«Ад самоты да радасці — рукою падаць...»

Тамара Хрушчова: Я ўмею адрозніваць галоўнае ад другаснага

Для пераадольвання жыццёвых нягод нам часам не хапае простых прыкладаў самых звычайных людзей, іх нявыдуманых гісторый

У аддзел пісем і зваротаў грамадзян нашай газеты кожны дзень прыходзяць пісьмы чытачоў. Змест іх розны. Людзі задаюць пытанні, скардзяцца на абыякавасць чыноўнікаў, просяць дапамогі, распавядаюць пра сваё жыццё-быццё... А бывае, і запрашаюць у госці.

Сустрэчы з пенсіянеркай Тамарай Мікалаеўнай Хрушчовай, жыхаркай аграгарадка Цяхцін Бялыніцкага раёна, папярэднічаў менавіта такі ліст.

— Магчыма, я камусьці падамся дзівачкай. Ну і няхай сабе! Затое я ўмею адрозніваць галоўнае ад другаснага, умею радавацца дажджу і сонцу, кожны дзень прымаю кантрастны душ, пішу вершы, якія пад настрой чытаю сваім сябрам. З задавальненнем выпісваю газету “Рэспубліка” вось ужо 15 гадоў... Думаю, што і пра мой лёс можна расказаць на старонках маёй любімай газеты, — гаварыла яна, гасцінна расчыняючы дзверы перад карэспандэнтам “Р”. Мы дамаўляемся на шчырую гутарку. Гаспадыня прапануе чай з духмяных зёлак і пачынае здалёк, яшчэ з часоў маладосці...

— Калі працавала ў бухгалтэрыі, спакусілася на лёгкае ўзбагачэнне. Падбілі мяне на гэты ўчынак людзі спрактыкаваныя. Вось толькі абставіны склаліся так, што адказваць за ўсё давялося мне адной... Недастачу выявіла рэвізія. 3100 рублёў па тым часе — сума не маленькая. На шчасце, суд, улічваючы, што ў мяне двое малых дзяцей, а трэцяе вось-вось з’явіцца на свет, адтэрмінаваў пакаранне. Але як вярнуць грашовую растрату?

Без дапамогі сваякоў зрабіць гэта было немагчыма. Менавіта тады ўпершыню ў жыцці ўсвядоміла Тамара, што значыць радня і як гэта добра, калі ёсць у чалавека браты і сёстры, цёткі і дзядзькі...

Грошы для сваячкі былі сабраны. Яна засталася на волі. У радасці нарадзіла дачку. Пачала марыць пра простае людское шчасце і нечакана паддалася яшчэ адной спакусе.

— І адкуль яна ўзялася — прага да спіртнога? — разважае Тамара Мікалаеўна сёння. — Можа, ад перажытага стрэсу? Ці ад эйфарычнай палёгкі, што хмара, якая прадказвала вялікую буру, урэшце рассеялася?..

Адным словам, увайшла ў яе жыццё чарачка з гарэлкай. Супраціўляцца гэтай маленькай уладарніцы жанчына не імкнулася да пэўнага дня, пакуль, зірнуўшы ў люстэрка, сама сябе не пазнала.

— Я разумела: калі гэтая дрыгва зацягне глыбей — вырвацца сілы волі не хопіць. Заставалася толькі надзея на Госпада.

І выратаванне прыйшло.

Тамару ацвярэзіў... медыцынскі дыягназ. Падазрэнне на анкалогію. Думка “А як жа дзеці?” імгненна выцясніла ўсе іншыя, з-за стрэсу яна не магла ні есці, ні спаць. Гутаркі з псіхолагам паступова вярталі 36-гадовую жанчыну да паўсядзённых клопатаў. “Піць гарэлку перастаю назаўсёды”, — паабяцала яна суседзям і родным і з таго часу вось ужо звыш дваццаці пяці гадоў цвёрда трымае слова.

— Выйшла з бальніцы і адразу пайшла працаваць даяркай, — працягвае расказваць Хрушчова, — стала перадавіком вытворчасці, за старанную працу атрымала тэлевізар, дыван, некалькі ганаровых грамат. І ведаеце што: без прагі да гарэлкі ў мяне столькі вольнага часу з’явілася! Не дзіва, што ў мастацкую самадзейнасць падалася, кулінарыяй захапілася. У царкву пачала хадзіць, з добрымі жанчынамі пасябравала. Адным словам, нібыта наноў нарадзілася...

І так хораша было на душы Тамары Мікалаеўны, што вырашыла яна падзяліцца перажытым з гледачамі сваёй любімай, не так даўно яшчэ вельмі папулярнай тэлеперадачы “Малахаў +”, прысвечанай здароваму ладу жыцця.

