Какие книги на религиозную тематику готовит к выходу издательство «Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки»

Ад кнігі — да духоўнасці

Энцыклапедычны даведнік «Жыровічы. Свята-Успенскі мужчынскі манастыр» убачыць свет у красавіку ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Фота Сяргея Міцэвіча

Выхад кнігі будзе папярэднічаць святкаванню 500-годдзя Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра і 550-годдзя Жыровіцкай іконы Божай Маці. 200 артыкулаў у багата ілюстраваным выданні на беларускай, рускай і англійскай мовах раскажуць аб гісторыі і сучаснасці манастыра, не застанецца ўбаку і аграгарадок Жыровічы.

Манастыр цягам ­стагоддзяў быў цэнтрам хрысціянскага паломніцтва, месцам, куды накіроўваліся пакаленні праваслаўных беларусаў, каб пакланіцца святыні, задумацца аб вечным і сваім прызначэнні ў жыцці.

— Сёлета запланавана серыя мерапрыемстваў, прысвечаных юбілейным датам, — адзначыў прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі і Мінскай духоўнай семінарыі Аляксандр Слесараў. — 20 мая чакаецца прыезд у Жыровічы Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Ён наведае манастыр у дзень, калі праваслаўная царква здзяйсняе малітвенны і богаслужэбны ўспамін пра Жыровіцкую ікону Божай Маці. Да знакавых дат прымеркаваны выпуск шэрагу выданняў, арыентаваных на асэнсаванне ролі Жыровіцкага манастыра ў гісторыі і культуры краіны. Адным з самых адметных стане энцы­клапедыя «Жыровічы. Свята-Успенскі мужчынскі манастыр».

Як падкрэсліла дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Ваніна, у кнізе будзе расказана пра манастыр як аснову высокай духоўнасці і пра Жыровіцкую ікону Божай Маці як унікальную нацыянальную святыню, прызнаную праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі цудатворнай.

У гэтым годзе ў выдавецтве ўбачыць свет кніга «Храм-помнік зямлі Белай Русі», якая раскажа пра ўнікальны Мінскі храм-помнік у імя Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія служылі выратаванню Бацькаўшчыны. Да Дня беларускага пісьменства, які сёлета прымуць Бялынічы, рыхтуецца да выдання кніга Міхася Карпечанкі «І Маці Божай памалюся», прысвечаная адной з хрысціянскіх святынь Беларусі — Бялыніцкай іконе Божай Маці, вядомай з 1623 года.

— Тэматыка кніг, якія выдавецтва рыхтуе да знакавых дат, нясе ў сабе яшчэ і глыбокі філасофскі сэнс, — адзначыла Вольга Ваніна. — У іх будуць закрануты пытанні маралі, светапогляду, стаўленне да такіх вечных каштоўнасцей, як справядлівасць, шчасце, цэннасць чалавечага жыцця.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter