, Іна Аляксандраўна: “сваім умелым і разумным пяром, кампетэнтнасцю, адказнасцю за ўсё, што з’яўлялася на старонках газеты пад яе імем. Так, імя, добрыя пачуцці ды павага з боку калег, любоў і цяпло родных людзей, шчырыя віншаванні ды пажаданні — пэўна, самыя лепшыя падарункі да юбілею. А Бог няхай дае Іне Аляксандраўне здароўе і даўгалецце!”За актыўны ўдзел у захаванні, папулярызацыі духоўных каштоўнасцяў беларускага народа, асабісты ўклад у культурнае жыццё беларускай грамады Мікалаеўшчыны член Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Іна Аляксандраўна Максіменка ўшанавана Ганаровай граматай Амбасады Беларусі ва Украіне. Разам з граматай з Кіева перадалі ёй і кнігу Максіма Багдановіча “Я не самотны...”, выдадзеную ў Мінску да 125-х угодкаў класіка. Грамату й падарунак уручыла юбілярцы Таццяна Дзяменнікава, кіраўніца Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы”. “Іна Аляксандраўна стаяла ля вытокаў нашай суполкі, актыўна ў ёй працуе, — расказала Таццяна Анатолеўна. — Па яе прапанове мы стварылі свой вакальны гурт, і ўвогуле яна — цудоўны чалавек! Нядаўна старшыня Усеўкраінскага саюза беларусаў Пётр Лайшаў уручыў Іне Аляксандраўне Ганаровую грамату, якой яна вельмі ганарыцца”.
Павіншаваў суайчынніцу з юбілеем і Генеральны консул Беларусі ў Адэсе Уладзімір Чахлоў. Былі кветкі, віншаванні, шчырыя пажаданні ад сяброў з суполкі “Голас Радзімы”.
Граматай яе працу адзначыла і праўленне Савета нацыянальных таварыстваў Мікалаеўскай вобласці (там Іна Аляксандраўна — член Савета старэйшын): за вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры на Мікалаеўшчыне, плённую дзейнасць па захаванні міру і згоды ў грамадстве і ў сувязі з юбілеем.
Ад рэдакцыі. Далучаемся да віншаванняў, Іна Аляксандраўна! Няхай святло, дабрыня і любоў, прыўнесеныя вамі ў свет, саграваюць вас на няпростым шляху па жыцці. Нашы чытачы прыхільна сустрэлі ваш цікавы, грунтоўны тэкст пра знакамітага беларуса, капітана легендарнага брыга “Меркурий” Аляксандра Казарскага, пра ўшанаванне яго памяці ў Мікалаеве. Спадзяемся на працяг супрацоўніцтва.
Голас Радзімы № 7 (3511), чацвер, 16 лютага , 2017 у PDF