— Напісала пісьмо ў рэдакцыю і атрымала запрашэнне ў Маскву, на здымкі праграмы, — летуценна ўспамінае яна. — Жыла ў шыкоўнай гасцініцы ля “Астанкіна” бясплатна. На запіс перадачы мяне вазіў шафёр. Стылісты параілі змяніць прычоску, колер валасоў. І маё новае аблічча мне так спадабалася! Тады ж пазнаёмілася з артысткамі Аленай Проклавай, Тамарай Сёмінай, Ларысай Лужынай, Зояй Зялінскай. З актрысай маскоўскага Тэатра сатыры Зялінскай, вядомай па ролі пані Тарэзы ў колішняй тэлеперадачы “Кабачок 13 крэслаў”, мы знайшлі шмат агульных тэм для размовы. Разам хадзілі піць каву. Я вучыла яе пячы беларускія дранікі... Думаю, мой лёс не пакінуў гледачоў абыякавымі. А сама я даўно зразумела, што ўсім нам для пераадольвання жыццёвых нягод часам не хапае простых прыкладаў самых звычайных людзей, іх нявыдуманых гісторый...

Слухаю Тамару Мікалаеўну і не перастаю здзіўляцца яе аптымізму, здольнасці і гатоўнасці прыходзіць на дапамогу. Сама яна рана засталася без мамы. Адносіны з мачахаю складваліся няпроста. Тая жанчына ні разу не назвала яе дачушкай. А дзяўчынка гэтага заўсёды вельмі чакала, старалася быць добразычлівай, удзячнай. Настане момант, і менавіта яна потым возьмецца даглядаць хворую мачаху.

— Раней не было такой прафесіі — сацыяльны работнік, — узгадвае Хрушчова. — Сем’і былі больш згуртаванымі, усе думалі, як гэта радню сваю ды чужому даверыць? Сорам. Цяпер не саромеюцца. Між тым прафесія сацработніка патрабуе пэўных навыкаў, асаблівага складу душы. Многія да яе прымерваюцца, але не кожны застаецца верным абранаму занятку...

Пасля мачахі Тамара Мікалаеўна ўзялася даглядаць сваю першую настаўніцу, а нядаўна перавезла да сябе адзінокую цётку Сашу, якой ужо 84 гады.

— Мы з мужам любім, калі ў хаце шматлюдна. На сямейныя святы іншым разам збіраюцца ўсе нашы: два сыны, дзве дачкі, дзесяць унукаў і дзесяць праўнукаў. Вось дзе радасць!

Наша гераіня ўжо восем гадоў на пенсіі. А ўсё не супакойваецца. Працягвае працаваць конюхам у Цяхцінскім лясніцтве. З гордасцю паказвае сваю апошнюю ўзнагароду — дыплом удзельніцы лыжных спаборніцтваў, якія праходзілі ў мясцовым СПК. Расказвае, што па-ранейшаму саліруе ў клубе “Журавушка” і з задавальненнем займаецца хатнімі справамі. Атрымаўшы ў аграгарадку Цяхцін утульную кватэру ад гаспадаркі “Новая Друць” у новым прыгожым доме з ліку пабудаваных па прэзідэнцкай праграме, Тамара Мікалаеўна не перастае марыць. Прызнаецца, што не губляе надзеі выйграць у латарэю вялікія грошы і частку з іх патраціць на дабрачыннасць. 

Не ўсміхайцеся. Вы ж не ведаеце, наколькі Хрушчовай шанцуе! У 2009 годзе, напрыклад, у конкурсе “Шчаслівы выпадак” для падпісчыкаў газеты “Рэспубліка” яна выйграла камп’ютар. Цяпер яе прыз асвойвае ўнук, дзесяцікласнік Максім. Ён захапляецца фатаграфіяй і з задавальненнем здымае сваю бабулю. Вось яна на экскурсіі ў Кіеве, вось у батанічным садзе, на агародзе... А тут — у акружэнні шматлікай радні. Больш за ўсё здымкаў — на фоне коней у Цяхцінскім лясніцтве. За сем гадоў працы ў гэтай гаспадарцы Тамара Мікалаеўна вывучыла ўсе іх звычкі: коні шчыра адгукаюцца на пяшчоту і клопат. Кузя, напрыклад, здалёк пазнае сваю гаспадыню па кроках і голасе. І невыказна радуецца сустрэчы...

На здымку: Тамара ХРУШЧОВА — наша адданая чытачка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter