Ад спрадвечнага да сучаснага.

Хлеб. У традыцыйнай культуры славянскіх народаў хлеб заўсёды быў сімвалам сямейнага дабрабыту, жыццёвага ладу, шчаслівай долі і росквіту самой сядзібы.

Хлеб. У традыцыйнай культуры славянскіх народаў хлеб заўсёды быў сімвалам сямейнага дабрабыту, жыццёвага ладу, шчаслівай долі і росквіту самой сядзібы.

Ураджай жыта даваў надзею на добрае жыццё ў будучым годзе. Няўрод часам заканчваўся трагедыяй — галоднай смерцю. Нездарма з палеткамі, на якіх раслі збожжавыя культуры, чалавек размаўляў, як з лепшым сябрам. З той жа нагоды жытнёвыя палоскі былі аб’ектам свяшчэннага ўшанавання ў кантэксце шматлікіх каляндарных абрадаў. Напрыклад, у Веткаўскім і суседніх раёнах Гомельшчыны ў дзень святкавання Ушэсця выконваюць адзін з самых старажытных сярод усходніх славян абрадаў, які носіць назву “Ваджэнне і пахаванне стралы”. У заключнай частцы гэтага абраду ўсе яго ўдзельнікі ідуць да жытнёвага поля, зрываюць тры каласы і адразу ж закопваюць іх у зямлю, пры гэтым загадваюць сваё самае патаемнае жаданне. Мясцовыя жыхары глыбока перакананы, што гэтыя жаданні здзейсняцца.
Амаль паўсюдна на Беларусі існавала традыцыя перадаваць ніве сілу асвячоных на Вербніцу галінак вярбы: гаспадар уторкваў галінкі па ўсіх рагах жытнёвага поля.
Каб вырасціць добры ўраджай, трэба было прыкласці шмат намаганняў, таму ў дзяцей з маленства выхоўвалі беражлівыя адносіны да хлеба. Кінуць кавалак хлеба на зямлю заўсёды лічылася вялікім грахом. Нельга было выкідваць нават хлебныя крошкі. У народзе казалі: “Хто ў маладосці крошкі выкідае, той на старасці хлеба жадае”. Непаважлівыя адносіны да хлеба вельмі строга караліся ў сям’і. Нашы продкі лічылі: калі ўгнявіць Бога непрыстойнымі паводзінамі, дабрабыт назаўсёды пакіне хату.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter