Ад сэрца да сэрца

Беларусы Даўгаўпілса і Дагды супольна падарылі жыхарам Дагдскага краю добры настрой
У Дагдзе, горадзе ў Латвіі, адбыўся канцэрт, які жыхарам краю падарылі творчыя гурты даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры і культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, а таксама дагдскага беларускага таварыства “Вербіца”. Вясновы канцэрт для жыхароў краю ладзіла “Вербіца”, якой кіруе Таццяна Гогалінская. Запрасілі і нас, сяброў-супляменнікаў з Даўгаўпілса. Прычым песні, танцы, вершы, а таксама спектакль творчых гуртоў-гасцей сталі своеасаблівым стрыжнем канцэрта.


Ж. Раманоўская і В. Амбросаў

На пачатку ўсіх вітала старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. Старшыня “Уздыма” Валеры Амбросаў, член праўлення суполкі Аляксандр Лапа павіншавалі жанчын са Святам вясны, ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” падарыў ім прыгожую песню пра каханне. І далей пачалося! Пад смех і апладысменты ішла камедыя “Чорт і баба” па п’есе Францішка Аляхновіча. Яе гралі артысты тэатральнай студыі “Паўлінка”, мастацкі кіраўнік Галіна Сантоцкая. Гісторыю моцнай сям’і Марыські (Вера Сухарава) і Мікіткі (Аляксандр Лапа), якіх вельмі хацелі пасварыць, змовіўшыся, Чорт (Алена Кавалькова) і Баба (Галіна Сантоцкая), даўгаўпілсцы граюць з вялікім гумарам. Зала ўзнагародзіла іх бурнымі апладысментамі.

Паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька чытаў пасвячэнні ў вершах жанчынам. Танцавальны гурт “Лянок” (мастацкі кіраўнік Алег Захарнёў) выканаў “Рэчаньку”, “Бульбачку”  ды “Каліну-маліну”  пад суправаджэнне “Купалінкі” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў). Аляксандр Лапа радаваў публіку лірычнымі песнямі, а “Купалінка” — народнымі песнямі ды жартамі. Праз увесь канцэрт прайшлі вечныя тэмы: каханне, жаночая доля, а таксама прыцягненне роднай зямлі, прыгажосць традыцый продкаў. Вялі праграму кіраўнік Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская і намесніца старшыні суполкі “Уздым” Людміла Сінякова.

Старшыня Дагдскай краёвай думы Сандра Вішкурэ павіншавала жанчын са святам і падзякавала беларускія гуртам за выдатны канцэрт-падарунак жыхарам краю. А Таццяна Гогалінская ўручыла нам свае падарункі: велізарны каравай хлеба — пэўна, сама выпякала! — і кветкі кожнай артыстцы. Дарэчы, тэлесюжэт пра наш супольны канцэрт можна паглядзець і ў інтэрнэце на партале youtube. У сваю чаргу мы запрасілі сяброў з Дагды на V Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. Ён, нагадаю, запланаваны на 16 кастрычніка.

Жанна Раманоўская, кіраўніца даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter