Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ад Скарыны да SKARYNA

Упершыню ў свеце пераважная большасць беларускіх школьных падручнікаў стала даступнаю ў электронным фармаце для вучняў і настаўнікаў, розных іншых карыстальнікаў. Вось так і ў эпоху ІТ-тэхналогій прадаўжаюцца асветніцкія традыцыі Францыска Скарыны.


А вы ведаеце, што практычна ўсе беларускія школьныя падручнікі даступныя сёння па адным кліку ў сучасных гаджэтах карыстальнікам па ўсім свеце? “Да заканчэння рэгістрацыі на ЦТ 2017 засталося 00 месяцаў 00 дзён 08 гадзін...”, — высвечаваюцца лічбы на сайтах для абітурыентаў, калі пішуцца гэтыя радкі. У пару экзаменаў, цэнтралізаванага тэставання мультымедыйныя падручнікі з інтэрнэта прыйшліся вельмі дарэчы: лік новых карыстальнікаў пайшоў на тысячы. Дарэчы, ніводная іншая краіна пакуль што не мае такой “прасунутай”, сучаснай, зручнай у карыстанні, даступнай у любым часе і месцы ўласнай распрацоўкі! Хутка год, як рэалізаваны, запушчаны праз інтэрнэт найкаштоўны для сусветнай супольнасці (бо першы!), знакавы для Беларусі праект. Сёлета ўпершыню ён даступны для тысяч абітурыентаў, прычым — па вельмі “дэмакратычнай” цане.

Валеры Ягораў: “Тут ёсць усе школьныя падручнікі”. Фото: Алег Ігнатовiч

    

Сімвалічна, што такі рэвалюцыйны прарыў у галіне данясення і засваення ведаў, беларускага асветніцтва зроблены якраз напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Але як і кім зроблены? Мяркую, чытачам ГР цікава будзе пра тое даведацца. Бо праблемы моўных курсаў, нядзельных школ, беларускамоўнай адукацыі ў шэрагу беларускіх суполак замежжа — адны з галоўных. А колькі размоў пра падручнікі!.. Цяпер жа ўсё вырашаецца хутка, зручна і сучасна: клікам адным.

Мы звыкліся з тым, што беларускія ІТ-спецыялісты — адны з найлепшых у свеце. Вядома ж, не абышлося без іх і тут. “На працягу 2013-17 гадоў спецыялісты кампаніі “Сакрамент ІТ”, якая з’яўляецца адным з першых рэзідэнтаў беларускага Парка высокіх тэхналогій, выканалі складаны інавацыйны праект “Праграмны комплекс «Мультымедыйная бібліятэка школьніка»” — скарочана ПК МБШ, — расказвае госць рэдакцыі, дырэктар кампаніі “Сакрамент ІТ” Валеры Ягораў. — Задумы наконт не проста механічнай алічбоўкі ці ПДФ-версій падручнікаў, а іх “ажыўлення”, пераўтварэння пры дапамозе розных мультымедыйных тэхналогій у дасведчаных кансультантаў для педагогаў, цікавых, нават займальных сяброў-дарадцаў для вучняў, былі ў нас і раней. Прычым настолькі смелыя і “вясёлкавыя”, што зацікавілі й педагогаў. І ўрэшце кампанія рызыкнула распачаць праект за свае грошы. Каб хутчэй рухалася справа, часткова яго прафінансаваў на зваротнай аснове Беларускі інавацыйны фонд Дзяржкамітэта па навуцы і тэхніцы. А дзяржаўным заказчыкам выступіла Міністэрства адукацыі Беларусі”.

Дзеля чаго стараліся? Валеры Мікалаевіч удакладняе: мэта праекта — палепшыць якасць адукацыі, зацікавіць вучняў вучобай, заахвоціць да стараннага навучання, да набыцця і паглыблення ведаў, іх сістэматызацыі. А яшчэ немалаважна, што “Мультымедыйная бібліятэка школьніка” дапамагае педагогам фармаваць пазітыўны, сацыяльна актыўны, патрыятычны светапогляд карыстальнікаў: дзякуючы выкарыстанню інавацыйных інфармацыйных тэхналогій. 

Пётра Сергіевіч. Скарына ў друкарні. 1957 г. 

І як тут пазбегнуць гістарычных паралеляў! Мы ж ведаем, дзеля чаго распачаў друкарскую справу 500 гадоў таму асветнік Францыск Скарына. У пасляслоўі да кнігі “Апостал”, выдадзенай у сакавіку 1525-га, знаходзім, што яна “…во славном месте Виленском выложена и вытиснена працею и великою пилъностию доктора Франциска Скорины с Полоцка Богу во Троици единому и пречистой матери его Марии со всеми светыми ко чьти и людем посполитым к доброму навчению”. Дарэчы, беларусы Вільнюса годна ўшаноўваюць памяць пра супляменніка. З 1994-га ў горадзе працавала школа з беларускай мовай навучання. У 1997-м атрымала яна імя Францыска Скарыны, а з 2012-13 навучальнага года — статус гімназіі.

“К доброму навчению” выдавалі кнігі, прадаўжаючы справу Скарыны, і ягоныя наступнікі-друкары — іх імёны вядомыя нам са школы. Праўда, у сілу гістарычных абставін трохі “заблудзіўся” ў Маскве ды Львове ўраджэнец Вілейшчыны, Іван, сын Фёдараў, са шляхецкага роду Рагозаў. Той самы “Іван сын Фёдара з Петкавіч”, які ў 1529 годзе паступіў у кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт, а праз тры гады атрымаў там ступень бакалаўра — ужо як “Іван Фёдараў Масквіцін”. Ды цяпер ёсць у даследчыкаў важкія аргументы на карысць беларускага паходжання і знакамітага расійскага першадрукара Івана Фёдарава (гл.: “Іван, сын Фёдараў — родам з Вілейшчыны” — ГР, 1.06.2016). 

Традыцыі, былая слава продкаў, самі па сабе мала чаго вартыя, калі не маюць развіцця, працягу. Ну што за карысць нашчадкам знакамітых садаводаў, пчаляроў ці вінаградараў, калі страцілі яны й сады свае, і пчолы разляцеліся, а вінаграднікі звяліся? Безумоўна, варта шанаваць наша слаўнае мінулае! Можна, вядома ж, аднавіць і Скарынаў друкарскі станок, і перавыдаць (сучасныя тэхналогіі!) ягоныя ўсе кнігі. І нават знайсці магілу генія ды перанесці ягоныя астанкі ў Беларусь… А пры тым, наследуючы Скарынаву навуку, варта ўсё ж не чапляцца аберуч за мінулае — смялей рухацца ў будучыню. Выкарыстоўваючы пры тым новыя, сучасныя падыходы, інавацыйныя тэхналогіі — дзеля развіцця грамадства, у імя пашырэння ведаў і “доброго навчения” тых, хто гатовы іх засвойваць. Бо ці не тое ж рабіў і вялікі асветнік, упершыню 500 гадоў таму распачынаючы друкаванне кніг на старабеларускай мове!

Можа я завышаю значэнне таго, што зрабіла кампанія “Сакрамент ІТ”? Не будзем, сапраўды, спяшацца з высновамі: усё вялікае бачыцца на адлегласці. Не сакрэт: і Скарынавы, кажучы сучаснай моваю, інавацыйныя праекты не адразу знайшлі прызнанне. Ягоныя кнігі нават публічна спальвалі ў Маскве, палічыўшы ерэтычнымі… Між тым беларускія ІТ-спецыялісты адчуваюць сябе пераемнікамі, спадчыннікамі асветніцкіх традыцый Францыска Скарыны. І нават плануюць даць праекту ПК МБШ — які цяпер актыўна “ідзе ў людзі” з сайта MBOOK.BY , праз анлайнавую версію Megabook (сумесна з МТС) — ёмкую і вельмі сімвалічную назву SKARYNA. “У кампаніі працуюць не проста выдатныя спецыялісты, але й патрыёты Беларусі, — гаворыць Валеры Ягораў. — А таму й назву праекта хацелася б наблізіць да беларускіх рэалій, “пусціць карэньмі” ў родную зямлю. Як вядома, Францыск Скарына лічыцца першаасветнікам на нашых землях. Праз яго шырока пайшлі кнігі да людзей культурных, адукаваных. А ў сучасных варунках, мы лічым, “Мультымедыйная бібліятэка школьніка” — гэта працяг традыцый Скарыны ў эпоху ІТ-тэхналогій, новы крок у тым жа кірунку, асветніцкім, які вызначыў наш вялікі папярэднік яшчэ 500 гадоў таму... Думаем, што назва SKARYNA тут будзе вельмі да месца”.

І яшчэ адна гістарычная паралель. Як Скарына ў свой час не спыніўся, надрукаваўшы адну кнігу, так і кампанія “Сакрамент ІТ” плануе развіваць, удасканальваць свой інавацыйны праект: “У бліжэйшыя тры гады плануем укараніць у МБШ галасавога памочніка. Гэта, дарэчы, наша распрацоўка, заснаваная на ўбудаванай сістэме распазнання  мовы. Такі памочнік, у прыватнасці, будзе выкарыстоўвацца, каб рабіць пошукавы запыт па базе ведаў МБШ. Распрацуем, будзем  укараняць інтэлекту­альную сістэму пошуку інфармацыі, якая базуецца на семантычнай сетцы. Зробім і функцыю падтрымкі канспекта, інтэграванага ў падручнік, функцыю інтэрактыўнага кансультанта па складаных раздзелах падручніка”.

Не менш амбіцый­ныя планы ў Валерыя Ягорава з яго наплечнікамі й наконт пашырэння базы ведаў. Яны шукаюць спонсараў, каб зрабіць і дадатковыя “кніжныя паліцы”. Першая будзе ўключаць электронныя версіі розных выданняў (дапаможнікаў, навукова-папулярнай літаратуры, метадычных распрацовак...), якія змогуць выкарыстаць і настаўнікі, і вучні, і бацькі. Далей пойдуць спецыялізаваныя блокі МБШ для мэтавых аўдыторый: для бацькоў (выхаванне здаровага дзіцяці, ранняя дыягностыка адхіленняў, іншыя карысныя парады), для настаўнікаў (метадычныя матэрыялы, уключаючы паўрочнае планаванне). А з часам у праекта будзе й выхад на вышэйшую адукацыю, на спецыялізаваныя мультымедыйныя бібліятэкі для розных спецыялістаў.

Даступнасць ведаў, інфармацыі, адукацыі — гэта, як вядома, важныя, базавыя прынцыпы ўстойлівага развіцця грамадства. Праект SKARYNA — спадзяемся, і такая назва прыжывецца — робіць даступнымі ўсе падручнікі сярэдняй школы Беларусі на любой платформе. Гэта важна, бо цяпер школьнікі, настаўнікі карыстаюцца рознымі гаджэтамі. Спецыялісты, дарэчы, называюць гэта:  мультыплатформеннасць — магчымасць выкарыстоўваць SKARYNA практычна на любых мабільных і стацыянарных прыладах. Так што маючы смартфон, планшэт, кампутар, якія працуюць з аперацыйнымі сістэмамі Android, iOS, Windows, у любой краіне цяпер можна быць заўсёды — з беларускімі падручнікамі.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter