Ад малака да мяса

Жывёлаводы рэгіёна даволі нядрэнна спрацавалі ў першым паўгоддзі.
Жывёлаводы рэгіёна даволі нядрэнна спрацавалі ў першым паўгоддзі. Ад каровы надоена 1974 кілаграмы малака. Плюс да мінулагодняга — 167 кілаграмаў. Прычым больш за чвэрць прыбаўкі дасягнута ў засушлівы чэрвень. На 10,5 працэнта ўзрасла рэалізацыя мяса буйной рагатай жывёлы і на 5,5 — птушкі. Запаўняюцца пасля АЧС свінагадоўчыя комлексы, і да канца года пагалоў’е ў іх павінна дасягнуць 340 тысяч. У тых жа аб’ёмах, як і летась, вобласць нарыхтавала кармоў.


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай ШАРСТНЁЎ, старшыня аблсельгасхарчу Сяргей ДОГЕЛЬ, дырэктар Глыбоцкага мясакамбіната Анатоль ДУК, намеснік старшыні аблсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Уладзімір МАШЭРА і дырэктар філіяла «Галубічы» Глыбоцкага мясакамбіната Ігар ВАЙЦЯХОВІЧ абмяркоўваюць перспектывы жывёлагадоўчай галіны

Тым не менш, на думку старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, прырост прадукцыі на 5—10 працэнтаў сітуацыю змяняе мала. Каб забяспечыць жыццяздольнасць шэрагу гаспадарак, без праблем набываць сродкі аховы раслін, паліва, абнаўляць машынна-трактарны парк, выплачваць своечасова зарплату, разлічвацца з банкамі па крэдытах, патрэбна як мінімум даваць прадукцыі ў два разы больш. Менавіта такая задача і пастаўлена перад аграрным сектарам рэгіёна. І не толькі пастаўлена, але і намечаны канкрэтныя шляхі яе вырашэння.

Так, у вобласці ёсць 50 гаспадарак, якія валодаюць пятай часткай усёй зямлі, а атрымліваюць усяго 5—6 працэнтаў прадукцыі. У некаторых з іх надой ад каровы за паўгоддзе не дасягнуў нават тоны. У Гарадоцкім аграсэрвісе, напрыклад, ён склаў толькі 915 кілаграмаў. 

Дзе выйсце? Неўзабаве ў падобных сельгаспрадпрыемствах будзе зроблена «перазагрузка»: статак перададуць у тыя гаспадаркі, дзе ёсць усе ўмовы для атрымання высокіх надояў — прафесійныя кадры, добрая кармавая база, адпаведныя памяшканні. Гэта актуальна яшчэ і таму, што ў частцы раёнаў ёсць не да канца запоўненыя даільныя залы.

Асобным гаспадаркам і ўвогуле будзе рэкамендавана з малочнай галіны поўнасцю перайсці на мясную.

Якраз у гэтым накірунку — вырошчвання бычкоў — Віцебшчыну чакаюць найбольшыя перамены. Стаўка зроблена на развядзенне мясных парод жывёлы: абердзін-ангусаў, герафордаў, шаўрале і іншых, якія даюць да двух і больш кілаграмаў сярэднесутачнага прыбаўлення ў вазе, а тэрмін іх інтэнсіўнага вырошчвання ў два разы меншы, чым у звычайнай жывёлы.

Для гэтага ў рэгіёне, па словах намесніка старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзіміра Машэры, ёсць добрая стартавая пляцоўка. Па-першае, неабходныя памяшканні: на адкормачных комплексах не запоўнены яшчэ 11,8 тысячы месцаў. Па-другое, значна паляпшаецца кармавая база. 

Нягледзячы на засуху, вобласць назапасіла кармоў на ўзроўні мінулага года і працягваецца іх нарыхтоўка. І, нарэшце, самае галоўнае: створана даволі моцная племянная база.

Дзеля справядлівасці зазначу, што ў некаторых гаспадарках Віцебшчыны і дагэтуль даволі паспяхова займаліся мясной жывёлагадоўляй. Так, філіял «Галубічы» Глыбоцкага мясакамбіната яшчэ ў 2008 годзе закупіў у Венгрыі каля двух з паловай дзясяткаў цялушак пароды герафорд. Потым дабавіў яшчэ 74 з ААТ «Ліпаўцы» сваёй вобласці. З таго часу там вырасцілі і здалі паўтысячы быкоў на свой мясакамбінат і амаль столькі ж маюць зараз. Сабекошт мяса на 30 працэнтаў меншы толькі дзякуючы пароднасці. Але пакуль што філіял не мае спецыяльнай адкормачнай пляцоўкі, таму і прыбаўленні ў вазе, хоць адны з самых высокіх у вобласці — 834 грамы ў суткі, — але гэта ўсё ж не два кілаграмы.

У бліжэйшы час у рэгіёне плануецца стварыць магутныя адкормачныя пляцоўкі па вытворчасці мясной ялавічыны. Глыбоцкі раён павінен стаць своеасаблівым палігонам, дзе будуць выпрабаваны пілотныя праекты. Тут мала што трэба дабаўляць. Толькі пабудаваць тую ж адкормачную пляцоўку, а на мясакамбінаце, рэканструкцыя якога заканчваецца сёлета, абсталяваць дадаткова апарвачную камеру. 

saulich@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter