Сёлетні “М@rt.кантакт” здзівіць жанравым багаццем і шырокай геаграфіяй удзельнікаў

Ад класічнай драмы да сучаснага балета

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум пройдзе ў Магілёве з 21 па 27 сакавіка і прадставіць аж 20 спектакляў з дзевяці краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Малдовы, Балгарыі, Арменіі, Украіны і Германіі. У праграме ў асноўным класіка, аднак у досыць арыгінальнай форме.

Сталыя гледачы “М@rt.кантакта” ўжо прывыклі да таго, што ўдзельнікі форуму здзіўляюць іх новымі падыходамі і эксперыментамі. Вось і сёлета яны ўбачаць, як “Майстра і Маргарыту” Міхаіла Булгакава сыграюць польскія лялькі, “Шынель” Мікалая Гогаля перакажуць на сцэне два балгарскія клоуны-эксцэнтрыкі, а сярод герояў “Варшаўскай мелодыі” ад чарнігаўскіх артыстаў з’явіцца мім-купідон. У праграме фестывалю заяўлены спектаклі самых розных жанраў: мюзікл, монаспектакль, сучасны балет, класічная драма і іншыя. А гэта значыць, што кожны госць фестывалю зможа знайсці спектакль па душы і жаданню.

Акрамя таго, жадаючыя змогуць прыняць удзел у абмеркаваннях спектакляў і прэс-канферэнцыях з удзелам крытыкаў, наведаць выставу маладых мастакоў-сцэнографаў майстэрні народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана. Традыцыйна ў рамках форуму пройдуць майстар-класы, падрыхтавана спецыяльная праграма для маладых акцёраў і рэжысёраў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter