Аляксандр Жылінскі, які сустракае гасцей з усяго свету на знакамітым возеры, мае родавыя карані ў Пружанскім раёне Брэстчыны

Ад Масявіч да “Каўчэга Байкала”

Аляксандр Жылінскі, які сустракае гасцей з усяго свету на знакамітым возеры, мае родавыя карані ў Пружанскім раёне Брэстчыны


Прыбайкалле — унікальная мясціна ва Усходняй Сібіры Расіі. Суровы клімат і аддаленасць ад цэнтра краіны доўгі час не дазвалялі асвоіць гэты найбагацейшы край. Ды ўжо некалькіх сотняў гадоў там знаходзяць прытулак прадстаўнікі многіх народаў. Жывуць пад сібірскім небам і перасяленцы з Беларусі, многія з якія захавалі сваю этнічную самасвядомасць і перадалі яе нашчадкам. А ў Іркуцку, які лічыцца сталіцай Усходняй Сібіры, дзейнічае Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Разам супляменнікам лягчэй ладзіць справы ў падтрымку беларускай культуры, традыцый. Актывісты суполкі вельмі любяць гэтую сібірскую глыбінку, якая ўжо стала для іх домам, і сёлета задумалі паказаць іншым суродзічам свой край.


Пэўна ж, самае знакавае месца там — возера Байкал. Каб даць магчымасць беларусам з усяго свету пабачыць такі цуд прыроды, Іркуцкае таварыства ладзіць Фэст беларусаў свету на Байкале. Адным з арганізатараў яго выступае ўладальнік турбазы “Каўчэг Байкала” Аляксандр Жылінскі. На турбазе, якая ўмяшчае з паўсотні чалавек, і пройдзе Фэст. Мы і раней ведалі: бацькі гэтага нястомнага гаспадара-капітана таксама калісьці прыехалі жыць з Беларусі ў Сібір. Сам Аляксандр, улюбёны ў ​​Байкал, памятае свае беларускія родавыя карані. І наша размова з ім — пра шлях з Беларусі ў Сібір, пра ягоныя моцныя повязі з Беларуссю і тое, што дае чалавеку адчуванне паўнаты жыцця.


Аляксандр Жылінскі
— Аляксандр, як сталася, што Жылінскія апынуліся ў Сібіры?

— За савецкім часам тата мой, Іван Аляксандравіч, прыехаў будаваць Ангарскі камбінат, працаваў мантажнікам. Яшчэ да яго шлях сюды праклаў мой стрыечны дзед: і ён быў будаўніком, перацягнуў у Прыбайкалле “малодшае пакаленне”. Прыехала сюды тры мае дзядзькі. А нашы родавыя карані — з вёскі Масявічы на Пружаншчыне, з Брэсцкай вобласці. Дарэчы, у вёсцы шмат Жылінскіх, і ў акрузе прозвішча пашырана. Там бацькі нашы нарадзіліся і жылі, там жыве мая бабуля Гандзя Жылінская: мы яе і Аняй завём. Ёй летась было 90. Ездзіў на юбілей, пабачыў шмат сваякоў: у бабулі ж 9 дзяцей! Радня мая вельмі вялікая. Праўда, з бабуліных дзяцей трое ўжо пакінулі гэты свет. А яшчэ ж унукі, праўнукі — апошніх больш за дзясятак. Сувязі падтрымліваем. Стараемся ў Беларусь ездзіць, і ў нас таксама сваякі бываюць.

— А ці часта здараецца такое?

— Частка радні, якая ў Прыбайкалле прыязджала, з часам вярнулася ў Беларусь. Але ж тут засталіся сябры-знаёмыя. Большасць сваякоў у Беларусі працуе на чыгунцы, і ў іх часам выпадае, можа раз на тры гады, прыехаць сюды бясплатна. Скажам, доўга працавала тут мая цётка Валянціна Жылінская, у пасёлку Мегет, кіравала птушкафабрыкай. І вырашыла вярнуцца на радзіму. Клімат, як вядома, у Беларусі мякчэйшы, а тут — Сібір… Беларусы кажуць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Большасць маіх сваякоў і з’ехала ў Беларусь. У дзяцінстве, памятаю, мы тут часта сустракаліся, дружна жылі. А я ўжо сібірскі: нарадзіўся ў Ангарску ў 1976 годзе. Тата — з Беларусі, мама, Ніна Валянцінаўна, — з Паволжа: прыехала на будоўлю як малады спецыяліст, тут бацькі і сустрэліся.

— Самі часта ездзіце ў Беларусь?


— Не надта. Ну вось летась быў, бо супалі дзве падзеі. Сястра ў Брэсце выходзіла замуж, быў на вяселлі, і ў бабулі юбілей. Мы вырашылі святкаваць усё разам. У мяне з бабуляй, дарэчы, дзень нараджэння ў адзін дзень. Мне ў Беларусі спадабалася, было прыгожае вяселле, з усімі сваякамі, многія з Расіі прыязджалі, і з усёй Беларусі таксама. Асаблівых адрозненняў у вяселлі беларускім я не заўважыў. Праўда, ёсць шэраг абрадавых дзей, звязаных, напрыклад, з выкупам нявесты.

— Вы ўвогуле цікавіцеся беларускімі традыцыямі, роднай культурай?

— Па меры магчымасці. Мне падабаецца тое, што робяць у Іркуцку беларускія суполкі. І на святах народных бываю, часам дапамагаю іх ладзіць. А што да Фэсту, да якога рыхтуемся, то я — адзін з арганізатараў. Няхай як мага больш беларусаў пабывае на Байкале! У многіх, з кім сустракаўся ў Беларусі, ёсць такое жаданне. Мы дапаможам гасцям адкрыць для сябе святое возера і пабыць у коле блізкіх па духу людзей. Будзе на Байкале і беларуская кухня. І шмат яшчэ ўсяго цікавага. Запрасілі цікавых гасцей, музыкаў. Любы фэст — гэта найперш сустрэчы, знаёмствы, зносіны. Мы задумалі сабраць беларусаў з усяго свету. Мяркую, у нас усё атрымаецца.


І зімою ў Байкала ёсць свая непаўторная прыгажосць

— Ці не спрабавалі вы адладзіць “абмен турыстамі” з Беларуссю? Напрыклад, арганізоўваць групы на Байкале ды адпраўляць у Беларусь, і наадварот.


— Ёсць ідэі на гэты конт, паколькі сам працую ў турызме. У Беларусі, як вядома, шмат цікавых мясцін, прывабных і для сібіракоў. Прычым беларусы вельмі гасцінныя, там здаровая і смачная ежа, прымальныя кошты. А беларусам можа быць цікавы Байкал з ягоным унікальным ландшафтам, горнымі сістэмамі, чыстымі рэкамі. Людзі бачаць гэтыя горы — і ў іх проста слоў не хапае, каб выказаць захапленне. Вось і адна з мэтаў нашага Фэсту — зразумець запыты беларусаў. Прыкінуць, якія праграмы (экскурсіі, паходы, рыбалка…) будуць запатрабаваныя, суаднесці з магчымасцямі турбазы. Гэта вялікая праца, і яе варта рабіць. Пакуль што мы збіраем Фэст, а потым — будзем рухацца далей, прыкідваць праграмы абмену.

— Вы самі, Аляксандр, беларусам сябе лічыце?


— Калі прыязджаю ў Беларусь, то разумею: усё ж такі душа да тых месцаў вельмі-вельмі ляжыць… Мясцовасць, прырода, людзі — усё мне блізкае. Але паколькі я нарадзіўся ў Сібіры, вырас, то, напэўна, па складзе нават свайго быцця ўжо іншы. І я не змагу змяніцца. Так што на гэтае пытанне адназначна цяжка адказаць. Па крыві — напэўна, беларус. Па тэмпераменце, характары, напэўна, сібірак ўсё ж такі...


Конны паход па Прыбайкаллі

— А што для вас такое: Беларусь?

— Мяне ў дзяцінстве часта адпраўлялі бацькі да бабулі. А правесці лета ў Беларусі, ды ў яшчэ ў вёсцы — гэта незабыўна, гэта ўражанні на ўсё жыццё. Мы з дзедам яшчэ збіралі на возе з канём малако, прама па вёсцы, і для хлопчыка, вядома, гэта так здорава! Дарэчы, мой дзед, Аляксандр Ігнатавіч Жылінскі — легендарны партызан, франтавік, у яго было шмат узнагарод: прайшоў усю вайну. Дзед быў вельмі цікавы чалавек, які вялікую сям’ю стварыў і дзяцей паставіў на ногі. Ён — як моцны стрыжань, вакол яго ўсё “круцілася”, і многія гісторыі роду з ім звязаны. Яшчэ я заядлы грыбнік, а мяне ў Беларусі навучылі грыбы збіраць. А што там за лясы! А колькі садавіны — для сібіракоў цуд, што яблыкі, грушы, слівы збіраць можна прама з травы ў садзе. І яшчэ Беларусь для мяне — гэта мая бабуля Аня. Добразычлівасць, гасціннасць, як гэта ў вялікіх сем’ях бывае, дзе ўсе адзін аднаму дапамагаюць — і гэта мая Беларусь. Яна дала мне многае, і я хацеў бы, калі так складзецца жыццё, бываць там часцей, даўжэй...

— Вярнуцца на зямлю продкаў не хацелі б?

— Гэта іншае пытанне... Тут сям’я, дзеці, тут “Каўчэг Байкала”. Можа на пенсіі, калі дзеці падрастуць, можна будзе пра такое пагаварыць. А цяпер, вядома, праца тут. І ёсць яшчэ ў мяне цётачка Валянціна Благава — з Беларусі, працуе ў бальніцы ў Ангарску, ездзіць “дадому” рэгулярна. І мой дзядзька, Сяргей Жылінскі: ён таксама нарадзіўся тут, сібірак, жыве ў Ліствянцы.


Там, дзе квітнее на сопках багульнік…

— Вы разумееце беларускую мову?


— Практычна ўсё разумею, а гаварыць — не магу. Можа, калі б пажыў у беларускамоўным асяроддзі, то і загаварыў бы. Бабуля гаворыць па-беларуску. А прыехалі днямі на турбазу госці з Мінска — рускамоўныя. Увогуле да нас з усяго свету людзі едуць. З супляменнікамі добра бывае па-зямляцку пасядзець, пагутарыць, распавесці навіны, даведацца, як жыве Беларусь. Гэта заўсёды прыемна. Я з задавальненнем, дарэчы, кнігі чытаю пра Беларусь і беларусаў. У прыватнасці, мне даваў Алег Рудакоў некалькі кніг пра Яна Чэрскага, яго падарожжы. У ІТБК нават Аляксей Кухта ідэю такую падаў: пашукаць засечкі ўзроўню вады, што вучоны пакідаў на Байкале, і стварыць тур па мясцінах, дзе ён хадзіў, рабіў замалёўкі. Пад час вандроўкі можна лепш зразумець гэтага вялікага чалавека. Задума цікавая, будзем пра тое гаварыць і на Фэсце. А яшчэ нам хацелася б з часам запрасіць на Байкал з канцэртамі вядомага і ў Расіі беларускага барда Аляксандра Баля.

— У мясцовых жыхароў ёсць асаблівае стаўленне да Байкала, некаторы з ім нават размаўляюць. А ў вас ёсць з ім нейкая сувязь?


— У нас з возерам стасункі, можна сказаць, больш чым блізкія. На возеры я жыву практычна ўвесь час — у Ліствянцы, ці на Малым моры, як тут кажуць. Кожны дзень з Байкалам, і адчуваць яго біццё, пульс, дыханне для мяне ўжо, пэўна, жыццёва неабходна. Узімку мы бегаем па Байкале на каньках — у нас хобі такое. Летам ладзім конныя паходы па берагах Байкала. І бачым, якое крохкае і ранімае ў нас возера. Гэта асабліва воста адчуваюць тыя, хто займаецца тут актыўным турызмам. Возера, здаецца, вялікае, а на самай справе вельмі чуллівае, і трэба ўсяляк імкнуцца зберагчы ягоную чысціню і прыгажосць. Гэта дзівоснае месца, якое варта наведаць. Таму запрашаем усіх на Фэст беларусаў свету на Байкале: ён пройдзе з 3 па 9 жніўня на базе адпачынку “Каўчэг Байкала” на Малым моры.

Гутарыла Наталля Багамаз
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter