Родная беларуская мова адрознівае нас ад іншых народаў і ўтрымлівае генетычны код нацыі

Ад прадзедаў спакон вякоў

Пранізліва і прыгожа напісаў наш класік Янка Купала: «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына. Паміж сваіх і чужакоў яна мне ласкай матчынай». Пераканана, што пад спадчынай народны паэт меў на ўвазе не толькі родны край, спрадвечную беларускую зямлю, але і нашу мову. Яна выткана «з легендаў і казак былых пакаленняў, з калосся цяжкога жытоў і пшаніц» — так шчыра выказваўся Максім Танк. А Якуб Колас, які, дарэчы, будучы акадэмікам, прымаў непасрэдны ўдзел ва ўдакладненні і ўдасканаленні правапісных норм нашага слова, заўважыў: «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову». Безумоўна, сапраўднае шчасце за грошы не купіш. Яно складаецца з бацькоўскай ласкі, спраўджэння свайго прызвання ў Айчыне, моцнай сям'і, агульначалавечых каштоўнасцяў, з любові і павагі да ўласных каранёў — да нашай агульнай спадчыны. 
Аляксандр Лукашэнка: 

«Нельга забываць сваю мову. Калі мы не будзем ведаць беларускай мовы, мы не беларусы. І руская мова, і беларуская мова — гэта наша. Але беларускую мову, мы яе не насаджаем, але мы будзем імкнуцца да таго, каб кожны беларус мог размаўляць на беларускай мове. І няма тут нічога антырасійскага і гэтак далей».

Падчас пасяджэння-нарады з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, 25 студзеня 2022 года.
Дык чаму беларуская мова — спадчына? Адказ навідавоку: яе стабільныя асновы з'явіліся ўжо ў XIV стагоддзі. Менавіта з сівых часоў продкі заклалі для нас моцны падмурак дзяржаўнасці, з пакалення ў пакаленне перадавалі яго нашчадкам, каб мы ў гэтым вялікім свеце мелі свой культурны код, асаблівасці і адрозненні ад іншых народаў. Наша задача — таксама захаваць матчына слова, узбагаціць і перадаць наступнаму пакаленню. Што мы і робім. Таму пацверджанне — многія факты. Гэта выданне слоўнікаў, граматык, новы звод правіл правапісу, прыняты ў 2010 годзе з мэтай адлюстраваць змены, якія даўно адбыліся ў вусным маўленні. Чаго толькі варты электронны Нацыянальны корпус, дзе максімальна поўна алічбоўваецца літаратура ўсіх жанраў! Пра багацце нашай мовы сведчыць новая распрацоўка Інстытута мовазнаўства пры Акадэміі навук — 15-томны тлумачальны слоўнік, які будзе ўтрымліваць 250 тысяч слоў. Нядаўна вучоныя завяршылі вынік шматгадовых намаганняў — гістарычны слоўнік, які абагульняе звесткі 500-гадовай гісторыі нашага народа. Дыялектныя гаворкі, з якіх складаецца жывая беларуская мова, надзейна фіксуюцца ў электронным зводным слоўніку. І гэта толькі невялікая частка таго, што робіцца ў Беларусі для захавання роднага слова.

Узмацняецца і народная любоў. Журналіст Белтэлерадыёкампаніі Наталля Бардзілоўская ў сацыяльных сетках запусціла спецыяльны марафон, у якім мог паўдзельнічаць любы жадаючы, надрукаваўшы на сваёй старонцы верш пра беларускую мову, яе адметнасць і прыгажосць. Людзі з задавальненнем адгукаліся і такім чынам распісваліся ў павазе да матчынага слова. У якасці выніку Наталля падзялілася: «21 лютага чакаю не толькі з традыцыйнай падрыхтоўкай тэматычных тэлематэрыялаў, але і з багатым ураджаем вершаў, што назапасіліся на сацсеткавай старонцы. Магу з радасцю і ўпэўненасцю сказаць: марафон кахання ўдаўся і пацвердзіў, што свята роднай мовы не фармальнае, не толькі «да даты», яно жыве ў людзях у любы дзень, у любы час».

Склалася гістарычна, што ў нашага народа дзве дзяржаўныя, а значыць і родныя, мовы. Дзве сястры, выгадаваныя на стараславянскім падмурку. І мы іх абедзве любім і паважаем, карыстаемся ў пісьмовым і вусным ужытку, абсалютна раўнапраўна дзеці вывучаюць іх у школе. Тым не менш менавіта беларускае слова было побач з прадзедамі ад сівых стагоддзяў, менавіта яго амаль заўсёды пачуеш у беларускай глыбінцы, менавіта яно адрознівае наш народ ад іншых і ўтрымлівае генетычны код нацыі. Францыск Скарына заклікаў «любіць і шанаваць роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў».

Беларуская мова гучыць па тэлебачанні і радыё, у тэатрах, на ёй выходзяць матэрыялы ў газетах і шматлікія кнігі айчынных пісьменнікаў. Між тым рэдка чуваць роднае слова ў звычайнай беларускай, асабліва гарадской, сям'і. Дзеці пра першыя беларускія словы «вочкі» ці «вусны», «матуля» ці «тата» даведваюцца, на жаль, часцей за ўсё не ад бацькоў, а ў навучальных установах. Значыць, трэба і надалей павышаць прэстыж роднага слова, перш за ўсё кожнаму чалавеку быць адказным за сябе самога, не ганьбіць святую памяць дзядоў, расказваць дзецям, чаму вясёлку продкі назвалі вясёлкай, а дзьмухавец — дзьмухаўцом. 

Толькі пры гэтым трымацца класічнага вымаўлення і правапісу, а не прыдуманага «аўтарскага», праз які шукальнікі лёгкага хлеба і прыхільнікі разбурэння паказваюць сваё цемрашальства. Дакладней, бязглуздасць, устаўляючы праз кожную літару мяккі знак і афармляючы запазычаныя словы згодна з іх правапісам у замежных мовах. Кшталту «плянаў» і «філёлягаў». Баюся, нешаноўныя «панове», што Браніслаў Тарашкевіч, які ў 1918 быў аўтарам прынятай граматыкі, вам паставіў бы двойку. І вы ведаеце за што. Бо вельмі шмат у вас аўтарскіх выключэнняў, папросту кажучы, памылак, якія імкнецеся выдаваць за сваю двурушную «сьвядомасць». Вы, «панове», не забывайцеся, што мова — жывая з'ява, а нормы правапісу — грамадская дамоўленасць. І змены, праведзеныя яшчэ тройчы пасля «тарашкевіцы», прыняты для таго, каб правапіс быў аднастайным, а не ў кожнага свой.

Шануем цябе, народная матчына мова, ганарымся тваёй спрадвечнасцю і веліччу. Дзякуем табе, што ты здолела прарасці праз усе эпохі, перажыць іх складанасці і ізноў каласішся на жыццёвай ніве. Абяцаем заўсёды быць побач!

У сваім вершы пастаралася перадаць хоць жменьку вялікай прыгажосці матчынага слова:

Беларускае слова — роднае,
Сакавітае і лагоднае. 
Смачна-пульхнае і пухнатае,
Мякка-кволае, зухаватае.
Слова роднае, беларускае,
Як вавёрка арэхі лускае,
Так цябе раскусіць мне хочацца,
Частавацца табой напоўніцу.
Твая ядрыца небам звітая,
Тваё жыта з валошак сшытае.
Твае вусны мядовым водарам
Ап'яняюць гаворку родную.
Слова вечнае, беларускае,
Твая маці калыску гушкае.
Твае дзеці — сцяжыны росныя,
Слова роднае, паднябёснае.
Узляціш жаўруком над далямі,
Праспяваеш высока хвалямі.
Уваскрэснеш, як фенікс з попелу,
І закружыш над родным поплавам.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter