Ад пятніцы да пятніцы. Чытачы “НГ” пра тое, што прымусіла думаць і перажываць.

Марат КЛІМАЎ, кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Марат КЛІМАЎ, кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Выклікала занепакоенасць. Безумоўна, гэта “газавая вайна” паміж нашай краінай і Расіяй! Я мяркую, што прычыны дзеянняў “Газпрама” ў тым, каб купіць усе беларускія сеткі транзіту. У гэтым канфлікце Беларусь прадэманстравала сваю незалежнасць. У тым ліку і эканамічную. Але гэта зусім не значыць, што зараз нам трэба зачыняцца ад Расіі. Гэта нашы суседзі і велізарны рынак для збыту тавараў.

Засмуціла. З-за моцных навадненняў у Бразіліі загінулі 30 чалавек, а 50 тысяч засталіся без жылля. Гэта ж толькі ўявіце: вы ўзялі крэдыт і пабудавалі кватэру ў Мінску за 1000 долараў за квадратны метр, але тут налятае нейкая стыхія і ад вашага дома застаюцца толькі руіны! Да таго ж чалавечыя ахвяры — гэта незваротна. Таму прыродныя катаклізмы спрабую адчуць праз такую экзатычную прызму.

Узрадавала. Аказваецца, не ўсё ў нашым прагматычным жыцці паддаецца дакладным разлікам, і часам “галівудскія лаў-сторы” сапраўды адбываюцца. Шведская прынцэса Вікторыя ўзяла шлюб з простым трэнерам па фітнесу! Безумоўна, падобныя  гісторыі дазваляюць яшчэ раз падкрэсліць: наша жыццё — гэта дзіўная рэч і не заўсёды напісаныя “сцэнары” рэалізуюцца...

Уразіла. Выстава, прысвечаная Ірану, якая экспануецца ў Палацы мастацтваў. За спрэчкамі аб іранскай ядзернай праграме палітыкі схавалі ад нас цікавую і самабытную краіну. Калі я стаяў перад персідскімі дыванамі, узгадваў Самерсэта Маэма і думкі, якія ўкладае кожны ткач у свой твор. Уразіла, што мінімальны персідскі дыван складаецца з 1,5 мільёна вузельчыкаў, а колькасць вузельчыкаў на 1 квадратным сантыметры дасягае 121! Мы, беларусы, любім працу, і калі сутыкаемся з працалюбствам іншых, можам яго ацаніць як найлепшую якасць чалавечага жыцця. На жаль, сучасныя тэлемедыясродкі прапагандуюць нам зусім іншае, дзе ўзбагачае чалавека куля, а не добрасумленная праца...

Усхвалявала. Весткі з аўкцыёнаў, дзе маю ўвагу прыцягнулі два лоты. Адзін — карціна з аўтографам Льва Талстога, дзе пісьменнік у некалькіх радках даваў ацэнку чалавечай місіі на гэтым свеце. Другі — напісаная ад рукі песня Джона Ленана. Першы з лотаў быў прададзены ўсяго за 7 тысяч долараў, а другі — больш за мільён. Я не стаўлюся дрэнна да Джона Ленана, але яго дзейнасць і дзейнасць Льва Талстога — гэта зусім не супастаўляльныя велічыні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter