Ад Савіцкага да Цэслера. Беларусь можна будзе ўбачыць вачыма найлепшых мастакоў стагоддзя.

Рэспубліканская выстава сучаснага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Зямля пад белымі крыламі”, урачыстае адкрыццё якой адбудзецца ў Нацыянальным мастацкім музеі
3 верасня, пройдзе амаль ва ўсіх галерэях і музеях краіны. Маштабны арт-праект наглядна прадэманструе, як развівалася беларускае мастацтва на працягу ХХ—ХХІ стагоддзяў.
— Гэтая выстава дапаможа не толькі паказаць тое, што створана беларускімі мастакамі за апошняе дзесяцігоддзе, але і пазнаёміць з экспанатамі шырокае кола людзей, — паведаміў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі.
Каб экспазіцыя была разнастайнай, куратары праекта прапанавалі выставіць работы не толькі прафесіяналаў, але і творы маладых аўтараў, напрыклад стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. 
У рамках рэспубліканскай выставы мастацтвазнаўцы абяцаюць збіраць круглыя сталы — для абмеркавання далейшага развіцця айчыннага арт-рынку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter