Ад Койданаўскай да Бернардзінскай. Вуліцам у цэнтры горада вернуць гістарычныя назвы.

Такую пастанову прыняла камісія па найменаванні
і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак горада Мінска. Цяпер слова — за гарсаветам.
Тым часам усе старыя-новыя назвы ўжо ўзгоднены са сталічнымі ўладамі. Дастаткова сказаць, што пасяджэнне камісіі вёў яе старшыня Міхаіл Ціцянкоў, намеснік старшыні Мінгарвыканкама.
Вырашана, што Камунальная набярэжная, вуліцы Вызвалення, Герцэна, Дзімітрава, Віцебская і Рэвалюцыйная зноў загучаць, як у XIX — на пачатку ХХ стагоддзя: Траецкая набярэжная, Уваскрасенская, Бернардзінская, Пятніцкая, Няміга-Ракаўская і Койданаўская. Безыменны праезд каля хлебазавода № 1 стане Юр’еўска-Завальным.
Прафесар Адам Мальдзіс, намеснік старшыні камісіі па найменаванні і перайменаванні, лічыць, што ўвогуле ў Старым горадзе Мінска павінны быць адроджаны больш за дваццаць спрадвечных назваў вуліц.
Між тым камісія прыняла яшчэ адно прынцыповае рашэнне: як гаворыцца ў яе пастанове, “прывесці ў адпаведнасць” назву станцыі метро “Плошча Леніна” з найменнем размешчанай над ёй плошчы Незалежнасці. Пакуль што дыктар у электрапаяздах
яшчэ аб’яўляе: “Станцыя “Плошча Ленiна”, выхад да чыгуначнага вакзала i плошчы Незалежнасцi”. Блытаніна мае быць ліквідавана. Станцыя метро атрымае імя “Плошча Незалежнасці”, якое яна, зрэшты, ужо мела ў 90-я гады мінулага стагоддзя.
І яшчэ адну цікавую пастанову прынялі тапанімісты. Безназоўны сквер каля аўтавакзала Усходні атрымаў імя персідска-таджыкскага паэта і мудраца Амара Хаяма.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter