Бизнесмен из Новолукомля хочет сделать малую родину магнитом

Ад прыватнага да агульнага

Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Няхітрая народная мудрасць як дэвіз для 37-гадовага Максіма Калініна з Новалукомля. З важным нюансам: тое, чым ён займаецца, больш чым проста бізнес. Гэта цэлая філасофія, у аснове якой — вялікая любоў да малой радзімы і дзясяткі крокаў да таго, каб яна квітнела.



Летуценнікі і энтузіясты мяняюць свет да лепшага. Максім Калінін, які падыходзіць да добраўпарадкавання родных мясцін з усёй адказнасцю, таму прыклад. Каб зрабіць будні і адпачынак сваіх землякоў насычаней, камфортней, прадпрымальнік удыхае другое жыццё ў пустуючыя будынкі, стварае новыя працоўныя месцы і разам з вернікамі аднаўляе старадаўнія храмы. Так, шмат у чым з яго падачы ў Чарэі змянілася Свята-Міхайлаўская царква, якая глядзіць у неба пятую сотню гадоў. Максім Ігаравіч успамінае, як яе настаяцель аднойчы папрасіў пафарбаваць адну са сцен храма:

— Выканалі просьбу. Потым вырашылі, што можам больш. Агульнымі намаганнямі абнавілі фасад, а калі зразумелі, што вузкай сцяжынкі, якая вя­дзе да храма, недастаткова, — зрабілі масток. Радуе, што ініцыятыва знайшла падтрымку сярод мясцовых жыхароў. Мецэнат, які пажадаў застацца ў цені, ахвяраваў круглую суму на званы. Сёння царква прыкметна прырасла прыхаджанамі. Калі раней паслухаць службу летам там збіраліся ад сілы чалавек пяць, то цяпер у разы больш. Прыезджыя з райцэнтра сталі хрысціць тут малых, спадзеючыся на асаблівую энергетыку намоленага за стагоддзі храма. 


Суразмоўца кажа, што, напрыклад, мно­гае ў іх сям’і памянялася з прыходам да ве­ры. Пачалося ўсё з паломніцкай паездкі ў Маскву да Святой Матроны Маскоўскай. З тых часоў Максім Калінін і яго блізкія не забываюць туды дарогі. А падтрымаць мясцовыя сельскія храмы па меры сіл і магчымасцей лічаць не абавязкам — благадаццю. Адно з запаветных жаданняў бізнесмена — аднавіць на паўвостраве на беразе Ча­рэйскага возера Белую Царкву. Белая яна таму, што калісьці яе сцены былі пабелены. З тых часоў тынкоўка абсыпалася, і храм стаў чырвоным, цагляным. Каб цалкам аднавіць унікальны культурны, рэлігійны і, няма сумневу, перспектыўны турыстычны аб’ект, без агульных намаганняў не абысціся.

Арганізатарскага і дзелавога досведу Максіму Калініну не займаць. У бізнесе ён больш за 20 гадоў. Яшчэ 14-гадовым хлапчуком, калі многія яго аднагодкі сядзелі на беразе Лукомскага возера з вудамі або ганялі мяч у двары, наш герой гандляваў на рынку. Дарэчы, там жа была кропка ў яго ­маці Наталлі. Скончыў дзевяць класаў, прадаў за 70 долараў свой мапед і набыў першы тавар, амаль няўлоўна настальгуе суразмоўца:

— Да гэтага дапамагаў маці, а тут захацелася самастойнасці. Купіў на перапродаж нейкія маечкі, штаны — нават не на вешалках, а на двух ланцужках. У ліхія 1990-я было несалодка, але стартануць тады рэальна было, маючы мінімальны капітал. З 9-га класа ў мяне, як у чалавека працоўнага, бы­ло на руках афіцыйнае вызваленне ад урокаў па суботах. Мае дзеці таксама ведаюць цану грошам, падпрацоўваючы падчас школьных канікул. 


Далей адну за адной Максім адкрые ўласныя палаткі, пазней — крамы. Хлопец цесна зоймецца прадуктовым бізнесам і стане выдатным прыкладам, як можна зрабіць сябе самому. Зрэшты, сказаць, што землякі здзіві­ліся актыўнасці і бізнес-жылцы Калініна, значыць, схітраваць. І да гэтага ён не ся­дзеў склаўшы рукі, быў першым памочнікам маці: разам яны хадзілі ў лес за чарніцамі, чаўнакамі ездзілі за мяжу. Словам, шукалі любы, нават мінімальны шанец зарабіць, рэзюмуе цяпер ужо моцны прадпрымальнік. У яго арсенале — сетка крамаў, а з 2017 года — цэнтр сямейнага адпачынку і забаў «Электрон» на 1200 «квадратаў». Не пабудаваць аб’ект з нуля, а менавіта аднавіць выкуплены на аўкцыёне пустуючы будынак гарадскога кінатэатра для Максіма Ігаравіча было справай прынцыпу. Назву таксама пакінулі ранейшую. Праект не толькі дзелавы, але і сацыяльны — каб маленькім жыхарам Новалукомля, моладзі было чым заняцца. 

Перш чым запусціць тарзан­кі і каруселі, Максім з жонкай Юліяй, 11-гадовым сынам Арсеніем і 17-гадовай дачкой Евай апрабавалі ідэю на сабе: пабывалі ў самых розных забаўляльных цэнтрах. Хацелася, каб у Новалукомлі было не горш. Аўдыторыя цэнтра ў глыбінцы зараз шырокая: каб прыцягнуць кліентаў, Калінін нават купіў аўтобус, на якім прапануе нядорага прывезці ў Новалукомль кампаніі з суседніх раёнаў Віцебскай і Мінскай абласцей. Паглядзець ёсць на што! Каруселі, лабірынты, батуты, більярд, аэрабаскетбол, 5D—7D-кінатэатр, чатыры залы кафэ па 30 месцаў кожны ... Яшчэ тут ёсць унікальны ­двухузроўневы цэнтр па навучанні правілам пажарнай бяспекі — з кафэ і незвычайнай гульнявой пляцоўкай-хаткай пад столлю, куды няма ўваходу дарослым. 

Рамонтныя работы на «Электроне» занялі тры гады і запатрабавалі салідных інвестыцый. Затое ў Новалукомлі, дзе шмат маладых сем’яў, ёсць дзе адпачыць культурна. Прыватная ініцыятыва прыносіць агульную карысць, лічыць Максім Калінін. І актыўна займаецца новым праектам: адкрыццём уласнага рэстарана на некалькі банкетных залаў, у тым ліку адзін — дзіцячы. Размесціцца сучасны аб’ект грамадскага харчавання ў выкупленым двухпавярховым будынку, адзін паверх якога цяпер адведзены пад гандлёвы цэнтр. Назву рэстарана пакуль абмяркоўваюць на сямейным савеце. Сам Калінін схіляецца да знаёмага і яснага ўсім мясцовым «Турыст». Бо менавіта клуб турыстаў даўным-даўно займаў будучыя рэстаранныя плошчы. У тым, што і турыстам, і проста адпачываючым будзе цікава ў Новалукомлі, суразмоўца не сумняецца. Таму думае над адкрыццём у перспекты­ве гасцініцы і развіццём у родным рэгіёне турызму. Важкі козыр — Лукомскае возера, што ўваходзіць у топ-10 найбуйней­шых вадаёмаў Беларусі.

Максім Калінін прэзентаваў Новалукомлю два дзіцячыя вулічныя гульнявыя комплексы. Надае ўвагу ён і развіццю спорту ў рэгіёне. Пры яго падтрымцы праходзяць многія турніры, новы стымул атрымала мясцовая дзіцячая футбольная каманда. А да 55-годдзя горада прадпрымальнік марыць, каб тут з’явілася зручнае футбольнае поле са штучным пакрыццём. Праект ужо ёсць, львіную долю клопатаў энтузіяст гатовы ўзяць на сябе. 
Фота Сяргея Лебедзева

ГЭТА ЦІКАВА

Многія жыхары Чашніцкага раёна ўсур’ёз прымаюць легенду, што іх Белую Царкву ў стылі барока спраектаваў Арыстоцель Ф’ёраванці, знакаміты італьянскі дойлід. Той самы, якога ў XV стагоддзі запрасілі ў Маскву для ўзвядзення Успенскага сабора. Варыянт сенсацыйны, але пакуль афіцыйна не даказаны. 

naumova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter