Ад старонак “Сямі цудаў” да рэальнага падарожжа. Менавіта такі шлях прайшлі пераможцы нашай віктарыны.

Доўгі шлях прайшлі мы з вамі, дарагія сябры, да гэтага моманту. Павандравалі па ўсёй Беларусі! І, мяркуючы па вашых лістах, гэта прынесла вам мора задавальнення, што не можа нас не радаваць. Прыйшоў час аддзячыць за такую адданасць краязнаўству і шчырае сяброўства з нашай газетай. Сёння мы аб’яўляем пераможцаў, якія па пуцёўках нашага афіцыйнага спонсара — тураператара “Виаполь” адправяцца ў займальнае падарожжа па цікавых мясцінах Беларусі.

Доўгі шлях прайшлі мы з вамі, дарагія сябры, да гэтага моманту. Павандравалі па ўсёй Беларусі! І, мяркуючы па вашых лістах, гэта прынесла вам мора задавальнення, што не можа нас не радаваць. Прыйшоў час аддзячыць за такую адданасць краязнаўству і шчырае сяброўства з нашай газетай. Сёння мы аб’яўляем пераможцаў, якія па пуцёўках нашага афіцыйнага спонсара — тураператара “Виаполь” адправяцца ў займальнае падарожжа па цікавых мясцінах Беларусі.

І МЕСЦА. Бясспрэчнымі лідарамі нашай віктарыны аказаліся Алена і Павел СПІРЫДОН з вёскі Будслаў Мядзельскага раёна.  Яшчэ ў першым лісце расчулілі нас Паша і Лена: “Пасля вяселля, як і належыць, мы здзейснілі падарожжа. Але не паехалі ў Турцыю ці Еўропу, а вырашылі ўбачыць Беларусь. За тыдзень мы наведалі тры вобласці: Гродзенскую, Мінскую і Віцебскую. Нават паставілі асабісты рэкорд: за адзін дзень пакупаліся ў шасці азёрах і рэках! Замкі, руіны, касцёлы, цэрквы, фальваркі, музеі... Уражанняў хапае яшчэ і сёння, асабліва калі пераглядаеш фотаздымкі”. Адразу бачна, якія Алена і Павел заядлыя краязнаўцы і падарожнікі. Тым больш, думаецца, прыемным бу-дзе для іх падарунак ад тураператара “Виаполь” — двухдзённая экскурсія для дваіх па Гродне, Лідзе, Мураванцы і Каробчыцах. Кожны з населеных пунктаў хавае ў сабе шмат архітэктурных, гістарычных і прыродных цудаў.

ІІ МЕСЦА. Тамара КРАКУН з вёскі Яечкавічы Іванаўскага раёна працуе настаўніцай хіміі, але гэта зусім не перашкаджае ёй цікавіцца роднай краінай. Адказы Тамары Мікалаеўны вызначаліся лаканічнасцю, але ў той жа час дакладнасцю і канкрэтыкай. Адчуваліся добрыя веды нашай чытачкі. Думаецца, яна зможа папоўніць іх яшчэ больш падчас аднадзённага падарожжа ў старадаўнія Мір і Нясвіж, захапіўшы з сабой кагосьці са сваіх родных ці знаёмых. Тураператар “Виаполь” падрыхтаваў пуцёўку на дзве персоны.

ІІІ МЕСЦА. З крэатыўнасцю падышла да адказаў на пытанні нашай віктарыны студэнтка 3-га курса фармацэўтычнага факультэта ВДМУ з г.п.Лёзна Юлія ЕРМАКОВА. Свае адказы Юля суправаджала маляўнічымі фотаздымкамі. “Адкрыццё невядомай Беларусі — захапляльны і займальны занятак, — піша ў апошнім лісце Юля. — Некаторыя са зробленых адкрыццяў ашаламілі мяне! Таемны прыцемак замкаў, дзіўныя назвы вёсачак, старадаўнія гарады, у якіх жыве дух гісторыі, — усё гэта кавалачкі мазаікі, з якіх я разам з “Народнай газетай” склала цэласную прыгожую карціну пад назвай Беларусь! Дзякуй за праведзены з Вамі час!”. Дзякуй, Юля, і табе. Думаем, не меншае задавальненне ты атрымаеш і ў рэальным падарожжы ў музей народных рамёстваў і промыслаў “Дудудкі” з кімсьці са сваіх сяброў. Зможаш пачаставацца беларускімі нацыянальнымі стравамі і паспрабаваць сябе ў ролі каваля ці ганчара.
Віншуем вас, дарагія чытачы! Спадзяёмся, вы падзеліцеся ўражаннямі пасля сваіх паездак з намі і нашымі чытачамі. Звязацца наконт пуцёвак вы можаце па тэлефоне: (8-017) 287-16-74.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter