У розных краінах праходзяць урачыстасці з нагоды 525-годдзя Францыска Скарыны

Ад Вільні — да Вільнюса

У розных краінах праходзяць урачыстасці з нагоды 525-годдзя Францыска Скарыны

Не толькі ў Беларусі адзначаюць угодкі асветніка і першадрукара. Мы пісалі пра Дні беларускай культуры ў Латвіі, якія прысвячаліся юбілею. У рэдакцыю прыйшло паведамленне ад Алеся Сушы, намесніка дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі — ён з калегамі шмат робіць па ўшанаванні памяці славутага палачаніна. “20-21 лістапада ў гістарычным цэнтры старой Вільні (Вільнюс) праходзіў шэраг мерапрыемстваў да 525-х угодкаў Францыска Скарыны, заснавальніка першай у ВКЛ друкарні, — напісаў ён. — Мы ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі на Ратушнай плошчы (Didžioji g. 19) — на тым месцы, мяркуецца, і была друкарня першадрукара. Пасля была паніхіда ў царкве Святога Мікалая Цудатворцы”.

На Міжнароднай канферэнцыі “Кніжная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага” прэзентавалася і ўрачыста перададзена суседзям у дар факсімільнае выданне кніжнай спадчыны Скарыны. Камплекты з 11 тамоў атрымалі Нацыянальная бібліятэка Літвы імя М. Мажвідаса, Бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта, Бібліятэка акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. Каштоўны дарунак атрымала і Віленская беларуская гімназія імя Францыска Скарыны. На двухдзённай канферэнцыі выступалі вядомыя спецыялісты, якія вывучаюць спадчыну беларускага першадрукара і яго паслядоўнікаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter