Ад поўных бункераў з зернем радавалася душа ААТ «Жарабковічы»

Па выніках жніва ляхавіцкае ААТ «Жарабковічы» неаднаразова ўваходзіла ў рэйтынг самых ураджайных. Як бы ні складваліся кліматычныя ўмовы, хлебаробы стабільна дабіваюцца высокіх паказчыкаў у раслінаводстве. Сёлета з кожнага гектара (збожжавыя займаюць 3700 гектараў) сабралі па 58 цэнтнераў зерня. Найбольшымі намалотамі парадаваў азімы ячмень — 77 цэнтнераў зерня з гектара. Ураджайнасць азімай пшаніцы перавысіла 58,4 цэнтнера. Парадаваў і азімы рапс. Вырошчвалі яго на 900 гектарах. Ураджайнасць перавысіла 33 цэнтнеры насення з гектара. Механізатары, як заўсёды, аднымі з першых у раёне справіліся са жнівом. 

Трактарыст Эдуард РАЧКОЎСКІ.

Засыпана ў засекі звыш 20 тысяч тон збажыны і амаль тры тысячы тон насення рапсу. Гаспадарка паставіць дзяржаве 1800 тон пшаніцы і 1110 тон піваварнага ячменю. Поўнасцю выкананы дзяржзаказ пастаўкі насення рапсу. Прададзена яго звыш 100 тон. 

Убіралі збожжавыя 18 экіпажаў. Амаль дзве тысячы тон зерня намалацілі на КЗС-1218 камбайнер Андрэй Дзянішчык і яго памочнік Генадзь Хмарук. Прыблізна такі ж намалот і ў Віктара Клямені. Працаваў ён разам з памочнікам Сяргеем Зянько на магутнай уборачнай машыне замежнай вытворчасці, якой больш за два дзесяцігоддзі. У мінулыя гады ў гэтых перадавікоў намалоты былі значна большыя. Практычна на працягу апошніх гадоў уборачныя экіпажы выходзілі ў лідары раённага, абласнога і рэспубліканскага спаборніцтва на жніве. 

Загадчык рамонтнай майстэрні Міхаіл ПЯТРОЎСКІ і галоўны інжынер Юрый РАГАЎЦОЎ. 

Пасля завяршэння ўборкі збожжавых прасторны машынна-трактарны двор шчыльна застаўлены тэхнікай. Механізатары ачышчаюць машыны ад пылу і смецця. Для кожнай адзінкі падрыхтаваны ангар. Адпачываць няма калі. У самым разгары азімая сяўба. А на чарзе — уборка кукурузы і цукровых буракоў. 

— Кожная адзінка тэхнікі максімальна выкарыстоўваецца, — канстатуе загадчык рамонтнай майстэрні Міхаіл Пятроўскі. — Калі ў полі здараецца якая паломка, рамонтная служба выязджае і аператыўна ліквідуе яе. Асаблівую ўвагу надавалі рабоце збожжаўборачных камбайнаў: своечасова праводзілі тэхнічныя агляды, запраўлялі прама ў полі. Амаль усе яны ў нас гомельскай вытворчасці. Не было праблем з запчасткамі. Адвозілі ўраджай ад камбайнаў на збожжаток пераважна МАЗамі. Гаспадарка па тэрыторыі самая буйная ў раё­не. Некаторыя палі значна аддаленыя, але з перавозкай спраўляліся. Паспяховаму завяршэнню жніва садзейнічала старанне кожнага, хто працаваў на полі.

— Уборку збожжавых маглі закончыць значна раней, — лічыць камбайнер Андрэй Дзянішчык. — Пасля абмалоту азімага ячменю амаль два тыдні чакалі, пакуль даспее азімы рапс. А як пачалі яго абмалочваць, пачалася непагадзь. Стаялі на полі і гадзінамі чакалі, пакуль вецер прасушыць пасевы. А як у пагодлівыя дні абмалочвалі збожжавыя, то да начной расы не спынялі працу. Душа радавалася, як за лічаныя мінуты запаўняўся бункер зернем на ячменным і пшанічным палях. На некаторых участках выходзіла да 80 цэнтнераў зерня на круг. Кожная ўборка непадобная да іншых. У мяне гэта быў 28-мы ўборачны сезон. Такога стажу ў нашым калектыве ні ў каго з механізатараў няма. Камбайнерам працаваў бацька Канстанцін Аркадзьевіч. Са школьных гадоў дапамагаў яму. Спачатку прыходзіў на поле і назіраў, як кружаць па хлебнай ніве камбайны. У старэйшых класах на канікулах афіцыйна стаў працаваць памочнікам у бацькі. Давяраў ён сесці за руль. Пасля заканчэння сярэдняй школы з атэстатам сталасці атрымаў і пасведчанне трактарыста-машыніста і адразу пайшоў працаваць на трактар. А ў жніво кожны год да прызыву на службу ў армію з бацькам убіралі хлеб на камбайне «Дон-12». Неаднаразова ездзілі на «Дажынкі». Атрымлівалі дыпломы, каштоўныя прызы, грашовыя прэміі. Пасля армейскай службы вярнуўся ў гаспадарку. Працаваў трактарыстам, а ў жніво працаваў на КЗС-1217 і выйшаў у абласныя лідары сярод маладзёжных уборачных экіпажаў. А як закупілі новы камбайн КЗС-1218, даручылі яго мне. Дзясяты сезон адпрацаваў на ім. Сам звычайна рыхтую яго да ўборкі. Адчуваю, як працуе кожны механізм. Ні разу ён не падвёў у полі.

Камбайнер Андрэй ДЗЯНІШЧЫК.

Больш чакалі сёлета ад хлебнай нівы. Кожнае поле атрымала максімальную запраўку мінеральнымі ўдабрэннямі і арганікай. Своечасова пасеялі збажыну. Планам памяшала летняя засуха. 

— У самы спякотны перыяд азімыя збожжавыя выкінулі колас, а яравыя не паспелі яшчэ ўмацавацца, — аналізуе вынікі галоўны аграном Яўген Цярпіцкі. — Але ўсё ж правільнае выкананне тэхналогіі дазволіла ўтрымаць высокую планку па ўраджайнасці. У лепшыя гады ўраджайнасць збожжавых на нашых палях перавышала 70 цэнтнераў з гектара. Гаспадарка пастаянна трымаецца сярод абласных лідараў. Стаўку робім на пашырэнне пасеваў азімых збожжавых і рапсу. Сёлета на некаторых палях атрымлівалі да сарака цэнтнераў насення рапсу. Падтрымліваем сувязь з беларускімі вучонымі-селекцыянерамі.

Следам за камбайнамі на палі выйшла глебаапрацоўчая тэхніка, каб рыхтаваць зямлю пад азімую сяўбу. Комплексна вядуцца палявыя работы. Спецыяльным агрэгатам уносяцца мінеральныя ўдабрэнні, і тут жа на полі працуе трактар Т-150 з васьміадвальным плугам. У свежаўзараную глебу адразу кладзецца насенне азімага рапсу. За лічаныя дні справіліся з сяўбой гэтай культуры механізатары Эдуард Рачкоўскі і Дзмітрый Туцін. На магутных энерганасычаных трактарах кожны з іх штодзённа засяваў да 70 гектараў. 

На 2700 гектарах трэба пасеяць азімыя ячмень і пшаніцу. Увесь насенны матэрыял падрыхтаваны да высеву, адрэгуляваны пасяўныя агрэгаты. Паралельна з азімай сяўбой пачнецца масавая ўборка кукурузы на сілас. Механізатары павінны яе ўбраць на 1600 гектарах. Дзве сотні гектараў гэтай культуры адведзены для вырошчвання на зерне. Жнівеньскія дажджы паспрыялі росту цеплалюбівай культуры. Высокай сцяной уздымаецца яна на палях. Раслінаводчая галіна гаспадаркі поўнасцю забяспечвае жывёлагадоўлю кармамі ўласнай вытворчасці. 

Галоўны заатэхнік Таццяна ЧАПЛЯ.

— Асноўная частка кармоў у нас прыпадае на кукурузны сілас, — удакладняе галоўны заатэхнік Таццяна Чапля. — У першай палове года ўведзена ў эксплуатацыю сучасная малочнатаварная ферма. Грамадскі статак буйной рагатай жывёлы вырас больш як на сотню маладняку і перавысіў 9500 галоў, з якіх трэцяя частка — каровы. Летась ад кожнай з іх атрымалі звыш шасці тысяч кілаграмаў малака. Штодзённа рэалізуем на Ляхавіцкі малочны завод 50 тон малака, у асноўным класам экстра.

У нас самая буйная ў рэспубліцы авечкагадоўчая ферма, на якой больш за дзве з паловай тысячы жывёл. Дзякуючы рацыянальнаму выкарыстанню пасяўных плошчаў створаны страхавы фонд фуражу. Штогод атрымліваем па чатыры, а то і пяць укосаў люцэрны. Зараз чакаем чацвёрты. З сеяных траў закладзена амаль 12 тысяч тон сенажу. Назапашана і неабходная колькасць сена. Усе кармы высокай якасці.

Сплаў тэхналогіі і хлебаробскага старання садзейнічае поспеху калектыву. Стратэгічны напрамак дзейнасці гаспадаркі — нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці малака. Рэалізацыя яго дае асноўныя фінансавыя паступленні. Рэнтабельнасць продажу прадукту перавысіла 40 працэнтаў. Чысты прыбытак за першую палову года больш за два мільёны рублёў, што амаль на 200 тысяч рублёў больш, чым летась за адпаведны перыяд. Таму вырасла выручка ад рэалізацыі прадукцыі і за першае паўгоддзе перавысіла 13,5 мільёна рублёў. 

З такімі станоўчымі вынікамі сустрэлі абласное свята-кірмаш працаўнікі ляхавіц­кага ААТ «Жарабковічы».

Маладыя спецыялісты Кацярына РАГАЎЦОВА, Настасся ПАНІЧАВА і Ганна РАКАШЭВІЧ.

УНП 200058414 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter