На Глубоччине верующие готовятся к пасхальным праздникам

Ад раўгені да барана

Сакрэты смачных страў ад глыбоцкіх гаспадынь

У кожным рэгіёне свае асаблівасці падрыхтоўкі да галоўных рэлігійных свят. На Глыбоччыне ўвесь святочны тыдзень пасля Вялікадня стол захавальніцы традыцый Марыны Хрол упрыгожвае маслены баран, унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей рэспублікі. Праваслаўныя толькі рыхтуюцца да Уваскрэсення Хрыстова і пакуль прытрымліваюцца посных страў. Як гэта адбываецца ў Глыбоцкім раёне, расказалі мясцовыя жыхары.


Метадыст па народнай творчасці раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра культуры Наталля Нікіфаровіч адзначыла, што ў кожнай сям’і свае любімыя рэцэпты. Напрыклад, акрамя куліча, у яе сям’і традыцыйна смажылі курыцу ці гусь з «надзяваннем» — блінамі з вантробамі, яйкамі, цыбуляй і морквай. Усё гэта запякалі ў печы. 

Зараз знакамітая захавальніца народных традыцый Марына Хрол з вёскі Мнюта ўжо падрыхтавала паўтара кілаграма масла, каб прыгатаваць незвычайнага барана. Сялянка мае дзве каровы і робіць усё самастойна. У нядзелю яе выраб упрыгожыць святочны стол. 

— Я каталіцкай канфесіі, а муж праваслаўны, таму святкуем двойчы, — кажа Марына Іванаўна. — Шкада пачынаць барана, хочацца, каб пастаяў. Часта некрануты застаецца ўвесь тыдзень.

Кіраўнік народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні і фальклору «Кумачкі», культарганізатар Гатаўскага ГДК Таццяна Будрэвіч нагадала, што ў праваслаўных пакуль працягваецца пост. Але гэта не значыць, што стол бедны. Што гатуе сама гаспадыня з вёскі Гатаўшчына? Дранікі на посным алеі, поліўку з грыбоў, тушаную капусту, салянку з грыбамі, кашы ў печы. Вельмі любіць мясцовую страву «рулі»: трэба пакрышыць чорны хлеб, цыбулю і змяшаць з посным алеем. Таксама гатуюць катлеты з капусты, бурачкоў і морквы. Любімы напой — раўгеня. Гэта вада з закваскай з іржаной мукі, заварваецца ў кацялку ў печы. Яе п’юць з кружкі і закусваюць бульбай. А рыбу на Вербную нядзелю пякуць на маркоўнай падушцы, дадаўшы крыху цыбулі. 

Акрамя куліча, на Глыбоччыне пякуць ватрушкі. Дражджавое цеста выкладваецца на патэльню, а потым — тварог. Ёсць хітрыкі, каб не атрымаўся «закалец» — калі цеста мокрае (на мясцовым дыялекце). У тварог трэба класці толькі бялок і цукар. Потым зрабіць узор з цеста і паставіць у печ хвілін на 30. Але за 10 хвілін да гатоўнасці дастаць, змазаць жаўтком з цукрам. Ватрушка атрымаецца вельмі прыгожай і смачнай!

yasko@sb.by

Фота з архіва Марыны ХРОЛ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter