Ад прадзедаў спакон вякоў...

Як вярнуць народную педагогіку ў сям’ю.

Як вярнуць народную педагогіку ў сям’ю.

Сапраўдных патрыётаў, захопленых народнай творчасцю, рыхтуе Стайская дзіцячая мастацкая школа традыцыйнай культуры Лепельскага раёна.

— Калісьці гэта была звычайная музычная школа, — распавядае нязменны кіраўнік установы Вераніка Хомбак. — Але аднойчы мы выбралі свой кірунак работы з вясковымі дзецьмі. Зыходзячы з галоўнай высновы: будучыня кожнага народа цесна звязана з яго культурнай спадчынай, пераемнасцю, захаваннем і прымнажэннем народнага багацця, створанага не адным пакаленнем. Само жыццё пацвердзіла правільнасць выбару, хаця перыяд станаўлення быў няпростым. Шмат папрацаваць давялося і нам, выкладчыкам, бо шлях засваення фальклорных узораў праз нотны стан уступае ў супярэчнасць з вуснай прыродай фальклору. Дапамаглі вучоныя, спецыялісты з Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры, непасрэдныя кантакты з вяскоўцамі. А сёння ўжо і нашы дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у фальклорных вандроўках, экспедыцыях-апытальніках, творчых сустрэчах.
Самы значны ўклад унесла жыхарка вёскі Стаі Галіна Савельеўна Фаміна. Пяць гадоў, пакуль дазваляла здароўе, яна працавала выкладчыкам стайскай школы. Цяпер прыняты на работу тры бабулі — Зінаіда Ільінічна Кулеш, Галіна Рыгораўна Тухта і Вольга Сяргееўна Быкава. Усе яны —
удзельнікі фальклорнага ансамбля “Спадчына”. 
Сёння ў школе створаны чатыры дзіцячыя і тры дарослыя калектывы. Яны прымаюць удзел у самых прэстыжных фестывалях і конкурсах. Дастаткова сказаць, што ў скарбонцы дасягненняў —
85 дыпломаў міжнароднага, рэспубліканскага і мясцовага ўзроўню. Сярод іх і Дыплом камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА за значны ўклад у захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Узорны фальклорны калектыў “Сунічкі”, які вядомы далёка за межамі краіны, двойчы атрымліваў заахвочванне ад прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.
— Ёсць яшчэ адна вартая ўвагі адметнасць школы, — працягвае Вераніка Аляксандраўна. — Мы прымаем на вучобу ўсіх жадаючых, без адбору па здольнасцях, і імкнёмся кожнага акружыць увагай і любоўю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter