На святочнай сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны ў Іркуцку, выступаў Моладзевы клуб “Крывічы”

Ад Лоева да Іркуцка

На святочнай сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны ў Іркуцку, у Абласной бібліятэцы імя Івана Малчанава-Сібірскага, выступаў Моладзевы клуб “Крывічы”

У рэдакцыю прадаўжаюць паступаць паведамленні з розных краін пра ўдзел беларускіх суполак у святочных мерапрыемствах у гонар юбілею Вялікай Перамогі. У прыватнасці, Алег Рудакоў з Іркуцка напісаў: у Абласной бібліятэцы імя Івана Малчанава-Сібірскага напярэдадні Дня Перамогі ладзілася прэзентацыя кнігі беларускага ваеннага гісторыка Фёдара Свінтыцкага “Лоеўскі плацдарм”. “Аўтар кнігі — прафесійны ваенны, падпалкоўнік у адстаўцы і ўдзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, цяпер выкладае ў адной з ВНУ Магілёва, — удакладняе Алег. — Кніга напісана на аснове шматлікіх дакументаў з Цэнтральнага архіва Мінабароны Расіі ў Падольску, у тым ліку паводле дакументаў трафейных, якія там зберагаюцца”. 

На сустрэчы з ветэранамі выступаюць іркуцкія “Крывічы”
На сустрэчы з ветэранамі выступаюць іркуцкія “Крывічы” 

Чаму, аднак, Фёдара Свінтыцкага зацікавілі падзеі ваеннага часу пад беларускім горадам Лоевам, што стаіць на Дняпры? Вось што казаў на гэты конт сам аўтар манаграфіі: “Вызваленне Беларусі пачалося на Гомельшчыне, з пасёлка Камарын Брагінскага раёна, які быў вызвалены 22-23 верасня 1943 года. Аднак стварыць там плацдарм для далейшага прасоўвання, развіцця наступлення не ўдалося. Гэта было зроблена ў Лоеве. Рашэнне Ракасоўскага перакінуць войскі ад Гомеля да Лоева і менавіта там пачаць аперацыю можна лічыць геніяльным”.

Святочную сустрэчу ў абласной бібліятэцы горада ладзілі Прадстаўніцтва Міністэрства замежных спраў Расіі ў Іркуцкай вобласці і Міністэрства культуры вобласці. Ганаровымі гасцямі на прэзентацыі кнігі былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і тыя, хто прымаў удзел у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ваяваў на Беларускіх франтах. Душэўную, непаўторную атмасферу ў перадсвяточны дзень стваралі ўдзельнікі Моладзевага клуба “Крывічы”. Алег Рудакоў напісаў, што яны віталі ветэранаў і выканалі некалькі беларускіх народных песень, у тым ліку і рэкруцкіх.
Звяртаем увагу актывістаў беларускіх суполак замежжа: цяпер у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ўдакладняюцца факты, збіраюцца звесткі пра нашых супляменнікаў, якія здзейснілі подзвігі, былі камандзірамі буйных воінскіх падраздзяленняў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Такія дадзеныя, аднак, будуць няпоўнымі, калі не ўлічыць: беларусы па родавых каранях прызываліся, ішлі на вайну не толькі з Беларусі. У прыватнасці, у складзе знакамітых сібірскіх палкоў, якія абаранялі Маскву, таксама было шмат нашых супляменнікаў. Тысячы беларускіх сыноў пайшлі на франты з сем’яў беларусаў-перасяленцаў, якія жылі ў Расіі, Украіне, Казахстане ды іншых савецкіх рэспубліках. Пішыце ў рэдакцыю пра такіх людзей: іх баявая слава — гэта гонар і слава і нашай Бацькаўшчыны. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter